Выбрать главу

Скарб сардэчны — вось багацце, ды не кожны можа мець!

Абяцанням паланянкі кожны з еўнухаў паверыў.

Даў ён раб сваё адзенне, дапамог перапрануць.

Калі ў зале ўсе сп'янелі, дзева выбегла праз дзверы,

І не змог дракон пачварны месяц ясны праглынуць.

Хто куды, за ёю слугі паўцякалі ўслед употай.

Раптам чую: аклікае хтосьці ціха з-за акна.

Я пабегла ёй насустрач, абняла сваю ясноту,

Ды зайсці, хоць на хвіліну, не пасмела ў дом яна.

«Падарунак твой,— сказала,— адкупіў мяне ад варты.

Я маліцца богу буду, каб табе аддзячыў ён.

Дай каня хутчэй, паеду, больш марудзіцца не варта,

Цар, дазнаўшыся, за мною вышле войска наўздагон».

Я адразу, не чакаўшы, прывяла каня са стайні,

І ў сядло дзяўчына села з горда ўзнятай галавой.

Захад сонца так знікае ў сузор'і Льва звычайна,

Так прапала, не даспеўшы, плёну добрага жніво.

Горад войска акружыла, сталі ўсюды гойсаць коні,

Неўзабаве верхавыя ўварваліся ў наш дом.

«Калі знойдзеце ўцякачку,— я сказала,— па закону

Галавою адкажу я перад тронам і царом».

Не знайшлі яе і следу, хоць аблазілі ўсе сховы.

На цара і на прыдворных лёг журботы змрочны цень.

Крэп жалобны ўсе надзелі замест сукняў пурпуровых,

Быццам хмары пахавалі сонца яснага прамень.

Пра дзяўчыну покуль годзе! Што было, скажу, са мною.

Чачнагір — вяльможа юны, прыгажун быў — проста цуд!

Ён казлом маім быў добрым, я была яго казою.

Так, распуста жонку ганьбіць, мужа губіць — перапуд.

Быў мне муж нялюбы, кволы, як пасля цяжкой хваробы,

Чачнагір жа быў прыгожы, пры цары служыў даўно.

Хоць любіла я вяльможу — не нашу па ім жалобы,

Кроў яго мне ўсё здаецца, быццам моцнае віно.

Палюбоўніку пра дзеву ўсё сказала я, дурніца,

Як яна ўцякла адважна, як яе і след прастыў.

Пагражаў ён часта выкрыць гэту нашу таямніцу,

Ды цяпер, табой забіты, для мяне ён — гук пусты.

Паспрачаемся — адразу пагражаў ён мне ад злосці.

Неяк ездзіў ён кудысьці, я ж паслала па цябе.

Ён вярнуўся. Я ж ад страху, што ў мяне сустрэне госця,

Загадала, каб слуга мой да цябе з той весткай бег.

Ты ж, мяне не зразумеўшы, завітаў, як ясны сокал;

Потым ён, як звер драпежны, нечакана ўбег у дом.

Я спалохана стаяла, не спускала з яго вока,—

Смерці ён жадаў мне сэрцам, а не толькі языком.

Калі б ты, мой госць цудоўны, не прыкончыў злога ката,

Ён бы ўсё цару са злосці патаемна разбубніў.

Цар, разгневаны дашчэнту, дом спаліў бы мой багаты,

Пакараў бы лютай смерцю і дзяцей маіх пабіў.

Чым аддзякаваць магу я? Памажы мне ў гэтым, божа,

Больш пужаць мяне не будзе крыважэрны, хцівы гад.

Свой шчаслівы лёс жаночы толькі зараз бачу, можа:

Абмінула смерць; каханне, прадчуваю, ладзіць лад!»

Аўтандзіл сказаў: «Спрадвеку толькі мудрасць праўду мерыць:

Вораг з ворагаў найгоршы, хто, як друг, увойдзе ў дом.

Тайну сэрца не раскрыўшы, мудры хлусу не паверыць.

Той цяпер жыхар бяздоння, хто плаціў за ласку злом!

Раскажы, якія весткі аб каханай ты сабрала,

Дзень і ноч я аб сустрэчы бога добрага малю».

Тут Фацьма замест адказу нечакана зарыдала:

«Знікла сонца, што праменнем упрыгожвала зямлю!»

ФАЦЬМА РАСКАЗВАЕ АЎТАНДЗІЛУ ПРА ТОЕ, ЯК НЕСТАН-ДАРАДЖАН ТРАПІЛА Ў ПАЛОН ДА КАДЖАЎ

Лёс пракляты! З д'яблам толькі ты зраўняешся маною!

Хто твайго каварства межы мог адолець хоць бы раз?

Што зрабіў ты з той, што сонца зацьмяваць магла сабою?

Бачу: ўсё на свеце тленам стане ў вызначаны час.

Зноў Фацьма апавядала: «Знікла сонца, што свяціла

Над маім жыццём і домам сваім ласкавым святлом.

З той часіны я губляю на агні пакутным сілы,

Слёзы лью крынічнай плынню, кленучы нядолі зло.

Мне абрыдла ўсё на свеце, мне нямілы сталі дзеці,

Днём я мару аб красуні, ўночы сніцца мне яна.

А Усен, што здрадзіў клятве, знік з вачэй, блукае дзесьці;

Чым дзяліць з брыдою ложак, застануся лепш адна.

Неяк ціхім надвячоркам, калі захад стаў ружовым,

Я праходзіла прадмесцем, дзе ўбаку стаяў шынок.

З жалем дзеву прыгадала, і зляцелі з вуснаў словы:

«Хто мужчынскай клятве верыць — кліча той бяды знарок!»

Бачу: раб з трыма сябрамі ўваходзіць у харчэўню;

Раб па-ратнаму адзеты, тыя — ў грубае радно.

Накупляўшы страў на драхму, елі ў смак. І ў час вячэрні

Палілася ў іх гаворка, мне было ўсё чутно.

Гаварыў адзін: «З дарогі адпачыць нам — асалода.

Мы сышліся ў гурт адзіны, ўсе чужыя між сабой.

Дык няхай раскажа кожны пра сваё жыццё й прыгоды,

Раз адна звяла дарога пад агульнаю страхой».

Пацяклі апавяданні; і калі чарга прыспела,

Раб сказаў: «Кіруе намі воля бога з вышыні.

Вы тут слоў кідалі проса, я ж пасею толькі перлы;

Той уцяміць мае словы, хто не любіць балбатні.

Я адданы раб і воін ўладара ўсяе Каджэці,

Ды хваробаю цяжкою падкасіла смерць цара.

Шмат дабра рабіў ён людзям. Засталіся ў яго дзеці,

І сірот на выхаванне ўзяла яго сястра.

Дулардухт — царыцу звалі — кіравала ўсёй краінай,

І ніякі вораг блізка падысці да меж не смеў.