Выбрать главу

«Любы мой! Радкі прызнання я сваёй рукой пісала,

Быў пяром мне стан мой гнуткі, а чарнілам жоўць і кроў.

А паперай — тваё сэрца, што з маім сама з'яднала.

Дык нашто ты рвешся, сэрца, з тых чароўных ланцугоў?

Бачыш, любы, свет існуе скрозь няпраўдаю адною!

Як бы сонца ні свяціла — праглыне яго імгла.

Мудрацы, жыццё пазнаўшы, асудзілі ўсё зямное!

Гора мне! З табой разлука ў труну ледзь не звяла.

Разлучылі нас з табою свет і час, даўно пракляты.

Радасць нам не давялося ў згодзе між сабой дзяліць.

З сэрцам, што тваім каханнем, як кап'ём, наскрозь працята,

Што зраблю я? Хай твой розум дасць параду, як мне быць!

Я клянуся сонцам светлым, што не марыла жывога

Напаткаць цябе і сілам я не верыла сваім.

Зараз я ад шчасця плачу, праслаўляю літасць бога,—

Гора знікла, стала дыхаць я з табой жыццём адным.

Мне яно надзеяй свеціць, больш нічога і не трэба,—

Хоць параненае сэрца спапяліў агонь нягод.

Пра мяне ўспамін сардэчны хай табе згадае неба,

Я ж кахання рунь жывую зберагу ад непагод.

Што яшчэ ў пісьме скажу я, мой каханы і адзіны?

І язык стаміцца можа, і паверыць цяжка ў зло.

Мне Фацьма дала ратунак — вызваленне з рук двух злыдняў,

А цяпер па волі лёсу зноў няшчасце надышло.

Спалучыўшы з горам гора, свет дадаў пакут мне болей,—

Палічыў, відаць, што мала ён няшчасця мне прынёс:

Я да злых і дужых каджаў зноў патрапіла ў няволю.

Бачыш, любы, не шкадуе нам сваіх праклёнаў лёс!

Я сяджу ў высокай вежы, недасяжнай нават воку,

Патаемны ход пільнуюць вартавыя дзень і ноч,—

Далятаюць гулкім рэхам да мяне цяжкія крокі,

Смерць нясуць яны любому, хто прайсці сюды ахвоч.

Ты не думай, што іх войска ваяваць па-людску здольна!

Не шукай бяды,— загінеш, значыць, больш і мне не жыць.

Калі ўбачу нежывога — я згару, як трут, павольна;

Будзь скалы цвярдзей, трымайся, да спаткання каб дажыць!

Ты адкінь, каханы, думку, што, знясіленая горам,

Станам зграбным, як таполя, дастануся каджам злым;

Без цябе я жыць не буду, не зламлюся я ў пакоры,—

Або нож пратне мне сэрца, або рыну са скалы.

Сонцам я клянуся — месяц твой другому не засвеціць,

Хоць прыйшлі б тры сонцы разам, каб красу яго сустрэць.

Лепш я кінуся ў бяздонне,— хай спрадвечны змрок прывеціць,

Хай душа ўзляціць на крылах,— ты ж даруй мне гэту смерць!

За мяне маліся богу, каб паслаў мне вызваленне,

Каб не даў ператварыцца пачуццю ў агонь і тло,

Каб мне крылы даў узняцца і тваім зрабіцца ценем,

Сузіраць цябе, нібыта сонца яснага святло.

Без цябе не будзе сонца, бо ты сам яго часцінка.

Неаддзельны спадарожнік, ты навекі зліты з ім!

Вобраз твой я ў ім убачу — задрыжыць слязы расінка;

Горка мне жылося — стань жа, смерць, салодкім сном маім!

Я, душу табе аддаўшы, смерці ў твар без страху гляну;

Але вечна ў нашых сэрцах дух кахання будзе жыць.

Хоць разлука ранай свежай да другой кладзецца раны,

Ты не плач па мне, каханы, памяць сэрца зберажы.

Лепш у Індыю спяшайся, бацька там без дапамогі

Не адолее асады ордаў ворагаў ліхіх.

Падтрымай яго ў нядолі, за мяне пазбаў трывогі,

Пра мяне згадай, пра рэкі несціханых слёз маіх!

Наракаць на долю годзе! Досыць скаргаў і праклёнаў!

Ведай: з сэрца — проста ў сэрца слова праўды пападзе.

За цябе памру — хай трызну мне пракаркаюць вароны,

Я жывая — буду плакаць па табе ў цяжкой нудзе!

На ўспамін я шлю істужку ад падоранага шаля,

Ты калісь, як знак кахання, мне той шаль з вайны прывёз.

Хай згадае нашы мары ён табе ў хвіліну жалю,—

Закружылася над намі кола ўсіх сямі нябёс!»

Дзева скончыла пасланне, перапоўненае смуткам,

І адрэзала ад шаля на ўспамін адзін шматок.

Абвілі, як змеі, плечы валасоў тугія скруткі,

І, нібы з таполі стройнай, пах даносіўся здалёк.

Чорны служка з Гуланшара зноў памчаўся ў дарогу

І Фацьме дакладна ў тэрмін вестку гэтую прынёс.

Пра палонную пачуўшы, Аўтандзіл уславіў бога,—

Поўны ўдзячнасці і шчасця, ён праліў нямала слёз.

Ён сказаў Фацьме: «Я рады, што збылася гэта справа.

Чым аддзякую табе я за стараннасць і дабро?

Ехаць трэба мне адразу да таго, хто з гордай славай

Разаб'е праклятых каджаў, нібы з неба грозны гром».

«Леў,— Фацьма яму сказала,— стаў агонь крыві пажарам,

Больш святло не льецца ў сэрца — прадчуваю змрок нуды.

Але ты павінен ехаць, затрымаць цябе не мару,

Бо раней прыбудуць каджы — не адолець іх тады!»

Віцязь склікаў слуг адданых, што належалі Прыдону,

І сказаў: «Ад сна нябыту ўсе мы зараз ажылі.

Доўга весткі мы чакалі — маем мы яе сягоння:

Час прыйшоў, і будзе вораг кроў сваю няшчадна ліць!

Перадайце гэту вестку вы свайму цару Прыдону,

Я спяшаюся і зараз немагчыма стрэцца нам.

Хай склікае гучным клічам войска вернага калоны.

А цяпер усё, што маю, вам да каліва аддам.

Паслужылі вы мне добра, вам я многа вінаваты:

Як сустрэнуся з Прыдонам — ўсё да рэшты заплачу.

А цяпер бярыце скарбы, што здабыў я ў піратаў,

І скупым не палічыце, скнарай быць я не хачу!»