Карабель аддаў багаты, з ім тавары ўсе і рэчы,
Хоць быў сам ён на чужыне і не меў багаццяў шмат.
Загадаў: «Цару Прыдону вы пры першай жа сустрэчы
Гэты скрутак перадайце, я пісаў, як брату брат!»
ПІСЬМО АЎТАНДЗІЛА ДА ПРЫДОНА
Ён пісаў: «Прыдон магутны, цар шчаслівы над царамі,
Сілай сэрца — леў сапраўдны, сонца нашага краса!
Кроў варожую чужынцаў льеш ты ў бойцы ручаямі!
Я, твой брат малодшы, гэта прывітанне напісаў.
За няшчасці ўзнагароду атрымаў я цалкам сёння:
Ўсё, аб чым я доўга марыў, да мяне цяпер прыйшло.
Я дазнаўся, што царэўна чэзне ў каджаў у палоне,
Што было б ільву ўцехай, калі б шчасце іх звяло.
Сонца тое бляск губляе, бо жыве ў высокай вежы,
Нам туды дайсці не цяжка па акрутных схілах гор.
Лье з нарцысаў дождж крыштальны, з ружы вее пахам свежым.
Хоць не шмат там зараз каджаў, але пільны іх дазор.
Сум развеяўся мой цяжкі, я ад шчасця толькі плачу.
Там, дзе ты і брат старэйшы,— не прадбачыцца нягод.
Бо заўсёды сустракала ў кожнай справе вас удача;
Што вам вораг? Перад вамі не існуе перашкод.
Ты прабач, што не заеду, ў іншы бок мая дарога,
Вызваляць хутчэй красуню павяду я свой атрад.
Буду рад з табой і братам я сустрэцца без трывогі.
Што яшчэ табе скажу я? Памажы, як брату брат!
Заплаціць рабам пакорным я дасюль не мог як трэба,
Тым усцешу, што служылі мне яны ўсёй душой.
Хто з табой быў разам, варты пахвалы самога неба.
«Добры — добрых нараджае»,— мудрасць кажа нам парой!»
І, пісьмо скруціўшы ў скрутак, перадаў слузе Прыдона.
Сам, нібы фіялка з ружай, дзіўным колерам заззяў.
І дадаў, каб перадалі вусна ўсё, што ім вядома;
І блішчалі перлы-зубы між каралавых апраў.
Карабель знайшоў ён хутка з Тарыэлевай мясціны,
Зноў падаўся ў дарогу — сонца яснага святло!
Пакідаў Фацьму з журбою — так шкада было жанчыны;
На праводзінах нямала слёз гарачых там цякло.
І Усен з Фацьмой, і слугі — ўсе няўцешна галасілі:
«Сонца наша, ты заўсёды слаў праменнае святло!
Дык чаму разлукі цемру пасылаеш з небасхілу?
Без цябе, нібы ў магіле, вочы ўсцеле нам імглой».
АД'ЕЗД АЎТАНДЗІЛА З ГУЛАНШАРА І СУСТРЭЧА ЯГО З ТАРЫЭЛЕМ
Пераплыўшы цераз мора, Аўтандзіл прыстаў да сушы,
І ў настроі ціхамірным ехаў верхам ён далей;
З весткай радаснай, гаючай на сустрэчу з другам рушыў,
Уздымаў да неба рукі ў маленні і хвале.
А вясну змяніла лета, стракацелі ў лузе краскі,
Надыходзіў росквіт ружаў, набліжаў спаткання час.
Перасек сузор'е Рака сонца шлях агністым бляскам,
Уздыхаў глыбока віцязь, хоць агонь вачэй не гас.
Трос нябёсы гул грымотаў, з хмар ліліся рос крышталі,
Ружай вуснаў ружу-кветку стаў ён палка цалаваць,
Гаварыў: «Сваёй красою ты мне тую нагадала,
З кім я мару, як з табою, дзень шчаслівы напаткаць».
З думкай добрай пра сабрата праліваў ён слёз нямала,
Пракладаў свой шлях нялёгкі да няходжаных мясцін
Праз магутныя дубровы, рэкі шпаркія і скалы,
Паляваў на львоў і тыграў у прывозерным трысці.
Ён здаля пячору ўбачыў і сказаў: «Мой мілы дружа,
Тут з табой мы бедавалі, разам слёзы тут лілі;
Весткай шчаснай разганю я дум тваіх самотных сцюжы,
А няма цябе — дарэмна, значыць, пошукі былі.
Толькі ён наўрад ці будзе бавіць час у адзіноце,
Пэўна гойсае па стэпу, як загнаны дзікі звер;
Лепш паеду я тудою, дзе шумяць вятры ў чароце».
І пусціў каня праз рэчку, праз асокі ды аер.
Ехаў віцязь памаленьку, а душа ў яго спявала,
Клікаў друга ён уголас — рэха слалася наўсцяж;
Раптам бачыць, нібы сонца над гушчарнікам заззяла,—
Тарыэль абліччам светлым там стаяў сярод трысця.
Побач леў ляжаў забіты — бездыханная ахвяра,—
Па лязу мяча сцякала кроў гарачая яго.
Тарыэль пачуў той вокліч, што ляцеў, як гром з-за хмары,
Схамянуўся, распазнаўшы друга вернага свайго.
Меч адкінуў і насустрач паляцеў да пабраціма,
Той з каня саскочыў шпарка, тварам сонца зацямніў.
І сплялі крыж-накрыж шыі пацалункамі сваімі —
Гук пялёсткаў спелых ружаў саладзейшы мёду быў.
І гучалі красамоўна Тарыэля нараканні,
Чырваніў ён слёзнай плынню веек стрэльчаты агат:
«Без цябе хіліўся долу, як альяс, я, стройны станам,
Прэч зляцелі жаль і смутак, як з табой сустрэўся, брат!»
Аўтандзіл на скаргі тыя адказаў усмешкай яснай —
Праз каралы вуснаў ззялі перлы чыстыя зубоў:
«Вестку добрую прынёс я — вырак лёсу нам не страшны,—
Тая ружа, што завяла, зацвіла цяпер ізноў».
Тарыэль сказаў: «Даволі мне й таго, што ты са мною,
Ты прынёс душы ўцеху, камень важкі з сэрца зняў,
Хай жаданняў нашых мэта прамільгнула стараною;
Што чакаць дарэмна шчасця, калі бог яго не даў!»
Аўтандзіл здзівіўся вельмі недаверу Тарыэля,
І паспешна ад палоннай ён пасланне перадаў,
Разам з ім істужку шаля. Той узяў усё нясмела,
Паглядзеў і здрыгануўся, бо пазнаў свой даўні дар.
І, дашчэнту ўсхваляваны, прытуліў ён іх да твару,