Выбрать главу

Аўтандзілу і Прыдону на зямлі не знойдзеш роўных,

Хто паспеў бы з Тарыэлем скрыжаваць свае мячы?

Бо святло ярчэйшых зорак цьмяніць сонца ўсё роўна...

Вось паслухайце, расказу я свайму раблю пачын:

Тры ўваходы падзялілі, кожны ведаў месца бою,

Трыста воінаў за імі ў тры атрады ўвайшлі.

Ноч стаялі ў дазоры, не парушыўшы спакою,

А на золку са шчытамі ўсе гатовыя былі.

Як вандроўнікі, спачатку йшлі павольнаю хадою,

Вартавыя не зважалі, з варт не сходзячы сваіх,

Бестурботна пільнавалі сон спакойны за сцяною.

Раптам віцязі, надзеўшы шлемы, рушылі на іх.

Стрымгалоў ляцелі коні, слаўся пошчак бізуновы,

Вось ужо вароты блізка, скрыжаваліся мячы.

З трох бакоў ішла атака, ў сечы падалі галовы,

Гулка білі барабаны, гралі ў трубы трубачы.

Бог угневаўся на каджаў і паслаў ім з неба кару,

Засланіў пахмурны Кронас зіхатлівы сонца бляск,

З небасхілу цень крывавы лёг на змрочныя абшары,

Горы мёртвых не змяшчала паміжгорная зямля.

Гучны голас Тарыэлеў абуджаў спалох жахлівы;

Ён ірваў кальчугі, латы, шлемы ён мячом крышыў.

З трох бакоў браты ў запале наступ свой вялі імклівы,

Кожны злыдням слаў пагібель, суд крывавы свой вяршыў.

Аўтандзіл ільва Прыдона напаткаў у бойцы грознай.

Вораг быў нашчэнт разбіты, скрозь цякла ракою кроў.

Тут сябры, наўкол зірнуўшы, пачалі гукаць трывожна:

«Тарыэле, адгукніся!» Але той не чуў сяброў.

Не знайшлі яго, хоць двойчы прабіваліся да брамы,

Аніхто не адгукнуўся, бо нікога не было;

Скрозь абломкі зброі, латаў бразгаталі пад нагамі,

Дзесяць тысяч злой пачвары ў гэтай бойцы палягло.

Паляглі, нібыта пошасць іх дадолу паваліла,

Целы ў ранах і кальчугі параздзёрты на шматкі,

Брамы звалены з завесаў незвычайнай нейкай сілай,

І сябры пазналі справы Тарыэлевай рукі.

Узышлі яны на вежу, бачаць: вызваліла сонца

Месяц ясны з вежы цеснай, што ахоўваў люты змей.

Тарыэль стаяў без шлема, дзеву ён туліў бясконца,

Шыя з шыяю спляліся, грудзі ніклі да грудзей.

Мілаваліся ў абдымках, вусны з вуснамі злівалі,

Так злучаецца з Муштарам зорка светлая Зуал,

Так світанне аздабляе кветку-ружу ў колер алы,—

Дзе віселі смутку хмары, шчасця промень там заззяў.

Стан да стану, вусны ў вусны, сэрца з сэрцам у суладдзі,—

Ружа з ружаю спляліся, раз'яднацца не маглі.

Тарыэль сяброў заўважыў, хоць і быў у палкім чадзе;

Перад дзевай у паклоне кожны з іх чало схіліў.

Усміхнулася прыветна дзева віцязям чароўным

І з падзякай прывітала вызваліцеляў сваіх,

Абняла, пацалавала, як братоў адзінакроўных,

Ад сардэчнай іх гаворкі паступова гнеў аціх.

Услаўлялі Тарыэля, што зграбнейшы за чынару;

Кожны шчыра з перамогай віншаваў сваіх братоў;

Ран не меў ніводзін — злыдні сталі помсты іх ахвярай,—

Перад сілаю ільвінай кожны быць ягнём гатоў.

З тых трохсот, што выйшлі ў бойку, палягло каля паловы,

І хоць рад быў перамозе, смуткаваў Прыдон па іх.

Супастаты, што ўцалелі, палажылі ўміг галовы,

Пераможцам засталося безліч скарбаў дарагіх.

На тры тысячы вярблюдаў і ў хадзе трывалых мулаў

Склалі жэмчуг, і смарагды, і сапфіры, і рубін,

Кубкі золата; шаўковым шалем дзеву ахінулі

І, прыставіўшы ахову, пасадзілі ў паланкін.

Засталіся ў цытадэлі шэсцьдзесят байцоў дазору,

А астатнія з царэўнай тут жа рушылі ў паход.

«Хоць і доўгі,— разважалі,— шлях да горада ля мора,

Мы за доўг Фацьме заплацім лепшаю з узнагарод!»

ТАРЫЭЛЬ ПРЫЯЗДЖАЕ ДА ЦАРА МОРАЎ

Да цара паслаў з дарогі Тарыэль ганца з пасланнем:

«Тарыэль я. Сведчу гэтым: перамог у барацьбе

І вязу з Каджэці сонца, што вянчае ўсе жаданні,

Як да бацькі, я імкнуся ўсёй душою да цябе.

Я, ушчэнт разбіўшы каджаў, авалодаў іх краінай.

Цар, за ўсё табе я ўдзячны, гэта ты мне дапамог,

Бо Фацьма была, як маці, сонцу ўцехаю адзінай.

Чым аддзякую табе я? Сам не ўцямлю, бачыць бог.

Праз твае ўладанні еду, прагну я з табой сустрэцца,

Царства каджаў я з падзякай падарыць табе хачу.

Ты ўмацуй цвярдыню гэту, войска хай туды збярэцца.

Сустракай мяне. З нявестай я ў свой родны край лячу.

Загадай Усену, жонку хай прышле ён на спатканне

З той, каго ўратавала ад ліхой бяды яна.

Век Фацьме царэўна ўдзячна за паслугу й спачуванне,

З-за яе турбот, як сонца, ззяе зноў краса-вясна».

Цар, пасланне прачытаўшы, быў глыбока ўсхваляваны,

Вестку радасную гэту ён з прыемнасцю прыняў.

І, хвалу аддаўшы творцу за гасцей доўгачаканых,

На каня ўскочыў тут жа і насустрач паімчаў.

Парашыў згуляць вяселле і набраў дабра багата:

І каштоўнае каменне, і ядваб, і аксаміт.

Дзесяць дзён з Фацьмою разам ехаў ён, нібы на свята,

Рады ўбачыць льва і сонца, добры меч і добры шчыт.

Тры сябры пайшлі насустрач, войска стала на прывале,

Абдымаў і цалаваў іх мораў слаўны гаспадар,

Віншаваў ён Тарыэля, ўсе ў адказ цара ўслаўлялі,

Ззяла дзева маладая, нібы ў небе сонца шар.