Выбрать главу

Сонца свету — Аўтандзіла ў дар прымі ты ад мяне!»

Цар, узрадаваны, слухаў ад ганца паведамленне,

Быў узрушаны глыбока, слова вымавіць не мог.

Цінацін запунсавела рання сонечным ірдзеннем,—

Веек цень на вуснаў лалы, на крышталь аблічча лёг.

Гром літаўраў, барабанаў зліўся з гоманам натоўпу,

Заспяшаліся насустрач войска шчыльныя рады,

Засядлалі коней шпаркіх і памчаліся галопам,

Прывітаць хацеў тут кожны трох герояў маладых.

Цар паехаў верхам, следам палкаводцы паскакалі,

Адусюль людское мора шматгалосае цякло.

Галасы ляцелі ў неба, літасць бога праслаўлялі:

«Хай дабро кіруе намі, хай навекі згіне зло!»

І калі бліжэй пад'ехаў караван, пакрыты пылам,

Тарыэлю задуменна так прамовіў Аўтандзіл:

«Бачыш, хмара наплывае, быццам пыл на небасхіле?

Вось таму палае сэрца, белы свет мне стаў не міл.

Там мой цар — настаўнік, едзе ён паспешна на сустрэчу;

Не пайду туды, мне сорам і душа мая ў агні.

Так, як я, хто мог на свеце страціць гонар чалавечы?!

Памажыце вы з Прыдонам той агонь мне супыніць».

Тарыэль сказаў: «Прыемна, што нясеш цару пашану;

Заставайся тут да часу, я ж пайду туды адзін.

Раскажу яму, якую ты на сэрцы носіш рану,—

Сведка бог — цябе злучу я з ясным сонцам — Цінацін!»

Аўтандзіл шацёр паставіў, сам, як леў, вачамі бліскаў;

Побач з ім — Нестан. Сляпіла вочы ўсім яе краса.

Вейкі так трымцелі квола, нібы іх крануў вятрыска.

Тарыэль сяброў пакінуў, да цара паехаў сам.

З ім Прыдон таксама рушыў па дарозе камяністай.

Цар пазнаў яшчэ здалёку Тарыэля гнуткі стан.

Злез з каня і пакланіўся льву адважнаму ўрачыста,

Па-бацькоўску прывітаўся, ўшанаваўшы царскі сан.

Тарыэль схіліўся нізка, поўны шчырасці і згоды,

Уладар абняў героя і прыціснуў да грудзей.

Цалаваў яго, як сына, ён з вялікай асалодай:

«Сонца — ты, з табой разлука робіць ноччу ясны дзень!»

Цар здзіўляўся з прыгажосці Тарыэлевай ільвінай,

Углядаўся ў твар юначы, сілу рук яго ўсхваляў.

Тут Прыдон з'явіўся слаўны, пакланіўся дабрачынна,

Ды сустрэцца з Аўтандзілам нецярпліва той жадаў.

Тарыэль заўважыў смутак у вачах цара старога

І сказаў: «Табе ўдзячны я ўсім сэрцам і душой.

Я здзіўляюся, як шчыра славіш віцязя чужога,

Ці ж магу я Аўтандзіла замяніць табе сабой?

Не дзівіся, у спазненні Аўтандзіл не вінаваты.

Сядзем лепш у засень дрэва, на расквечаны мурог.

Я скажу табе прычыну, што не ўзяў з сабой сабрата,

Я б хацеў звярнуцца з просьбай, калі б мець дазвол твой мог!»

Селі побач, і дружына стала ратная навокал;

Ззялі вочы ў Тарыэля, быццам водбліскі зарніц.

Розум траціў той, хто бачыў Тарыэля хоць здалёку;

Красамоўна і пачціва стаў з царом ён гаварыць:

«Цар, лічу сябе не вартым быць паслом ад Аўтандзіла.

Я, аднак, прыйшоў з жаданнем просьбай сэрца закрануць:

Я прашу і просіць тая, што падобна да свяціла,

Што праменнем асвятляе ночы змрок, туману муць.

Мы цяпер цябе абое шчыра просім, слёзна молім:

Аўтандзіл, свой боль забыўшы, адшукаў для нас бальзам,

Пра сваё забыў ён гора, нас ратуючы ад болю;

Дакучаць табе, напэўна, не да твару зараз нам?

Дзева віцязя кахае, закахаўся ён у дзеву,

Колькі гора перажыў ён, колькі слёз праліў дарма!

Я, укленчыўшы, ўпрашаю, не знішчай іх сваім гневам,

Ты дачку аддай асілку, бо такіх, як ён, няма.

Больш нічога не скажу я ні каротка, ні працягла».

Тут ён выцягнуў хусцінку, ёю шыю абвязаў.

Ён укленчыў — і ляцелі з вуснаў віцязя асмяглых

Словы просьбы. Выгляд гэты ўсіх пакораю здзіўляў.

Цар сумеўся, як убачыў Тарыэля на каленях,

Адступіўшы, пакланіўся ён да самае зямлі

І сказаў: «Прынёс ты радасць, а яна мільгнула ценем,—

Не хацеў цябе зняважыць — ад таго душа баліць.

Цар, ні ў чым табе адмовіць я ніколі не пасмеў бы!

Я б жыццё дачкі каханай для цябе ахвяраваў.

Ці ў палон аддаў бы. Нават калі б я ўзляцеў на неба,

Аўтандзілу роўных, пэўна, я б і там не адшукаў.

Не знайду я ў цэлым свеце зяця лепш за Аўтандзіла;

Я зрабіў дачку царыцай, царствам ёй і кіраваць.

Ружа толькі расцвітае, мой жа цвет завяў пахілы,—

Дык ці ж буду я пярэчыць, іх каханню замінаць?

Хай дачку рабу якому ты б аддаў — і то б я змоўчаў;

Хто табе адмовіць можа — той ці дурань, ці вар'ят.

Аўтандзіла дарагога хочуць бачыць мае вочы;

Бачыць бог, на шлюб іх шчасны ўсёй душою згодзен я!»

Тарыэль, пачуўшы гэта, быў глыбока ўсхваляваны

І схіліўся нізка долу ён з пашанаю нямой;

Цар таксама пакланіўся ў знак вялікае пашаны —

Кожны быў душой шчаслівы за ўчынак добры свой.

З весткай той да Аўтандзіла на кані Прыдон прымчаўся,

Сам узрадаваны цалкам той шчаслівай навіной.

Да цара павёў ён друга, і, хоць шмат мінула часу,

Той ад сораму вагаўся, апусціўшы позірк свой.

Выйшаў цар яму насустрач — віцязь быў усхваляваны

І, ў руку хусцінку ўзяўшы, светлы твар свой захінуў;

Сонца знікла ў хмарах, ружу ахінула золь туману,