Выбрать главу

Цар цароў з царыцай разам — вы аздоба свету. Рады

Мы насіць, як завушніцу, след — адбітак вашых ног!

Цар, сядзець з табой, як з роўным, мы яшчэ не маем права!»

Так сказаўшы, ён паставіў трон сабе ў ніжэйшы рад.

Цінацін і Аўтандзіла пасадзіў ён злева й справа.

Падарункі Тарыэлю вырасталі, як гара.

Частаваў іх цар арабскі, ўсім быў сябрам і раднёю

І, пра сан забыўшы царскі, сыпаў жарты ў людны круг.

Паланіў усім ён сэрца шчодрай шчырасцю сваёю.

З Цінацін і Аўтандзілам цар Прыдон сядзеў, як друг.

Тарыэля з мілай жонкай — маладых, высакародных,

Нібы зяця і нявестку, адарыў багата ён;

Тых дароў ніхто не змог бы падлічыць і часткі дробнай;

Тут былі: парфіра, скіпетр, дыяменты дзвюх карон.

Тут былі яшчэ: каменняў дарагіх сто сот, не меней,

Тых, што казачныя куры знеслі ў казачных краях;

З галубінае яечка перлаў тысяча адменных,

Коней тысяча гарачых — рослых, нібы гораў гмах.

Ён Прыдону дзесяць кубкаў даў жамчужын нечуваных,

Дзесяць коней асядланых, самых лепшых скакуноў.

Цар індыйскі ў знак падзякі пакланіўся Растэвану,—

Быў цвярозы ён, хоць многа выпіў келіхаў з віном.

Слоў дарма губляць не варта: дні за днямі праміналі,

У банкетах, гульнях розных роўна месяц праляцеў.

Тарыэль прымаў няспынна самацветы, дзівы-лалы;

Кожны з іх, нібы вясёлка, ў бляску сонца зіхацеў.

Тарыэль зрабіўся ружай, што пялёсткі асыпала,

І паслаў ён Аўтандзіла з просьбай шчырай да цара:

«Госцем быў тваім — мне радасць заўжды сэрца суцяшала,—

Але вораг ненажэрны топча мой любімы край.

Трэба веды і ўмельства, каб каварства злое знішчыць,

Бо з мае бяды ты будзеш сам у смутку і журбе.

Мушу ехаць, каб радзіму не застаць у папялішчы,

З божай ласкай я вярнуся да шчаслівага цябе».

Адказаў той: «Нерашучасць не прыносіць людзям славы,

Так рабі, як лепш для справы,— з рук мяча не выпускай!

Аўтандзіл паедзе з войскам, ён паможа біць хатаваў,

Бараніць тваю радзіму ад варожых хцівых зграй».

Аўтандзіл сказаў сабрату пра цара старога згоду.

Адказаў той: «Сціхні, дружа, свой крышталь хавай ад воч.

Як ты, сонца, кінеш месяц, з ім пражыўшы дзень без года?»

Аўтандзіл сказаў: «Дарэмна ты ў падман мяне не ўводзь!

Ты мяне пакінуць хочаш, каб пасля ўпікнуць дакорам:

«Ён кахае моцна жонку — значыць, можа здрадзіць мне!»

Не, з табою разлучыцца — заставацца зноў у горы;

Хто ў бядзе пакіне друга, сам бяды не абміне!»

Смех вясёлы Тарыэля быў як россып крышталёвы:

«Разлучыўшыся з табою, я жыццю не буду рад.

Калі хочаш — едзем разам, і забудзь пра тыя словы!»

Войску быць напагатове Аўтандзіл аддаў загад.

З усяе зямлі арабскай войска дружна сабралося,

Конных восемдзесят тысяч — добра ўзброен кожны быў;

Звон даспехаў харазмійскіх заглушаў капытны лёскат;

Цар стары сагнуўся станам ад бацькоўскае журбы.

Да грудзей адна другую дзве красуні прыціскалі,—

Быццам сёстры, ў час разлукі слёзы горкія лілі.

Даўшы клятву ў дружбе вечнай, абняліся, зарыдалі.

Людзі, бачыўшыя гэта, ўсе разгублены былі.

Калі ў небе месяц срэбны сустракаецца з заранкай,

Дык абое свецяць разам; знік адзін, другой — пара.

Затрымаюцца — дык неба праганяе іх світанкам.

Калі хочаш іх пабачыць — будзь высокі, як гара.

Так, стварыўшы дзве планеты, той, хто сілай неба дужы,

Разлучае месяц з сонцам, як бы горка ні было.

Моцна злітыя абдымкам, лёс разняў абедзьве ружы;

Тых, каго яны пакінуць, не чакае ўжо святло.

«О сястра,— Нестан сказала,— лепш бы нам не сустракацца,

Я б не ведала разлукі, не адчула б горкіх мук.

Дык пішы мне; хоць праз пісьмы будзем мы з табою знацца.

Як згараю па табе я, так і ты па мне сумуй!»

Цінацін ёй адказала: «Сонца, ты чаруеш вока,

Не змагу цябе забыць я, не змагу ў разлуцы жыць,

Знікне сэнс жыцця зямнога, калі будзеш ты далёка.

Столькі дзён жыві на свеце, колькі дзён мне слёзы ліць!»

У астатні раз красуні з пацалункам абняліся.

І Нестан, як ад'язджала, ўсё паглядвала назад,

Каб навек схаваць у сэрцы дарагой сястрыцы рысы;

Пра іх лёс дзесятай часткі я не мог бы расказаць.

Растэван шалеў ад гора, калі віцязяў праводзіў.

«Гора мне!» — крычаў няспынна можа тысячу разоў.

Як струмень жывой крыніцы, слёзны кіпень калабродзіў,

Тарыэль стаяў пануры, сум парошай твар замёў.

Тарыэля-ружу лашчыў цар гарачым пацалункам.

Гаварыў: «З табой разлука — гэта ўсе сто дваццаць мук.

Быў ты з намі — цуд дзівосны, мне цяпер няма ратунку,

Дай ты нам жыцця пачатак, без цябе — канцы ўсяму».

Развітаўшыся, ускочыў Тарыэль на варанога,

Войска ўсё слязьмі журботы арашала дол зямны.

Гаварылі: «Сонца меркне — ты вышэй яго намнога!»

Адказаў ён: «Слёзы, гора — з вамі ў мяне адны!»

ВЯСЕЛЛЕ ТАРЫЭЛЯ І НЕСТАН-ДАРАДЖАН

Тарыэль дасяг вяршыні разам з жонкай маладою:

Сем прастолаў атрымалі,— ў сэрцы, радасць, гучна грай!

Адышлі ў нябыт нягоды — ліха з чорнаю бядою,—

Толькі той адчуе радасць, хто гаркот хапіў праз край!