Вось яны паселі разам, юных двое — сонцу пара!
Ён царом абвешчан. Гучна затрубілі трубачы.
«Ты наш цар!» — усе крычалі. Загрымелі ў лад літаўры,
І ад скарбніцы дзяржаўнай падалі яму ключы.
Крэслы царскія прынеслі Аўтандзілу і Прыдону,
Пасадзілі іх пачэсна, скрозь грымела ім хвала.
Не ствараў яшчэ ніколі бог істот, да іх падобных!
Аб мінулых днях і справах тут гаворка пацякла.
Пілі, елі, балявалі — спраўна слугі ўсім служылі.
Слаўна справілі вяселле — не было такога век!
Падарункамі пароўну ўсіх пазваных адарылі;
Міласцінай абдзялілі бедных, хворых і калек.
Аўтандзіла і Прыдона як збавіцеляў віталі:
«Вы прынеслі шчасце індам!» — пагалоска скрозь ішла;
Іх лічылі ўладарамі, іх жаданням дагаджалі,
Іх наведвалі няспынна, ім пашану кожны слаў.
Тарыэль Асмат заўважыў і прамовіў ёй сардэчна:
«Ты служыла шчыра. Дзеці не паслужаць так бацькам.
Сёмы трон зямлі індыйскай аддаю табе навечна,—
Будзь, шчаслівая, царыцай, паслужы шчаслівым нам!
Ты прыдбай па сэрцу мужа, трону будзе хай апорай.
Ты кіруй разумна царствам, падуладнай будзь маёй!»
Тут Асмат упала ў ногі: «О мой сокал ясназоры,
Не знайсці мне лепшай долі, як рабыняй быць тваёй!»
Тры героі-пабрацімы дні праводзілі шчасліва;
Падарункі дарагія нёс штодня ўдзячны люд:
Скакуноў гарачых колькі! Перлаў колькі зіхатлівых!
Ды тугою па каханай Аўтандзілаў дух быў скут.
Тарыэль заўважыў гэта і сказаў яму спагадна:
«Адчуваю: мне папрокі ў сэрцы носіш ты цішком.
З мук сямі зрабіў ты восем, затужыўшы так няшчадна.
Зноў разлуку шле мне доля і на сэрца гора ком!»
Тут Прыдон пачаў прасіцца: «Час і мне дамоў вяртацца,
Ды таптаць я часта буду сцежку, што вядзе сюды.
Як малодшы са старэйшым, рад з табой заўсёды знацца;
Буду так сустрэчы прагнуць, як у спёку лань вады!»
Тарыэль сказаў: «Я згодзен, калі цягне так дадому!
Ды мяне ты не цурайся, шлях сюды не забывай!»
Аўтандзілу ж ён прамовіў: «Сумна будзе мне, вядома.
Што ж рабіць? Чакае месяц з нецярплівасцю ільва!»
Растэвану ў падарунак футраў шмат паслаў адменных,
Дарагой чаканкі посуд — кубкі, келіхі, каўшы.
«Перадай ты Растэвану ўсё з павагаю нязменнай!»
Той сказаў: «Смяротны холад будзе без цябе ў душы».
Шубку-цуд Нестан паслала Цінацін, сястры названай,—
Іншы хто не варты быў бы мець такі раскошны ўбор! —
Лал паклала ў дадатак, што гарэў іскрыстым ззяннем,
Што свяціўся ў цемры ночы, як праменны водбліск зор.
Развітанне з Тарыэлем апаліла Аўтандзіла,
Горам сэрцы іх смылелі, кожны слёз патокі ліў;
Інды плакалі няўцешна, белы свет ім быў нямілы.
Аўтандзіл сказаў: «Атрутай свет хлуслівы напаіў!»
Быў нядоўгім шлях супольны ў Прыдона з Аўтандзілам,—
Разышліся іх дарогі — кожны ў край падаўся свой;
Іх задумы-летуценні набылі жывую сілу,—
Аўтандзіл сустрэўся хутка з Аравійскаю зямлёй.
Выйшлі ўсе арабы дружна, каб з красою царства стрэцца.
Сонца ён сваё убачыў — знік тугі зацяты боль.
З Цінацін на царскім троне, шчаслівейшы ў цэлым свеце,
Быў прыгожы венцаносец — асяняў яго сам бог!
Тры цары паміж сабою дружбу шчыра шанавалі:
Часта ладзілі сустрэчы — свой трымалі запавет;
Хто іх волі супярэчыў, грозна тых мячы каралі,
І славутымі дзяржавы іх былі на цэлы свет.
Нібы снег, людзям даброты рассыпалі ўсім пароўну:
Сірацін і ўдоў кармілі; плач жабрачы ўсюды змоўк.
Каб маглі ягняткі ў полі матак ссаць сваіх спакойна,
Жыў з авечкамі ў згодзе ў тых краях драпежны воўк.
ЗАКАНЧЭННЕ
Вось і скончана аповесць, нібы сон уяўна-зменны.
Свет пакінулі героі. Не спыніць няўмольны час.
Хоць жыццё здаецца вечным, пралятае ж вокамгненна.
Як жа мне, з Руставі месху, не стварыць пра гэта сказ?
Сонцу Грузіі — Давіду, чый свяціў праменна розум,
Хто на Захад ад Усходу шлях магутнасці праклаў,
Хто — заступнік для адданых, хто для здраднікаў — пагроза,
Склаў я песню, каб навечна ў ёй жыла яму хвала.
Толькі веліч спраў Давіда хіба ж мог я ўславіць цалкам?
І таму пра край заморскі склаў аповесць гэту я,
Пра змаганне і пра бітвы, што вяліся без канца там,
І пра віцязяў адважных, што жылі ў чужых краях.
Свет не варт людской надзеі. Цяжкі троп зямное долі.
А жыццё — адна хвіліна, што як зрэнкі бляск відна.
Не дагнаць нам прывід шчасця — лёс кіруе нашай воляй.
Той шчаслівы, хто з ім ладзіць, і не ў страх яму — труна.
Песні пеў пра Амірана наш пясняр Масэ Ханэлі,
Пра Абдул-Месію вершы на вякі Шаўтэлі склаў.
Дыларгета звонкім словам узвышаў Саргіс Тмагвелі,
Руставелі — я скрозь слёзы Тарыэля апяяў.
ТЛУМАЧЭННЕ НЕКАТОРЫХ СЛОЎ
Абдул-Месія — гл. Шаўтэлі.
Аміран-Дарэджаніані — гл. Масэ Ханелі.
Амірбар — начальнік ваеннага флоту.
Амір-спасалар — камандуючы войскамі.
Аспіраз — планета Венера.
Атарыд — планета Меркурый.
Бадахшан — мясцовасць на Паміры, багатая рубінамі.