Выбрать главу

Безаар — каштоўны камень.

Багдад — найбольшы адміністрацыйны і гандлёвы цэнтр Месапатаміі.

Візір — дарадчык цара, міністр.

Віс і Рамін — героі аднайменнага рамана.

Габаон — гарыстая мясцовасць у Палесціне.

Геон — старажытная назва Ніла.

Гуланшара — казачная назва, «Горад Руж».

Давід — муж царыцы Тамары, Давід Саслані.

Дзіўнас, Дзіонас — па думцы некаторых даследнікаў, хрысціянскі філосаф V стагоддзя, які пісаў пад імем Дзіанісія Арэапагіта; па думцы іншых даследнікаў, «Дзіоніс» — назва зборніка вершаў Эзраса (гл.)

Дыларгет — гл. Тмагвелі.

Дэвы — міфічныя стварэнні, нячыстая сіла.

Драхма — дробная манета, а таксама мера вагі.

Зуал — планета Сатурн.

Кімвал — музычны інструмент.

Каджы — міфічныя чалавекападобныя істоты, чараўнікі.

Каджэці — краіна каджаў.

Каіс — герой паэмы Нізамі «Лейла і Меджнун».

Караван-сарай — гандлёвы двор, прыпынак караванаў.

Кронас — планета Сатурн (Зуал).

Лал — рубін.

Марых — планета Марс.

Мерані — казачны конь.

Месх — жыхар Месхеці, адной з паўднёвых абласцей Грузіі.

Міджнур — закаханы.

Мукры, Мулімы — мусульманскія духоўнікі, яны ж — лекары.

Мульгазанзар — казачная краіна каля мора.

Муштар — планета Юпітэр.

Нарды — усходняя гульня ў косці.

Наўроз — вясенняе свята.

Платон — славуты старагрэчаскі філосаф (427—З47 гг. да н. э.).

Растом — Рустам, герой вядомай аповесці Фірдоўсі «Шах-намэ».

Саламан — па думцы некаторых даследнікаў, герой паэмы «Саламан і Абсем».

Спаспет — военачальнік.

Тмагвелі Саргіс — грузінскі паэт XII стагоддзя, аўтар паэмы «Дыларгеціані», якая да нас не дайшла.

Хашун — дама, пані.

Хатай — па думцы некаторых даследнікаў, паўночны Кітай.

Ханелі Масэ — грузінскі пісьменнік XІІ стагоддзя. Аўтар рамана «Аміран-Дарэджаніані».

Харэзм — магутная дзяржава XII—XIII стагоддзя.

Чаган — палка (ракетка) для выбівання мяча.

Чачнагір — прыдворны віначэрп.

Шаўтэлі — грузінскі паэт XII стагоддзя. Аўтар паэмы «Абдул-Месія».

Эзрас (Эзра) — упамінаецца ў бібліі, аб жыцці яго расказвалася ў апакрыфічных зборніках («Дзіва-нас).

Міхайла Кацюбінскі

Цені забытых продкаў

Іван быў дзевятнаццатым дзіцем у гуцульскай сям’і Палійчукоў. Дваццатай і апошняй была Аннычка.

Хто яго ведае, ці то вечны шум Чарамоша і скаргі горных патокаў, што перапаўнялі самотную хату на высокай кічэры[1], ці то сум чорных яловых лясоў так палохалі дзіцяня, толькі Іван усё плакаў, крычаў па начах, блага рос і глядзеў на матулю такім глыбокім, старэча разумным паглядам, што маці ў трывозе адводзіла ад яго вочы. Не раз яна са страхам думала, што не яе гэта дзіця. Не «асцераглася» баба пры родах, не абкурыла недзе хаты, не паставіла свечкі — і хітрая ведзьма паспела замяніць яе немаўля на сваё чарцяня.

Паволі расло дзіця, ды ўсё ж падрастала, і не заўважылі нават, як давялося шыць яму штаны. Але таксама было дзікаватае. Глядзіць перад сабой, а бачыць штосьці далёкае і нікому не вядомае або без дай прычыны крычма крычыць. Майткі з яго з’язджаюць, а яно стаіць сярод хаты, заплюшчыць вочы, разявіць рот і верашчыць.

Тады маці вымала люльку з зубоў і, замахнуўшыся на яго, злосна крычала:

— Цьфу на цябе! Ты, падкідыш! Згінь, каб вочы мае не бачылі!..

І ён знікаў.

Каціўся зялёнымі царынкамі[2], маленькі і белы, нібы шарык з дзьмухаўца, смела забіраўся ў цёмны лес, дзе ялінкі махалі над ім лапкамі, быццам мядзведзь лапамі.

Адсюль дзівіўся на горы, на блізкія і далёкія вяршыні, што ўпіраліся ў блакітнае неба, на яловыя чорныя лясы з іх сінім дыханнем, на светлую зеляніну царынак, якія, нібыта люстэркі, блішчэлі ў рамах дрэў. Пад ім, у даліне, кіпеў халодны Чарамош. На далёкіх узгорках драмалі пад сонцам самотныя хаціны. Было ціха і сумна, чорныя елкі бесперастанку спускалі сум свой у Чарамош, а ён нёс яго долам і расказваў.

— Івась!.. Гэ-эй! — гукалі Івана ад хаты, але ён не слухаў, абіраў маліны, страляў з лісткоў, рабіў свістульку або пішчаў на травінцы, намагаючыся пераняць галасы птушак ды ўсе тыя гукі, што чуў у лесе. Ледзь прыметны ў лесавым зеллі, збіраў кветкі і ўплятаў іх у свой капялюшык, а стаміўшыся, лажыўся дзесьці пад сенам, што сохла на астрывах[3], і спявалі яму на сон дый будзілі яго сваім звонам горныя ручаі.

Калі Івану мінула сем гадоў, глядзеў ён на свет іначай. Ён ведаў ужо многа. Умеў знаходзіць зёлкі — красаўку і герань, разумеў, чаму плача каня, з чаго пайшлі зязюлі, і калі расказваў пра ўсё гэта дома, маці падазрона пазірала на яго: можа, я н о з ім гаворыць? Знаў, што на свеце пануе нячыстая сіла, што злы дух кіруе ўсім; што ў лясах поўна лесавікоў, якія пасуць там сваю скаціну: аленяў, зайцоў і сарнаў; што там блукае вясёлы чугайстыр[4], які тут жа просіць першага стрэчнага ў скокі і знішчае мавак; што жыве ў лесе голас сякеры. Вышэй, на дзікіх бязводных вяршынях, маўкі водзяць свае бясконцыя карагоды, а ў скалах хаваецца зніч. Мог бы расказаць і пра русалак, якія пагодлівым днём выходзяць з вады на бераг, каб спяваць песні, прыдумляць казкі, гаварыць пацеры, пра тапельцаў, што па захадзе сонца сушаць белае цела на камянях у рэчцы. Усялякія злыя духі насяляюць скалы, лясы, цясніны, хаты і загарадкі ды падсцерагаюць хрысціяніна або скаціну, каб зрабіць ім шкоду.

Не раз, прахапіўшыся ўночы, сярод варожай цішыні, ён дрыжаў ад жаху.

Увесь свет быў як казка, поўная цудаў, таямнічая, цікавая і страшная.

Цяпер ён ужо меў абавязак — яго пасылалі пасвіць кароў. Гнаў у лес сваіх рыжуню і сівуню, і калі яны патаналі ў хвалях лясных траў і маладых ялінак і ўжо адтуль абзываліся да яго, як з-пад вады, тужлівым звонам сваіх званкоў, ён садзіўся дзе-небудзь на схіле гары, вымаў сапілку і найграваў няхітрыя песні, якія пераняў ад старэйшых. Аднак музыка не ўлагоджвала яго. Са злосцю кідаў сапілку і слухаў іншыя мелодыі, што жылі ў ім, незразумелыя і няўлоўныя.

Знізу ўзнімаўся да Івана і затапляў горы глухі рачны гоман, а ў яго капаў час ад часу празрысты звон. З-за яловых лапак выглядалі журботныя горы, напоеныя сумам ценяў ад хмар, што ўсё сціралі і сціралі бледную ўсмешку царынак. Горы штохвіліны мянялі свой настрой: калі смяялася царынка, хмурыўся лес. І гэтаксама цяжка было ўхапіць зрокам тое рухомае аблічча гор, як нялёгка было дзіцяці злавіць капрызную мелодыю песні, што вілася, трапятала крыльцамі каля самага вуха і не давалася.