Аднаго разу ён пакінуў сваіх кароў і пакараскаўся на самую вяршыню. Ледзь прыкметнай сцежкай падымаўся вышэй і вышэй, сярод густога зарасніку выцвілай папараці, калючых ажын і малін. Лёгка пераскокваў з каменьчыка на каменьчык, пералазіў цераз паваленыя дрэвы, прадзіраўся скрозь голле кустоў. За ім падымаўся з даліны вечны шум рэчкі, раслі горы, і ўжо ўставаў на даляглядзе блакітны прывід Чарнагоры. Доўгія ніцыя травы ўкрывалі цяпер бакі гары, званкі кароў абзываліся, як далёкае ўздыханне, усё часцей трапляліся вялікія камяні, што далей, на самай вяршыні, тварылі хаос пакрышаных скал, спісаных лішаямі, здушаных у змяіных абдымках карэннем ялін. Пад нагамі ў Івана кожны камень укрывалі рудыя імхі, тоўстыя, мяккія, шаўковыя. Цёплыя і пяшчотныя, яны хавалі ў сабе пазалочаную ваду летніх дажджоў, мякка ўгіналіся і абдымалі нагу, як пуховая падушка. Кучаравая зеляніна брусніц і чарніц запусціла сваё карэнне ў глыбіню моху, а зверху сыпанула расою чырвоных і сініх ягад.
Тут Іван сеў адпачыць.
Над ім завіс ласкавы звон хвоі, змешаны з шумам ракі, сонца наліло золатам глыбокую даліну, пазеляніла травы, дзесьці курыўся дымок ад вогнішча, з-за Ігрыца аксамітным гулам каціўся гром.
Іван сядзеў і слухаў, зусім забыўшыся, што трэба глядзець кароў.
І вось раптам у гэтай звонкай цішыні пачуў ён ціхую музыку, якая так доўга і няўлоўна вілася ў яго каля вуха, што нават мучыла. Застылы і нерухомы, выцягнуў шыю і з радасным напружаннем лавіў дзіўную мелодыю песні. Так людзі не ігралі, прынамсі, ён ніколі не чуў. Але хто іграе? Навокал нікога не было — самотны лес і ніводнай жывой душы. Іван азірнуўся назад, на скалы, — і скамянеў. На камені вярхом сядзеў «той», зніч. Скрывіў вострую бародку, нагнуў рожкі і, заплюшчыўшы вочы, дзьмуў у флаяру[5]. «Няма маіх коз... Няма маіх коз...» — разлівалася жалем флаяра. Ды вось рожкі падняліся ўгору, шчокі надзьмуліся і расплюшчыліся вочы. «Ёсць мае козы... Ёсць мае козы...» — заскакалі радасна гукі, і Іван з жахам убачыў, як, выткнуўшыся з-за лапак, затрэслі галовамі барадатыя казлы.
Ён памкнуўся ўцякаць — і не мог. Сядзеў, прыкуты на месцы, і нема крычаў ад халоднага жаху, а калі нарэшце прарваўся голас, зніч прапаў раптам у скале, а казлы зрабіліся карэннем дрэў, паваленых ветрам.
Іван нёсся цяпер уніз, без памяці, усляпую, ірваў здрадлівыя абдымкі ажын, ламаў сухое голле, каціўся па слізкіх імхах і з жахам чуў, што за ім штосьці гоніцца. Нарэшце ўпаў. Колькі ляжаў, не помніць.
Апамятаўшыся і ўбачыўшы знаёмыя мясціны, ён крыху супакоіўся. Здзіўлены, нейкі час прыслухоўваўся. Песня, здавалася, гучала ўжо ў ім самім. Ён дастаў сапілку. Адразу ў яго не выходзіла, мелодыя не давалася. Пачынаў іграць спачатку, напружваў памяць, лавіў нейкія гукі, і калі ўрэшце знайшоў, што доўга шукаў, што не давала яму спакою, і лесам паплыла дзіўная, не вядомая яшчэ песня, — радасць уварвалася ў яго сэрца, заліла сонцам горы, лес і траву, заклекатала ў ручаях, ускінула Іванавы ногі, і ён, шпурнуўшы сапілку ў траву і ўзяўшыся ў бокі, закружыўся ў танцы. Перабіраў нагамі, станавіўся лёгка на пальцы, біў босымі пятамі аб зямлю, выкідваў каленцы, круціўся і прысядаў. «Ёсць мае козы... Ёсць мае козы...» — штосьці спявала ў ім. На сонечнай пляме палянкі, што схавалася ў пахмурным царстве ялін, скакаў беленькі хлопчык, нібы матылёк пырхаў з сцяблінкі на сцяблінку, а абедзве каровы — рыжуня і сівуня, прасунуўшы галовы паміж ялін, ветліва глядзелі на яго, жуючы жуйку, ды зрэдку званілі ў такт.
Так знайшоў ён у лесе тое, што шукаў.
Дома, у сям’і, Іван часта быў сведкам неспакою і гора. На яго памяці ўжо двойчы каля іх хаты трубіла трамбіта, апавяшчаючы горы і долы пра смерць: раз, калі брата Алексу раздушыла дрэва ў лесе, а другі раз, калі брат Васіль, хвацкі вясёлы хлопец, загінуў, пасечаны тапаркамі, у бойцы з варожым родам. Гэта была даўняя варагоўля іх роду з родам Гутанюкоў. Хоць усе ў сям’і кіпелі злосцю на той сабачы род, ніхто, аднак, не мог дакладна сказаць Івану, адкуль пайшла варожасць. Ён таксама гарэў жаданнем помсціцца і, гатовы кінуцца ў бой, хапаўся за татаў, зацяжкі яшчэ яму, тапарок.
Гэта толькі гаворыцца, што Іван быў дзевятнаццаты ў бацькі, а Аннычка дваццатая. Іх сям’я была невялікая: двое старых ды пяцёра дзяцей. Рэшта, пятнаццаць, спачывае на цвінтары каля царквы.
Усе яны былі багамольныя, любілі хадзіць у царкву, асабліва на фэст. Там можна было пабачыцца з далёкім родам, што асеў у навакольных сёлах, дый надаралася нагода аддзячыць Гутанюкам за Васілёву смерць і за кроў, што не раз лілася з Палійчукоў.
Вымаліся тады самыя лепшыя строі, чырвоныя суконныя штаны, вышываныя кажушкі-безрукаўкі, чэрасы[6] і табіўкі[7], густа арнаментаваныя цвікамі, панёвы, чырвоныя шаўковыя хусткі і нават пышная і беласнежная гугля[8], якую маці асцярожна несла на вяровачцы цераз плячо. Іван таксама дастаў новы капялюш і доўгую дзёбню[9], што біла яму па нагах.
Сядлаліся коні, і зялёнаю сцяжынаю цягнулася квяцістае шэсце, нібы ўплятаючы чырвоныя макі ў стужку дарогі.
Па гарах, нізамі і хрыбтамі, плылі святочна ўбраныя людзі. Зялёная атава царынак раптам расквачвалася, уздоўж Чарамоша цёк рознакаляровы паток, а дзесьці высока, на чорнай завесе яловых лясоў, жарам гарэла ў ранішнім сонцы чырвоная стрэшка гуцульскага парасона.
Неўзабаве Іван убачыў сустрэчу варожых родаў.
Яны ўжо вярталіся з фэсту, тата быў трошкі на падпітку. Раптам на вузкай дарожцы, паміж скалою і Чарамошам, узнік затор. Вазы, коннікі і пешыя, мужчыны і жанчыны спыніліся і збіліся ў кучу. Над раз’юшаным крыкам, што ўсхапіўся адразу, як віхор, заблішчалі жалезныя тапаркі ды заскакалі перад самымі тварамі. Як каса і камень, стаялі роды — Гутанюкі з Палійчукамі, і перш чым Іван паспеў расшалопаць, што да чаго, тата размахнуўся тапарком і ўдарыў плазам камусьці па галаве, з якой пырснула кроў, заліла твар, сарочку, шыкоўную аўчынную безрукаўку. Войкнулі жанчыны, кінуліся бараніць, а ўжо чалавек з тварам чырвоным, не раўнуючы як яго штаны, чмякнуў тапарком ворагу ў галаву, і пахіснуўся Іванаў тата, як падсечаная елка. Іван кінуўся ў бойку. Не памятаў, што робіць. Штосьці падняло яго. Але дарослыя патаўклі яму ногі, і ён не мог праціснуцца туды, дзе біліся. Усё яшчэ гарачы, раз’юшаны злосцю, ён з налёту наскочыў на маленькую дзяўчынку, якая трэслася ад страху каля самага воза. Ага! Гэта, пэўна, Гутанюкова дзеўка! І, не думаючы доўга, пляснуў ёй па твары. Яна скрывілася, прыціснула рукамі да грудзей кашулю і стала ўцякаць. Іван злавіў яе каля ракі, хапануў за пазуху і разадраў. Адтуль выпалі новыя стужкі, а дзяўчынка з крыкам кінулася іх бараніць. Але ён вырваў і кінуў іх у ваду. Тады дзяўчынка, уся згорбленая, паглядзела на яго спадылба нейкім глыбокім паглядам чорных матавых вачэй і спакойна сказала:
— Нічога... У мяне ёсць другія... нават лепшыя.
Яна нібы смяшыла яго.
Здзіўлены лагодным тонам, хлопец маўчаў.
— Мне мамка купіла новую панёву... і пасталы... і вышытыя капчуры[10]... і...
Ён усё яшчэ не ведаў, што сказаць.