Выбрать главу

— Дзякаваць Богу, а як самі?..

Садзіліся за ўзорысты стол, цяжкія ў сваім авечым убранні, і частаваліся гуртам свежай кулешай ды кіслай сыраквашай, ад якой ажно язык аблазіў.

Так ішло жыццё.

На працу — будні, на варажбу — свята.

На куццю Іван быў заўсёды ў дзіўным настроі. Усё роўна як перапоўнены нечым таямнічым і свяшчэнным, ён усё рабіў паважна, нібы службу божую служыў. Раскладваў Палагне жывы агонь для вячэры, слаў сена на стол ды пад стол і з поўнай верай рыкаў пры гэтым, як карова, бляяў авечкаю ды ржаў канём, каб вялася скаціна. Абкурваў ладанам хату і кашары, каб адагнаць звера і ведзьмаў, а калі чырвоная ад мітусні Палагна сярод таго курыва абвяшчала нарэшце, што гатовы ўсе дванаццаць страў, ён, перш чым засесці за стол, нёс тайную вячэру жывёле. Скаціна першая павінна была пакаштаваць галубцоў, сліў, бобу і куцці, што так старанна гатавала яму яго Палагна. Але гэта было не ўсё. Яшчэ трэба было заклікаць на тайную вячэру ўсе варожыя сілы, перад якімі бярогся ўсё жыццё. Браў у адну руку міску са стравай, а ў другую сякеру і выходзіў на двор. Зялёныя горы, убраўшыся ў белыя світкі, прыслухоўваліся чуйна, як звінела на небе золата зор, мароз бліскаў срэбным мячом, сцінаючы гукі ў паветры, а Іван выцягваў руку ў гэтую скаваную зімою бязлюднасць і склікаў на тайную вячэру да сябе ўсіх чарнакніжнікаў, ведзьмароў, знахароў усялякіх, лясных ваўкоў і мядзведзяў. Ён клікаў буру, каб зрабіла ласку прыйсці да яго на тлустыя стравы, на добрую гарэлку, на вячэру святую, але яны не рабілі ласкі і ніхто не прыходзіў, хоць Іван запрашаў тройчы. Тады ён заклінаў іх, каб не з’яўляліся ніколі, і з палёгкай уздыхаў.

Палагна чакала ў хаце. Агонь натомлена ляжаў у печы, ціха драмаў жарам, стравы спачывалі на сене, калядны спакой выплываў з цёмных куткоў, голад клікаў да ежы, але яны яшчэ не маглі сесці за стол. Палагна пазірала на мужа — і яны ў згодзе разам кленчылі, просячы Бога, каб дапусціў да вячэры тыя душы, якіх ніхто не ведае, што пропадам прападаюць, на лясных работах забітыя, дарогамі пакалечаныя, водамі патопленыя. Ніхто іх не ўспомніць, ані ўстаючы, ані кладучыся, ніхто не згадае, дарогаю ідучы, а яны, бедныя душы, горка мардуюцца ў пекле, чакаючы куцці...

І калі так маліліся, Іван быў пэўны, што за плячыма ў яго плача, схіліўшыся, Марычка, а душы заўчасна памёршых нябачна садзяцца на лавы.

— Здзьмухні, перш чым садзіцца! — патрабавала ад Івана Палагна.

Гэта ён ведаў і без яе. Старанна здзьмухваў з лавы, каб не прыціснуць якую-небудзь душу, і садзіўся вячэраць...

Пад Новы год да скаціны ў загарадзь прыходзіў сам Бог. На высокім небе ясна гарэлі зоркі, люта трашчаў мароз, а сівы Бог басанож ішоў па пухнатым снезе і ціха прачыняў дзверы ў кашары.

Прахапіўшыся ўночы, Іван прыслухоўваўся і, здавалася, чуў, як лагодны голас пытае ў скаціны: «Ці ты, жывёлка, накормлена, напоена добра? Ці даглядае цябе гаспадар?» Радасна бляялі авечкі, вясёлым рыкам адзываліся каровы — гаспадар даглядае іх добра, сумленна, поіць, корміць і нават нядаўна вычасаў поўсць. Цяпер Пан Бог напэўна надорыць яго новым прыплодам.

І Бог даваў прыплод. Авечкі мірна каціліся, каровы шчасліва цяліліся.

Палагна была вечна заклапочаная сваёю варажбою. Абносіла скаціну агнём, каб тая была прыгожая і льснілася, як божае святло, каб да яе не меў доступу нячысцік. Яна рабіла, што толькі ведала, каб жывёла была такая ціхая, як корань у зямлі, такая малочная, як у патоку вада. Яна ласкава прамаўляла да яе:

— Ты мусіш карміць мяне і майго гаспадара, а я цябе буду шанаваць, каб ты лёгка спала, каб рэдка рыкала, каб цябе ведзьма не пазнала, дзе ты начавала, дзе ты стаяла, каб цябе хто не ўрок...

Так ішло жыццё скаціннае і чалавечае, зліваючыся разам, як дзве крыніцы ў гарах у адзін паток.

***

Заўтра вялікае свята. Цёплы Юрай адбірае ад халоднага Дзмітрыя ключы ад свету, каб цараваць над зямлёй. Поўныя воды, на якіх плавае зямля, паднімуць яе вышэй да сонца, Юрай уквеціць лясы і царынкі, авечка пачне абрастаць воўнай, як летам зямля травою, а сенажаці адпачнуць ад скаціны, зарастаючы густым зеллем. Заўтра — вясна, дзень радасці і сонца, а ўжо сёння горы цвітуць агнямі і сіні дым захінае яліны празрыстым вэлюмам. А калі сонца знізілася, адцвілі агні і дымы адляцелі ў неба, радасным рыканнем абазвалася жывёла, перагнаная цераз жар, каб была дужая летам, як гэты агонь, каб множылася так, як намножыўся ад агню попел.

Позна ўлегліся перад Юр’ем людзі, хоць рана меліся ўставаць.

Палагна ўскруцілася, ледзь толькі пачало днець. «Ці яшчэ не рана?» — падумала ўголас, але тут жа згадала, што сёння свята і трэба ісці на царынку. Адкінула цёплую коўдру і ўстала на ногі. Іван яшчэ спаў, печ пазяхала ў кутку чорнаю пашчай, а пад ёю сумна трашчаў цвыркун. Палагна расшпіліла кашулю, скінула з сябе, пастаяла голая пасярод хаты і, баязліва азіраючыся на Івана, пайшла да дзвярэй. Скрыпнулі дзверы, і ранішні холад абвеяў цела. Горы яшчэ спалі. Спалі яшчэ яловыя лясы, нібы строгія манахі, спалі пашарэлыя за ноч царынкі і сівыя шпілі, што расплываліся ў тумане. Халодная імгла падымалася з даліны ды працягвала белыя калматыя лапы да чорных ялін, а пад бледным яшчэ небам апавядаў свой сон Чарамош.

Палагна ступала па мокрых травах і злёгку дрыжала ў ранішнім халадку. Яна была пэўная, што ніхто яе не пабачыць, а калі б і пабачыў, то што? Ведама, шкада, калі б прапала яе варажба. Іншай думкі ў яе не было. Яшчэ на Благавешчанне яна закапала ў мурашнік соль, булку і пацеркі, і цяпер трэба было гэта ўсё адтуль дастаць. Памалу звыклася з холадам. Яе тугое цела, якое не ведала яшчэ мацярынства, вольна і горда плыло ў маладых травах царынкі, такое ружовае і свежае, як пазалочаная хмара, перапоўненая цёплым вясновым дажджом. Нарэшце спынілася пад букам. Але перш чым раскапаць мурашнік, яна падняла рукі ўгору і пацягнулася смачна ўсім целам, хруснуўшы костачкамі. І ўраз адчула, што траціць сілу. Штосьці ёй нядобра. Апусціла бяссільна рукі, глянула перад сабою і раптам як бы прыкіпела да чорнай агністай бездані, што не пускала яе ад сябе.

Юра-знахар стаяў па другі бок плота і глядзеў на яе.

Яна хацела крыкнуць на яго — і не магла. Хацела закрыць грудзі рукамі — і не мела сілы іх падняць. Намагалася ўцячы — і ўрасла ў зямлю. Стаяла бяссільная, быццам самлелая, і ўпарта ўглядалася ў два чорныя вугалькі, што выпівалі з яе ўсю сілу.

Нарэшце ў ёй варухнулася злосць. Прапала ўся варажба! Палагна зрабіла над сабой намаганне, каб распаліць тую злосць, і злосна гыркнула на яго:

— Чаго зенкі вылупіў? Не бачыў?

Не спускаючы з яе вачэй, якімі скаваў яе ўсю, Юра бліснуў зубамі:

— Такой, як вы, Палагна, дальбог, не бачыў.

І закінуў нагу цераз плот.

Яна бачыла добра, як плылі да яе тыя два вугалькі, што спапялілі яе волю, а ўсё ж стаяла, няздатная паварухнуцца ці то ў салодкім, ці то ў жахлівым чаканні.

Ён быў ужо блізка. Бачыла мярэжку яго кажушка-безрукаўкі... бліскучыя зубы ў пажадлівым роце... прыпаднятую руку. Цяпло яго цела зблізку вейнула на яе, а яна ўсё яшчэ стаяла.