Патрыцыі тонуць у збытках і раскошах, плебей у заплату і падзяку за крывавую працу мае бізуны і розгі. І вось у лацінскім богабайніцтве апавядаецца, што Венера, жонка плебейскага Вулкана, стала задавацца з патрыцыянскім Марсам. Вулкан, не могучы знесці гэткай знявагі, абвівае спячых — Венеру і Марса — сеткай, падложанай пад іх, і выкідае іх на святло, каб яўным ужо сталася, што плебс змаўляецца і бяскарна пасягае на правы патрыцыяў. Гэта быў дакор, зроблены Апалону, вартаўніку права. Увесь Алімп устрывожаны. Апалон памярцвеў са знявагі. Адны багі смяюцца, а другія выказваюць злосць і абурэнне. Юпітэр страшліва загрымеў — quos ego!..2 Бачачы, аднак, прыгожую Венеру гэтак зняважанай, кажа: «Годзе ўжо ён... На Вулкана няма спосабаў — quem ego!..3 За мяшанне ў маю спрэчку з Юнонай у справе надання правоў плебеям нядаўна так піхнуў яго я нагой на зямлю, што аж нагу ён зламаў».
У трудным палажэнні Юпітэру аж галава трашчыць. Як пагадзіць нязгоду ў народзе, пры ўсёўзрастаючых дамаганнях чэрні, пры заўзятай упорчывасці патрыцыянскіх багоў?
— Вулкан і Меркуры не даюць мне спакою ад таго часу, калі Марса з Венерай удалося прылавіць у сетку.
— Чатырох нас, — кажа Меркурый, — стань, Найвышэйшы, па нашай старане, і народная справа будзе выйграна.
— Найвышэйшай рады багоў не перагаласуем, шэсць галасоў супраць пяці, — адказаў Юпітэр. — Што рабіць? Галава трашчыць, што рабіць! Тут мяне рве, ствару Мінерву. Вулкан, валі молатам у галаву во тут, тут!
Вулкан выпаўняе загад. А калі, спужаныя відовішчам бацькаўбійства, багі збягаюцца, бачаць нованароджаную багіню, узброеную ад ног да галавы, выходзячую з патыліцы Юпітэра. Вось і багіня мудрасці — Мінерва.
— Плебейцы дапамінаюцца правоў, — кажа Меркурый.
Сталі галасаваць. Шэсць супраць шасці!
— Мне належыцца падвойны голас! — крыкнуў Юпітэр.
І справа народа была выйграна.
— Дык занясі ім зямельнае права! — крыкнуў Юпітэр. — Сам пагавару я з Юнонай і думаю, што яна дазволіць такжа права вольнай жаніцьбы.
Меркурый, які спаўняў абавязкі паштара, панёс весць на зямлю. І плебейцы атрымалі правы людскія і цывільныя. А ўсё гэта сталася вынікам неперасцерагання правоў бажкамі, залётнасцю Венеры і праз папусціцельства Юпітэра, — тлумачылі святары.
Меркурый, бог купецтва і прамысловасці, носіць світу нараспашку, служыць усім, хто плаціць: багом і людзям, небу і зямлі. Апякуецца злодзеямі і ашуканцамі. Пад яго апекай вырастае новая арыстакратыя — грашовая. У рады яе ўходзяць усе, кім апякуецца Меркурый. І на правы для гэтага стану багі, ад імені сваіх кліентаў, патрыцыяў, павінны былі згадзіцца.
Нягледзя на тое, што даўно па-свойму рашыў Юпітэр зямельнае права, права гэта да сягоння несправядлівае. І будзе датуль актуальным, пакуль кожны народ не станецца гаспадаром у сваім краі, пакуль кожны, хто палівае сваім потам загон, не будзе праўным, прызнаным і ўсвячоным правам яго валадаром.
Гэты ж час ужо недалёк!
V
У гэты момант, калі, скончыўшы гутарку, прымоўк Іван Іванавіч, а я аддаўся размышлянню, нас акружыла маўклівая ціш, скрозь каторую знекуль стаў даходзіць да вуха ціхі харальны спеў. Спярша гэты спеў быў такі ціхі, што зліваўся з тутненнем сэрца і крыві ў жылах. Але ў меру таго, як я, натужаючы свой слых, услухаўся, ён усё рос і ўрэшце набіраў штораз больш выразістасці. Калі спеў гэтых многіх галасоў стаў набліжацца, я пытаюча глянуў на Івана Іванавіча.
— Гэта пяюць нашыя старцы, — сказаў ён спакойна.
— Як! Дык хіба ж гэты падзямеллі заселены людзьмі? — здзівіўся я.
— Так. Жыццё ў гэтых падзямеллях ідзе старое, даўняе. Вам жа хіба прыходзілася чуваць ад народа дый чытаць у так званай этнаграфічнай літаратуры аб праваліўшыхся гарадах, цэрквах, манастырах. Хіба ж вы не чулі аб невідомым горадзе Багоцку, во тут, каля Полацка? Другі такі горад, што каля Гомеля, апісаў расейскі пісьменнік пад найменнем Кіцежа. На землях, якія ў апошнія часы ў дакрывіцкую эпоху засялялі готы, гэткія гарады існуюць...
Я здзіўлена ўзіраўся на Івана Іванавіча і сам не ведаў, што аб усім гэтым судзіць, гэтак было ўсё, чутае і бачанае, незвычайным для майго разумення, што я павёў рукой сабе па абліччы, каб пераканацца, ці ўсё гэта не галюцынацыя, не сон... Але чоў мой мяне не ашукваў...
Іван Іванавіч пры гэтым устаў і, адчыніўшы дзверы ў сцяне, павёў мяне доўгім і шырокім праходам, аж урэшце мы апынуліся ў вялікай і светлай салі. Не было там ні свечак, ні лямпаў, святло як быццам само сабой стаяла ў салі. Сцены былі запоўнены ўсякімі кнігамі і звіткамі рукапісаў. Падышоўшы да адной з паліц, Іван Іванавіч зняў пергамінны рукапіс, кажучы:
— Во гэта сведчанне падарожнага, які бываў у нашым краю за некалькі сот лет да арабскага пісьменніка Масудзі, які яго сведчанне асобным раздзелам (Маруджа, 62) са старых кніг упісаў у свае кнігі. Тут мова аб гарадах і святынях славянскіх. Руін гэтых гарадоў і святынь цяперашняя археалогія не знаходзіць на зямельнай паверхні, бо яны дзіўнай умеласцю старабытных нашых інжынераў апушчаны ў глыб зямлі, як вось і гэта наша святыня, у часці будынкаў якой мы цяпер з вамі знаходзімся. У гэтай кнізе вось што аб ёй напісана:
«З гэтых святынь адна пабудавана на гары, гэта дзіва свету, а як кажуць знаўцы, прыклад архітэктуры і распарадкавання разнаякага камення, ужытага да гэтай будоўлі. Сабраны там дарагія каменні невыказанай цэннасці, а такжа знакі, паказуючыя будучыню».
— Усё, што тут напісана, — шчырая праўда! — казаў Іван Іванавіч, складаючы кнігу. — Цяпер жа я пайду на момант да нашых старцаў, а Вы агледзьце радчайшую ў свеце бібліятэку.
— Прашу вас, скажыце, хто гэта такія старцы і як яны жывуць тут?
— Гляньце на гэту салю, — сказаў Іван Іванавіч, — вы тут не ўбачыце нідзе ніякіх прылад да асвятлення, а ў салі светла і цёпла. Гэта таму, што сцены гэтай салі пакрыты элементам, падобным да радыю, з якога пабудована сонца. Пад гэтым святлом і расціны і людзі могуць жыць без ушчэрбку для свайго здароўя. Гэты элемент тут ужыты як маса да тынкавання сцен, акром святла і цяпла мае яшчэ і другія дзействы: хто знаходзіцца заўсёды пад уплывам яго святла, не падлягае старасці, якая паходзіць ад звапнення кроваточных начынняў у людскім арганізме. Пад уплывам гэтага святла вапна не можа ў арганізме зацвердзяваць, а дзеля гэтага чалавек застаецца назаўсёды ў адным веку, а як вынік гэтага — не падлягае смерці. Мы з вамі цяпер знаходзімся на глыбіні каля тысячы метраў ад паверхні зямлі, і аднак жа вы аддыхаеце лёгкім паветрам, гэта таму, што элемент гэты, які завецца гетынам, мае ўласнасць паглынаючую лішкі кіслых газаў. Вось жа старыя вучоныя, сышоўшы з поля дзікага змагання на зямлі, жывуць тут, працуючы над навукай і ўмеласцямі ў сваіх абшырных і добра абстаўленых бібліятэках і лабараторыях. Працуюць, чакаючы часу, калі ім прыйдзецца ізноў выйсці да свайго народа. Адным з важнейшых адкрыццяў, якія імі тут зроблены, ёсць крывін, пры помачы якога кожную рэч можна разлажыць на першапачатковыя высхады і з першапачатковых высхадаў злажыць любую рэч. Прыкладам: з высхадаў паветра і вады можна вытварыць камень, золата, хлеб, тлушч і, наадварот, кожную рэч можна перамяніць у другую. Прыкладам, той жа бруковы камень можна змяніць у хлеб ці золата, у паветра ці любога смаку сталовае масла. Бо першапачаткавы высхад ва ўсім ёсць адзін і той жа, залежыць толькі ад таго, які надаецца кірунак руху яго праатамам. Гэтае вялікай вагі адкрыццё, зробленае нашымі старцамі, развяжа на зямлі сацыяльнае пытанне... Пытанне пракорму людзей.