Выбрать главу

Зміцер Вішнёў

Друкуйце, канібалы!

«Вузел надзеі» / © Антаніна Слабодчыкава

Пражыўшы чатыры гады за мяжой, я часта сутыкаюся з тым, што людзі ўвогуле не ведаюць Беларусі — гэтай даволі вялікай еўрапейскай краіны. Так, у маіх дакументах на арэнду берлінскай кватэры прапісана, што я з Расіі, бо супрацоўніца кампаніі не змагла адшукаць Беларусь у базе краін і адмаўлялася паверыць, што такая існуе. Я прыйшоў да сваёй беларускасці праз кнігі, сяброў і ўніверсітэт, праз працу ў газеце «Культура». Захапіўся выданнем беларускіх кніг і сам стаў пісаць па-беларуску. Праслыў я і скандалістам, бо творчае хуліганства — частка маёй унутранай свабоды. І я ні аб чым не шкадую і ганаруся гэтым.

У пачатку 90-х я жыў у Слуцку. І так склалася, што я пасварыўся з выкладчыцай алгебры і геаметрыі ды перайшоў у вячэрнюю школу, якую наведваў чыста фармальна — раз на тыдзень, бо не бачыў сэнсу ў тым навучанні. Тым больш што самі выкладчыкі глядзелі на пропускі «скрозь пальцы». Навучальная праграма радыкальна адрознівалася ад той, што была ў звычайнай школе. Да прыкладу, я не вывучаў замежнай мовы: лічылася, што выпускнікам і выпускніцам і так дастаткова ведаў, каб працаваць сантэхнікамі, электрыкамі, цырульніцамі, швачкамі. Не было ў мяне і беларускай мовы, але беларускую літаратуру вучыў. Цікава, што, нягледзячы на ўсё гэта, юрыдычна мне нічога не перашкаджала паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, таму я, насуперак усім мясцовым традыцыям, падаў дакументы на завочнае аддзяленне журналістыкі і прайшоў — праўда, не без цяжкасцей і прыгодаў.

Шчыра кажучы, падрыхтоўкай ва ўніверсітэт я займаўся роўна тры дні. Па беларускай літаратуры са школьнай праграмы я ні халеры не ведаў — мае веды складаліся выключна з кароткага зместу твораў, узятага з «Гісторыі беларускай літаратуры». Я любіў кнігі, але не тыя, што патрабавалі ў школе. Таму, падчас паступлення ва ўніверсітэт, у галаве ўсё змяшалася.

На іспыце па беларускай літаратуры мне трапіўся білет па творы Івана Мележа «Людзі на балоце». Я, на здзіўленне, адказаў больш-менш прыстойна, але ў пэўны момант зблытаў партызанаў з бандзюгамі. Ну як было не зблытаць, чытаючы напярэдадні ўсю ноч?

Іспыт у мяне прымалі тры выкладчыкі, і адзін з іх — драматург Сяргей Кавалёў (незадоўга да гэтага, цалкам выпадкова, мяне з ім пазнаёміў паэт Сяржук Мінскевіч) — мяне пазнаў і фактычна выратаваў «з таго балота». Тады самай лепшай адзнакай была пяцёрка, і драматург, апярэдзіўшы сваіх калег, сказаў, што можна паставіць чатыры. Конкурс на журналістыку быў вялікі, і толькі дзякуючы Сяргею Кавалёву я і прайшоў. Я не ведаў, што той будзе на іспыце. Вось такія сюрпрызы. Можна сказаць — блат. Між іншым, праз некалькі гадоў раман Мележа я ўсё ж прачытаў.

Фактычна маёй першай важнай літаратурнай школай была штодзённая праца ў газеце «Культура», дзе я пісаў журналісцкія матэрыялы, а мяне, не шкадуючы, рэдагавалі. Паралельна я вучыўся на завочным аддзяленні факультэта журналістыкі і два разы на год у мяне былі сесіі. Асабліва запамінальнымі былі лекцыі выкладчыка беларускай мовы і літаратуры, навукоўца Міколы Рыгоравіча Каваленкі, які знешне да неверагоднасці нагадваў Васіля Быкава. Я і дагэтуль узгадваю, як ён прыносіў у аўдыторыю валізы з кнігамі — адбываўся сапраўдны сакральны акт. Ён не проста даваў спіс вучэбнай літаратуры для студэнтаў — ён паказваў фізічныя кнігі. Мікола Рыгоравіч выцягваў кожную кнігу асцярожна, дэманстраваў на выцягнутых руках, кончыкамі пальцаў. У такія хвіліны ён нагадваў калекцыянера, які трымае каштоўную марку пінцэтам. Мяне, як апантанага чытача, гэта да неверагоднасці падкупляла. Яго любоў да беларускай літаратуры распаўсюджвалася як пандэмія, перадалася і мне.

Паўплывала і сяброўства з паэтам Сержуком Мінскевічам, які, як і я, быў захоплены пошукам новай літаратурнай стылістыкі. Менавіта ён зацягнуў мяне ў газету «Культура», дзе я пачынаў працаваць наборшчыкам матэрыялаў (тады яшчэ была такая прафесія), а потым перайшоў на пасаду спецыяльнага карэспандэнта. Пазней разам з ім і іншымі хлопцамі і дзяўчатамі мы ўтварылі літаратурны рух «Бум-Бам-Літ», адкрыты для новых літаратараў і мастакоў, для смелых ідэй. Лічылася, што тыя, хто ўдзельнічаў у імпрэзах руху, аўтаматычна станавіліся яго ўдзельнікамі. Па самых сціплых падліках, пастаянных удзельнікаў было каля трыццаці чалавек. Вядома, былі і выключэнні з правілаў. Неяк мы тусаваліся з расійскім канцэптуалістам Дзмітрыем Прыгавым, які прыязджаў выступаць у Мінск. Ён не стаў удзельнікам «Бум-Бам-Літа», але быў прыняты ў яго ганаровыя сябры. Паўнавартасным удзельнікам, а тым больш «слупом» «Бум-Бам-Літа», мог стаць толькі беларускамоўны аўтар ці аўтарка — гэта быў негалосны прынцып. Мясцовых рускамоўных мы таксама не прымалі не таму, што лічылі іх менш таленавітымі, а таму, што адносілі іх да перыферыйных аўтараў рускай культуры.