Выбрать главу

Былі і сумесныя выступы з паэтамі Таварыства Вольных Літаратараў. Самыя запамінальныя — «Лепельскія алітэрацыі» і «Art-прагноз-96». Можна сказаць, што «Бум-Бам-Літ» утварыўся ў «пінгвінарыі» газеты «Культура» — быў у рэдакцыі такі адмысловы пакойчык, куды мы бегалі папаліць, выпіць і пасумоўнічаць. На старонках літаратурна-філасофскага сшытка «ЗНО», які выходзіў штомесяц укладкай да газеты, кожны з бумбамлітаўцаў прадставіў свой маніфест. Дарэчы, тытул Бессмяротнага хроснага бацькі «Бум-Бам-Літа» для філосафа Валянціна Акудовіча мы прыдумалі ўначы, калі вычытвалі палосы газеты. Цяпер ужо цяжка згадаць, чыя гэта была ідэя, але, акрамя мяне, да гэтага прычыніліся Сяржук Мінскевіч і Юрась Барысевіч. У газеце заставалася вольнае месца, і мы нахабна ім скарысталіся — здаецца, тады нам дазволіў Андрэй Вашкевіч, які вярстаў нумар. Так мы і надалі філосафу гэты ганаровы тытул. Надзіва, абышлося без рэпрэсій з боку кіраўніцтва.

Тады, трыццаць гадоў таму, на маіх вачах адбываўся злом у журналістыцы. Спачатку газета «Культура» была вельмі дэмакратычнай: друкавала не толькі вострасацыяльныя, але і вострапалітычныя матэрыялы, не баялася крытыкаваць дзеючую ўладу. Але з часам пачалі з’яўляцца «белыя плямы»: у друкарні фрагменты тэкстаў таемна знікалі. Урэшце паўстала пытанне пра поўную ліквідацыю выдання. Згадваю, што кіраўніцтву газеты давялося пайсці ў рэдакцыйнай палітыцы на значныя саступкі. Пасля гэтага «Культура» стала сумнай і, як кажуць, «прычэсанай»: з прагрэсіўнай ператварылася ў прапагандысцкую — галоўнымі тэмамі сталі «Дажынкі» і «Славянскі базар».

Тады пачало прыходзіць разуменне, што я памыліўся з выбарам прафесіі, бо стасункі беларускай журналістыкі з уладай мяне расчароўвалі. Вядома, былі і незалежныя выданні, якія заставаліся свабоднымі ў сваіх выказваннях. Тым не менш, я пачаў задумвацца пра пераход у выдавецкую сферу. Але большасць маіх сяброў-літаратараў на той момант былі звязаныя са СМІ, гэта мяне і трымала.

У 90-я рэдакцыя «Культуры» месцілася побач з Оперным тэатрам. Там працавала шмат выбітных асобаў. Я тады быў вельмі маладым чалавекам, і мяне гіпнатызавала творчасць калегаў — я хацеў быць не горшым за іх і стараўся, цягнуўся да іх узроўню. Усё гэта штурхала мяне ў абдымкі беларускай прасторы. Часы «Бум-Бам-Літа» былі вясёлыя. Мы з Сержуком Мінскевічам маглі завітаць у бар, прачытаць уголас некалькі вершаў — і нас супрацоўніцы бясплатна частавалі выпіўкай.

Пасля «Культуры» я пэўны час быў рэдактарам аддзела ў часопісе «Беларусь», а потым мяне запрасілі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў на пасаду літаратурнага кансультанта. Там я адпрацаваў тры гады — і, як кажуць, разгарнуўся. Гэта быў час, насычаны нечаканымі творчымі сустрэчамі і знаёмствамі. Напрыклад, разам са мной працаваў паэт Анатоль Вярцінскі, з якім мы маглі доўга гутарыць на літаратурныя тэмы. Пазней у «Галіяфах» я выдаў зборнік ягоных вершаў «Асобныя радкі розных гадоў».

У тыя часы існаваў адзіны Саюз беларускіх пісьменнікаў — генерал Чаргінец яшчэ не паспеў падзяліць яго, як пірог, на дзве паловы. У Доме літаратара грукаталі маштабныя імпрэзы, на якія імкнуліся трапіць многія. Зала, разлічаная на 330 чалавек, часта не змяшчала ўсіх ахвотных — людзі стаялі ў праходах. Памятаю бліскучыя выступы Ніла Гілевіча, Янкі Брыля і Генадзя Бураўкіна. Першы юбілей «Бум-Бам-Літа» таксама дазволілі правесці ў Доме літаратара — прыйшло каля пяцісот чалавек, і многія засталіся на вуліцы. Бумбамлітаўцы тады надзелі супрацьгазы і з балюстрады скінулі на галовы наведнікаў некалькі кілаграмаў цукерак. Са сцэны шмат чыталі. У дворыку Дома літаратара тэатр «ІнЖэст» зладзіў тэатральна-літаратурнае шоў, падчас якога паэт Алесь Пушкін круціўся пасярод фантана на вялікім шасце.

Я думаю, што літаратурны рух «Бум-Бам-Літ» у свой час моцна паўплываў на моладзь і яе светапогляд. Школьная праграма часта адварочвала ад беларускай літаратуры: бясконцая вайна, балоты, калгас. А бумбамлітаўцы ламалі гэтыя стэрэатыпы, стваралі жывыя тэксты — пра іншае, пра тое, што хвалявала кожнага тут і цяпер. Яны былі свабодныя ад стандартаў і запрашалі ў літаратуру разнастайнасць.

Напрыканцы 90-х, падчас працы ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, я разам з бумбамлітаўцамі займаўся і радыкальным перформансам — ад чаго чыноўнікі былі ў шаленстве. Была серыя гучных палітычных перформансаў «Культ асобы», дзе я даследаваў феномен дыктатуры і культ асобы на розных этапах гісторыі. Дзеля гэтага мы з бумбамлітаўцамі набылі ў краме рытуальных паслуг чырвоную сасновую труну і перавезлі яе да Дома літаратара тралейбусам праз увесь горад. Гучыць дзіўна, але кіроўца не абурыўся і спакойна дазволіў транспартаваць гэты рэквізіт. Праўда, у выпадковых пасажыраў па дарозе здараліся нервовыя зрывы. Як літаратурны кансультант, я меў ключы ад розных памяшканняў Дома літаратара, таму труну мы спусцілі ў падвал. Там яна чакала свайго «зорнага» трыумфу — міжнароднага фестывалю перформансу «Навінкі». У дзень X бумбамлітаўцы вынеслі мяне з Дома літаратара ў труне — я ляжаў у адных плаўках — і панеслі ў Палац мастацтваў.