Выбрать главу

«Труна для Змітра Вішнёва» — менавіта з такім загалоўкам выйшаў матэрыял Марата Гаравога ў газеце «Народная воля» і агаломшыў чыноўнікаў. Цяпер я думаю, што за падобныя перформансы ў сённяшняй Беларусі могуць узнагародзіць доўгімі гадамі калоніі.

У 2001 годзе я напісаў паэму «Трап для сусьліка альбо Нэкрафілічнае дасьледаваньне аднаго віда грызуноў», якую сам вызначыў як «раман для парахода і самалёта». У ёй былі шматлікія саркастычныя вобразы сучасных літаратараў — канкрэтных імёнаў я не называў. Тады асобныя фрагменты запланавалі друкаваць часопісы «Першацвет» і «Крыніца». Пра гэта даведаліся ў кіраўніцтве Саюза пісьменнікаў і, як ні дзіўна, перапалохаліся. Я зусім не чакаў такой рэакцыі. Нейкім чынам функцыянеры дамагліся атрымаць матэрыялы з «Крыніцы» яшчэ да публікацыі — і ў іранічных, сатырычных персанажах пачалі шукаць сябе. Напрыклад, адна з супрацоўніц пакрыўдзілася на «курыцу», выведзеную ў паэме. У выніку адзін з літаратараў, набліжаных да кіраўніцтва, паклікаў мяне на «разборкі» і паказаў артыкул, які яны адмыслова падрыхтавалі і які мусіў выйсці ў «Крыніцы», калі я не адмоўлюся ад сваіх планаў друкаваць «Сусьлікаў». У тым тэксце я паўставаў як «латэнтны гомасэксуаліст», і кіраўніцтва чамусьці лічыла гэта сур’ёзнай абразай. Я тады толькі пасмяяўся і сказаў: друкуйце, канібалы.

Я перыядычна выбешваў кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў сваімі творчымі праектамі. Яны рэгулярна выклікалі мяне, як кажуць у народзе, «на ковер» — у сувязі з чарговай маёй акцыяй. Потым, у сумным кабінеце, на фоне партрэтаў беларускіх савецкіх класікаў, усім натоўпам спрабавалі прамываць мне мазгі, выгаворваючы тоны непатрэбных слоў і настаўляючы на «правільны шлях». Кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў спрабавала вярнуць пісьменніцкія даброты, якія арганізацыя мела за савецкім часам. Да прыкладу, медыцынскае абслугоўванне — з гэтага ў выніку нічога не выйшла. І, вядома, СБП фінансаваўся з дзяржаўнага бюджэту. Мае ж выкрунтасы разбуралі вобраз літаратурнага функцыянера.

У 2001 годзе я паступіў у Маскву ў Літаратурны інстытут імя Горкага на Вышэйшыя літаратурныя курсы, на семінар крытыкі, і пакінуў працу ў Саюзе пісьменнікаў. Функцыянеры, відавочна, узрадаваліся, бо стаміліся ад маіх акцый і перформансаў. Разышліся, як кажуць, з мірам. «Я яшчэ вярнуся», — паабяцаў я на развітанне і заўважыў, як яны ўсе скурчыліся і пачырванелі ад злосці.

Выдавецкай дзейнасцю я пачаў займацца яшчэ раней за журфак і працу ў газеце «Культура». У тыя часы атрымаць рэгістрацыю было нескладана — татальны кантроль у гэтую сферу прыйшоў пазней. Калі я жыў у Слуцку, у 1993 годзе, я атрымаў першую выдавецкую ліцэнзію — на ёй была беларуская «Пагоня». А сама ліцэнзія ляжала ў прыгожай скураной абгортцы. Я яшчэ не перайшоў на беларускую мову і пісаў па-руску. Разам з сябрамі з творчага саюза «Пяты кут» мы выдалі некалькі рускамоўных зборнікаў.

Быў доўгі перапынак, і ўжо пасля вяртання з Масквы я зноў кінуўся ў выдавецкую справу — некалькі гадоў працаваў з выдаўцом Ігарам Логвінавым. Пазней разам з паэтам Міхасём Башурам мы ў духу бумбамлітаўскіх ідэй заснавалі выдавецтва пад назвай «Галіяфы», якая гучала як афрыканскі аркестр. І гэтая выдавецкая «музыка» доўжылася амаль пятнаццаць гадоў. «Галіяфы» — гэта найбуйнейшыя жукі ў свеце, якія жывуць у Афрыцы і могуць важыць да пяці кілаграмаў.

У 2007 годзе выдавецтва «Галіяфы» было ўжо зарэгістравана як юрыдычная ўстанова, але не магло атрымаць выдавецкую ліцэнзію: чыноўнікі з Міністэрства інфармацыі не ішлі на кампраміс. Адзін з іх, ледзь не пырскаючы слінай, крычаў мне ў твар, што «Галіяфы» ніколі не атрымаюць дазволу на выданне кніг у Беларусі, бо будуць выдаваць «не тыя» кнігі.

Пасля гэтай аўдыенцыі я не расстроіўся, а зрабіў, як кажуць, хітры ход канём. Дзякуючы працы ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, я асабіста ведаў многіх літаратурных аксакалаў і звярнуўся па дапамогу да акадэміка Уладзіміра Гніламёдава. Ён, пачуўшы пра новае выдавецтва, адразу пагадзіўся заступіцца за нас — яму спадабалася ідэя выдання сучаснай беларускай літаратуры. У адказ я паабяцаў выдаць і ягоную кнігу. Так у «Галіяфах» у 2013 годзе выйшла «На рубеже времён: русскоязычная поэзия Беларуси». Трэба аддаць належнае спадару Уладзіміру — ён цікавіўся кнігамі маладых аўтараў і быў уважлівым чытачом. У 2007 годзе яго аформілі галоўным рэдактарам выдавецтва і «адправілі на іспыт». Пярэчыць акадэміку не рашыліся — іспыт ён здаў. Цяпер ліцэнзія была нам гарантаваная.