Выбрать главу

Адпаведна другая сустрэча з тым самым міністэрскім спецыялістам прайшла ўжо ў іншай атмасферы: барвовы — ці то ад хвалявання, ці то ад п’янства — ён круціўся ў крэсле, як вуж, і мармытаў: «Што вы са мной, хлопцы, робіце». Такім чынам «Галіяфы» з’явіліся на свет.

Уладзімір Гніламёдаў некалькі гадоў быў фармальным галоўным рэдактарам — «вясельным генералам»: у выдавецкую працу ён фактычна не ўмешваўся і кніг не рэдагаваў.

Вось праз такія перашкоды давялося прабівацца, каб выдаваць беларускія кнігі.

Нездарма той міністэрскі спецыяліст баяўся нас атэстоўваць: «Галіяфы» пятнаццаць гадоў выдавалі смелыя і актуальныя кнігі, у якіх гучала непрыхаваная свабода — тое, чым дыхалі і чытачы нашых выданняў.

Я пасяліўся ў Нямеччыне і не вярнуўся ў Беларусь не толькі таму, што баяўся арышту, а таму што толькі тут мог свабодна дыхаць і пісаць пра тое, што мяне хвалюе — і што важней за ўсё, публікаваць гэта. Не хавацца за псеўданімамі, не пісаць «у стол», а заставацца са сваім голасам. Гэта было вырашальным.

І калі ў 2022 годзе пачаліся рэпрэсіі супраць незалежных беларускіх выдавецтваў, пытанне фізічнага самазахавання, вядома, існавала. Але перш за ўсё была патрэба працаваць з літаратурай — тым, што я люблю і ўмею.

Пра людзей кажуць: яны не сыходзяць ад нас, пакуль мы іх памятаем. Тое ж — з мовай, літаратурай і краінай. Пакуль мы пра іх думаем, апякуемся і песцім, яны жывуць і развіваюцца. І Беларусь застаецца не праектам, а жывым арганізмам, напоўненым любоўю і культурай. Перакананы, што ў недалёкай будучыні ў Менску замест Фелікса Дзяржынскага паўстане помнік выдаўцу і кніганошу Раману Цымбераву: ён коціць шар з кнігамі — моцны чалавек, падобны да жука-скарабея.

У рамане «Я – тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер» я фантазіраваў, што замест помніка Леніну з’явіцца помнік Ярылу Пшанічнаму — паэту, які першым кінуўся ў вір трасянкі. Пры жыцці ў яго выйшла толькі адна кніга — «Пішчавыя лішкі», а пасмяротнае выданне «Атамная лучына» паказала ўсю магутнасць і разнастайнасць яго палітычнай сатыры.

У Менску адновяцца кнігарні: «Галіяфы», «Кнігаўка», «Цымбераў-цэнтр», «логвінаЎ». «Белкніга» будзе рэарганізавана і перайменавана ў „Skaryna Press”. Мінск вернецца ў свой натуральны стан — у Менск.

Вернуцца незалежныя выдавецтвы.

Я ўпэўнены, што недзе ў Беларусі ўжо нарадзіўся новы пісьменнік. Мы пра яго яшчэ не ведаем, але ён неўзабаве праявіцца. І мы будзем зачараваныя яго кнігамі. Увесь свет будзе імкнуцца прачытаць яго творы.

Пра аўтарскія правы варта паклапаціцца ўжо цяпер.