Абуджаецца ён ужо на Глухім востраве. Збоку каля яго шугае агонь. Чыясь руплівая рука ўкрыла яго цёплым футрам. Навокала агню стаяць і сядзяць людзі ў вайсковай адзежы. Сярод іх чарнеюць постаці сялян, узброеных ваеннымі стрэльбамі. На кароткім тоўстым абрубку сядзіць грамозны шырокі чалавек з светлымі грознымі жорсткімі вусамі, з буйным рэзкім тварам. Спакойныя шэрыя вочы яго пазіраюць у запісную кніжку, павольна паўзуць па радках запісанага тэксту. Каля яго стаяць двое партызан са стрэльбамі і чалавек без стрэльбы з сякераю за поясам. Шырокі чалавек адрываецца ад кніжкі, падымае спакойныя вочы на чалавека з сякераю за поясам, штось распытвае.
Чалавек адказвае, гаворыць доўга. Шырокі чалавек уважна слухае, потым штось запісвае ў сваю кніжку.
— Ну, як ты пачуваеш сябе? — да Панаса падыходзіць Нупрэй, пазірае на яго з лагоднаю ўсмешкаю, паказваючы цэлы рад белых роўных зубоў.
— Добра, — гаворыць Панас і варушыць раненаю нагою, — я памаленьку ўжо і сам пайшоў бы.
— Ну, вот бачыш.
Нупрэева ўсмешка яшчэ шырэй рассоўвае чорныя вусы.
— Гэта табе воўчая скура здароўя дала, — смяецца ён.
Іх абкружаюць чырвонаармейцы і партызаны. Цікава паглядзець на хлопца, што быў заарыштаваны палякамі. Панаса закідваюць пытаннямі. Ён не ўпраўляецца адказваць на іх. Ды пытанні і заўвагі часам такія, што на іх не канечне і адказы даваць.
Уся гэта абстаноўка для Панаса нязвычна, і ён адчувае сябе крыху не па сабе сярод тлумнага зборышча дарослых людзей. Ён шукае вачыма бацьку, але дзеда Талаша тут не відаць. Нарэшце да Панаса падыходзіць шырокі чалавек з жорсткімі вусамі. Ён скончыў гутарку з чалавекам з сякераю і палажыў у кішэню запісную кніжку.
— Ну, маладзец, як пажываеш? — пытае Панаса.
— Нічога, добра.
Панас стараецца быць чалавека смелым.
— Малайчына, — хваліць яго Букрэй, — ты павінен цяпер быць хвацкім салдатам… Хочаш ваяваць?
— Хачу, — храбра заяўляе Панас.
— Казак-хлопец!
Букрэй разгаварыўся з Панасам, распытваў яго, як паводзілася ў палякаў, што ён чуў там і бачыў. Панасу лёгка было адказваць на запытанні грознага на выгляд дзядзькі з жорсткімі вусамі: гэты дзядзька ўмеў стаць на роўную нагу з Панасам, умеў сказаць традны жарт і развесяліць хлопца.
— Ну, адпачывай, дружа, ды папраўляйся: моцныя людзі доўга не хварэюць, — сказаў ён, пагутарыўшы з Панасам.
Панаса накармілі і далі яму спакой. За ім даглядаў Нупрэй, за якім пачынала замацоўвацца слава доктара і санітара.
Дзеда Талаша і сапраўды не было тут.
Дзед Талаш трымае ў памяці свае словы. Сёння вечарам сходзіць тэрмін — ён павінен быць каля Доўгага Броду, як было дамоўлена з Мартынам Рылем. Цгліер дзед Талаш — вольны казак. Ён пазбыў свой цяжкі клопат, і яго бацькава гора абярнулася ў радасць: ён знайшоў свайго сына і даручыў яго надзейным людзям.
З ведама Букрэя ладзіцца дзед Талаш у свой паход к Доўгаму Броду. Людзі яму непатрэбны сёння, і ён мяркуе пайсці туды адзін, каб не турбаваць людзей. Але з ім самі выклікаюцца Купрыянчык і Аскерыч, яго верныя ваякі. Тлумачаць гэта тым, што аднаму чалавеку не выпадае цягацца ўночы. Апроч таго, ім хочацца пабачыць Мартына Рыля і яго карабін, хоць пра гэта яны не гавораць.
Ужо ноч густа спусціла свае шаты на лясы і балоты зацятага ў сваёй знямеласці Палесся, калі дзед Талаш і яго спадарожнікі прыйшлі к Доўгаму Броду. У дзеда Талаша была раней думка захапіць з сабою воўчую скуру: дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай скуры. Дзед Талаш любіў эфектныя сцэны. Але на воўчай скуры ляжаў у насілках Панас, і дзед не хацеў трывожыць сына дзеля эфектнасці моманту, тым болей што Мартын Рыль мог і не быць.
— Ну, стойце ж, мае сокалы, тут, а я адыдуся ды клікну маіх ваўкоў, — сказаў дзед Талаш і пайшоў далей.
Адышоўся дзед крокаў на пяцьдзесят, спыніўся, ссунуў з ілба шапку, паставіў кулак на кулак, зрабіўшы з іх трубу, кашлянуў, прыгнуўся і завыў у кулакі, завыў наўперад ціха, тоўста, а потым выццё яго мацнела і павышалася ў сваім тоне, а разам з гэтым паволі разгінаўся дзед Талаш, падымаў кулакі і галаву ўсё вышэй і вышэй і, нарэшце, усю гэту музыку скончыў страшным жудасным завываннем.
Трудна было паверыць, што гэта быў дзед Талаш, а не воўк.
— Ну і аматар, — дзівіўся Купрыянчык.
— Тфу, проста вусцішна! — азваўся Аскерыч.
Трошачкі счакаўшы, выццё, яшчэ болей жудаснае, паўтарылася зноў, а хвіліны праз дзве завыў дзед і ў трэці раз, ды так ужо завыў, што Купрыянчык з Аскерычам толькі ахнулі.
Як толькі скончыў дзед Талаш свой трэці воўчы вой, раптам непадалёку збоку грымнуў дружны магутны залп, перапалохаўшы сваёю неспадзяванасцю дзеда Талаша і яго ваяк: Мартын Рыль таксама любіў эфектныя сцэны. А праз хвіліну з мроку выплыла яго высокая постаць, а за ім цэлая чарада абаружаных людзей.