Выбрать главу

У той прыблізна час, калі Васіль Бусыга варочаўся ад павятовага "камісаржа", дзе ён убачыў арыштаванага Мартына Рыля, і разважаў над пытаннем сказаць аб гэтым Аўгіні ці не сказаць, Аўгіня разважала над пытаннем — схадзіць ёй у Вепры ці не. Ёй хацелася даведацца болей падрабязна, за што арыштавалі Мартына і што яму пагражае.

Яна знайшла прычыну схадзіць у Вепры: ёй трэба было занесці да свае маткі воўны, бо самой Аўгіні ўправіцца з пражаю трудна. У хаце застаўся дзед Купрыян, Васілёў бацька, і дзеці.

Адна акалічнасць балюча адгукнулася ў Аўгініным сэрцы: у Вепрах хадзілі ўпартыя чуткі, што арышт Мартына Рыля стаіць у простай залежнасці ад даносу Васіля Бусыгі. Няўжо ж Васіль дайшоў да таго, што ўжыў такі спосаб помсты? Аўгіня адчула тут і сваю віну. Яшчэ з першай ночы закралася ў Васіля чорная падазронасць супраць дзявоцтва маладой, увесь яго гнеў і затоеная нянавісць скіраваліся на Мартына Рыля. I гэта нянавісць жывілася ў ім двухсэнсоўнымі жартамі і намёкамі з боку таго ці другога прыяцеля. А пастаянным напамінкам пра гэта служыла Алеся, першае дзіця, нібы меўшая падабенства да Мартына Рыля. Васіль ненавідзеў Алесю, хоць адкрыта і не выказваў гэтага. Затое Аўгіня кампенсавала ёй бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. У тых разах, калі паміж Васілём і Аўгіняю вынікалі нелады, Аўгіня, на злосць Васілю, сумыслу дэманстравала сваю прывязанасць да Алесі. Звычайна ж пры іншых выпадках яна старалася гэта рабіць употайку ад Васіля. Хацелася Аўгіні зайсці да Евы, Мартьгаавай жонкі. Калісь дзяўчатамі яны сябравалі. Але дружба іх раскідалася, і не тады, калі Мартын быў нежанаты, а пасля. Хоць на гэтым грунце адкрытых канфліктаў між імі і не бывала, але іх раздзяліла мяжа адчужэння. Ева трымала ў сэрцы затоеную крыўду супраць Аўгіні. Аўгіня чула сваю віну і перад Еваю. Так і не адважылася зайсці да яе. I як было зайсці? Што сказаць? Паспачуваць ёй, што Васіль падкусіў, ды яшчэ як падкусіў Мартына? I якое мае яна, Аўгіня, права непакоіцца за Мартына? Сама ж яна выбрала Васіля, пагналася на яго багацце. Ну дык і цешся сваім Васілём і сваім багаццем!

Невясёлая вярнулася Аўгіня з Вепраў, і не было з кім ёй пагаварыць, развеяць непрыемны настрой, што цяжкім туманам віўся каля сэрца. I не выходзіла з галавы думка: няўжо Васіль дапусціўся да таго, што данёс польскай паліцыі на Мартына? Васіль яшчэ не вярнуўся ад пана Крулеўскага. Чаго ён пайшоў туды? Аўгіня не ўваходзіла ў Васілёвы справы, і Васіль не дужа ахвотна раскрываў ёй свае карты. Ён не залазіць у яе дробныя жаночыя справы і лічыць лішнім раіцца з ёю ў сваіх планах і гаспадарскіх меркаваннях. У гэтым сэнсе былі ў яго межы, за якія бабе наогул пераступаць не след. Ставіў жа ён Аўгіню перад тым ці іншым канкрэтным выпадкам як перад фактам, які не падлягае ніякаму абмеркаванню, ніякай дыскусіі. Аўгіня не зносіла калатні ў хаце. Яна не любіла надзьмутых і сярдзітых, бо сама была па натуры вясёлая і жывая, а таму часта ўступала, абы было ціха і спакойна ў хаце. Цяпер стан рэчаў павярнуўся так, што з усёю відавочнасцю сведчыў аб ненармальнасці такіх стасункаў і такіх поглядаў на хатнюю згоду, і ў ёй абуджаўся дух пратэсту.

Дзед Купрыян тупаў на двары, прыбіраў клуню, рабіў парадак у хлявах. Старасці ўласціва гэта дбанне аб парадку, аб драбязлівай эканомнасці, ад гэтага старыя людзі бываюць часта бурклівымі. Алеся — ёй было ўжо каля дзевяці гадкоў — сядзела за праснічкаю, завязаўшы чарнявую галоўку даволі замурзанаю хусткаю. Яна прывучалася прасці і смыкала грубыя ніткі кудзелі горшага гатунку, няёмка пакручваючы верацяно і насліньваючы тонкія пальчыкі. Два меншыя хлопчыкі забаўляліся сваімі дзіцячымі гульнямі.

Аўгіня ўвайшла ў хату.

— Прадзеш, мая дачушка? — лагодна, з матчынаю любасцю звярнулая яна да Алесі.

Аўгіня адчула асаблівую ласку да свае дачкі. Алеся ўсміхнулася матцы — яна ўжо ў хаце не дарма есць бацькаў хлеб — і спасцярожлівымі дзіцячымі вачыма, яснымі і чыстымі, як крыніца на цёмным дне, паглядзела ў матчыны вочы. Ад яе погляду не схавалася затоенае засмучэнне маткі. Але яна нічога не сказала ёй.

Першы раз за гады замужаства акінула Аўгіня крытычным вокам хату свайго мужа. Хата была прасторная і пабудаваная з адборнага матэрыялу. Значную частку хаты займала шырокая прысадзістая печ з ямкамі, пячуркамі, выступамі, карнізікамі і цэлымі катушкамі па баках, дзе хаваліся розныя рэчы хатняга ўжытку. Ад самай печы да процілеглай сцяны раскінуўся шырокі палок, такі шырокі, што на ім можна класціся спаць упоцерак. У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень суконныя коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу. Каля печы вышэй палка вьіступалі даволі шырокія палаці, дзе асталяваўся дзед Купрыян. Над пярэднім краем палка пад столлю быў прымацаван акуратны ашэстак, увешаны рознаю адзежаю: новымі кажухамі, чорнымі купленымі, жоўтымі з сваіх аўчын, халатамі, світкамі. Звісаючы з ашэстка, адзежа прыкрывала палок і адгароджвала яго ад хаты. Побач з палком каля сцяны стаяў з гарбатым пакатым вечкам пакоўны куфар, акованы лістовым жалезам. У куфры хаваліся яшчэ дзявочыя Аўгініны ўборы і дабро, набытае за часы замужаства: палотны, абрусы, настольнікі, ручнікі, хусткі, паясы, кофты і спадніцы.