Выбрать главу

Гэты куфар асабліва любіла Алеся. Бывала, астануцца яны з маткаю ў хаце, адчыняць куфар і пачнуць пераглядаць цікавыя рэчы: пярсцёнкі, што хаваліся ў прыскрынку, дарагія хусткі ў яркія бліскучыя, як агонь, кветкі з ліпкімі доўгімі брыжамі, рознакаляровыя стужкі. Для Алесі збірала маці і хавала гэта дабро, калі яна вырасце вялікаю.

Аўгініна маці не надбала сваёй дачцэ столькі дабра, але сёе-тое прынесла яна ў дом свайго мужа. У хаце і ў клеці, у клуні і хлявах дабра было многа, і дабро гэта расло і множылася. Але яно сёння не толькі не радавала Аўгіню, а дакарала і не цешыла.

Тым часам работа ў хаце не чакала. Па прывычцы Аўгіня ўзялася за яе. Трэба было прыгатаваць корму свінням нанач, хлеб расчыніць на заўтра, прынесці вады, дроў накласці ў печ і згатаваць вячэру. Аўгіня пераапранулася ў сваю штодзённую рабочую вопратку.

— Кідай, дачушка, прасніцу. Прынясі дзежку з клеці, няхай прыгрэецца ў хаце, — сказала яна.

Алеся патрошку памагала матцы. Аўгіня хацела аддаць яе ў школу, але Васіль не падтрымаў: Алеся і гэту зіму засталася дома. Цяпер Аўгіня цвёрда пастанавіла вучыць Алесю на другую зіму. Аўгіня была порсткая ў рабоце і адна спраўлялася ў хаце. Сама яна была непісьменная. Падзеі апошніх часоў пахіснулі яе погляд на трываласць пэўнага ладу жыцця. Ці даўно Васіль і сама яна дрыжалі за сваю гаспадарку, за свой набытак? Быў цар, яго скінулі. Была адна рэвалюцыя і новае начальства, усё гэта зноў змянілася. Былі бальшавікі. Пачалася новая вайна. Прыйшлі палякі. Але вайна з імі не скончылася, а што будзе далей, невядома. Сённяшні Аўгінін настрой быў такі, што яна нічога не мела супраць таго, каб бальшавікі вярнуліся. Усё ж свае людзі, а не палякі, што адразу пачалі з арыштаў.

Ужо надвячоркам вярнуўся Васіль Бусыга. Важнасці ў ім было цяпер яшчэ болей, як раніцаю. Пераступіў парог, абабіў снег з закарчанеўшых ад холаду ботаў, акінуў вачыма хату, ці ўсё ў ёй на месцы і ў парадку. Тады зняў шапку, зірнуў на абразы, як бы аддаючы святым падзяку за шчаслівы дзень, і потым, важна надзьмуўшы шчокі, — а гэта азначала, што ён трохі ўтаміўся, — стаў распранацца.

Васіль думаў, з чаго разгаварыцца. Выступаць адразу з паведамлення важнай навіны звычайна не практыкуецца. Так робяць дзеці. Людзі дарослыя падаюць сваю навіну з захаваннем пэўнай паступовасці, вылучаюць зручны момант. Хіба ўжо калі навіна экстраная, важная такая, што можа збіць з ног, то тады дарослыя людзі паступаюць па-дзяцінаму. Кінуўшы скосу погляд на Аўгіню, Васіль крыху сумеўся: Аўгіня ўхілялася глядзець у вочы Васілю. Відаць было, яна чымся засмучана і нездаволена. Гэтай акалічнасці Васіль не ўлічыў, і праграма гутаркі, зложаная ў дарозе, такім чынам парушалася.

— Ну, што ў цябе чуваць? — запытаўся Васіль не па праграме.

— Нічога, — даволі суха азвалася Аўгіня.

— Лепей нічога, чым благога, — дзелавіта заўважыў Васіль. Ён яшчэ болей пераканаўся, што Аўгіня чымся нездаволена, і прычыну гэтага нездавалення ён перш за ўсё адчуў у сабе. У чым жа канкрэтна яго віна? Ён выясніць яе ў далейшай гутарцы. Тым не меней акалічнасць гэта яго трохі расхаладзіла, і праграма яго зусім касавалася, але ён успомніў некаторыя моманты яеі. сказаў так, як думаў раней сказаць:

— Ну, Аўгіня, можаш павіншаваць мяне: я — войт!

— А хто гэта войт і хто паставіў цябе за войта? — варожасць пачулася ў голасе Аўгіні.

Такая манера запытання па меншай меры сведчыла аб непавазе да асобы войта і, па-другое, мела ў сабе як бы характар допыту. Не спадабалася гэта Васілю:

— Якая муха ўкусіла цябе сёння?

— Трэба з людзьмі ладзіць, а не з панамі. — Аўгіня на штось намякала. Васіль ускіпеў.