— З якімі гэта людзьмі? Што ты вучыш мяне?
Алеся са страхам зірнула на матку. Дужа баялася яна Васіля, асабліва калі ўваходзіў ён у злосць. Адчула набліжэнне буры і Аўгіня. Сварыцца яна не любіла, але з свае пазіцыі адступаць не хацела. Яна толькі мякчэй сказала:
— Паны твае ў паветры целяпаюцца. Яны так жа хутка могуць пакаціцца назад, як і прыкаціліся. А з людзьмі табе жыць трэба. Паслухаў бы, што людзі гавораць.
— Людзі? Талаш і Рыль? Тфу, твае людзі! Гэтых людзей гуртам ганяюць, як тавар, ды ў астрогі садзяць. Волі захацелі? Якой волі? Свавольства! Блазенства! Грабежніцтва! Але пазатыкаюць ім ненаедныя пасткі, гультаям, галадранцам, як старому разбойніку Талашу.
— А ты будзеш на паноў старацца ды людзей тапіць? — не сцярпела Аўгіня.
Злосна паглядзеў на яе Васіль.
— Не на паноў, а на цябе, курыная твая галава. На сябе буду старацца, на дзяцей, на сумленных гаспадароў… Людзей! Разбойнікаў, а не людзей.
Не па праграме выйшла гутарка, і войтаўская годнасць не дужа гладка і зусім без трыумфу ўвайшла ў сваю ўласную хату.
XX
Не было па глухіх закутках Палесся ні газет, ні тэлеграфаў, ні тэлефонаў — гэтых здабыткаў людскога розуму, гэтых перадатчыкаў вестак аб падзеях на свеце. Але весткі хадзілі па глухіх палескіх вёсках. Ад чалавека да чалавека, ад сяла да сяла вандравалі яны тысячамі дарог і сцежак і расказвалі аб падзеях, што тварыліся на Палессі, дзе асталяваліся палякі і заводзілі свой парадак. I ўспрымаліся гэтыя весці па-рознаму. Адных яны радавалі і абнадзейвалі, другіх засмучалі і трывожылі, у залежнасці ад таго, хто іх успрымаў і якія былі весці. Па-рознаму ўспрымалі іх Васіль Бусыга і Аўгіня.
Адна з такіх успрынятых па-рознаму вестак была весць аб тым, што грамада арыштаваных сялян раззброіла польскі канвой і разбеглася па лясах. Аўгіня ўжо ведала аб арышце Мартына Рыля. Дачуўшыся аб раззбраенні польскага канвоя, яна павесялела: у яе сэрцы радзілася надзея, што сярод уцёкшых з-пад арышту сялян быў і Мартын Рыль. Васіль Бусыга пахмурнеў: у яго сэрца закралася трывога, ці не было там Мартына Рыля, ці не на волі цяпер Мартын? Непакоіла яго і тая акалічнасць, што дзед Талаш хаваецца па лясах. Панаса забралі як заложніка, каб дзед Талаш прыйшоў і замяніў сына. Але дзед Талаш не спяшаецца. Або ён не ведае аб арышце Панаса, або штось тоіць на думках. Васілю, як войту, як чалавеку, што бароніць сваё ўласнае права і сваю волю, трэба аб гэтым падумаць і трэба нешта прыдумаць. Не пашкодзіць, можа, параіцца са сваімі аднадумнікамі. У гэтым кірунку шаволяцца Васілёвы думкі.
Аўгіня, хаваючыся ад Васіля, зайшла да бабкі Насты пасля таго, як забралі Панаса. Гэта быў якраз той дзень, калі дзед Талаш начаваў тут з Мартынам Рылем, а надосвіці падаліся ў лес. Бабка Наста сядзела на дубовай калодачцы каля печы, унурыўшыся ў свае нескладаныя, апавітыя журбою думкі. I сапраўды — крыўдна было бабцы Насце: жылі век у беднасці, ды хоць спакойна, не ведалі такога ліха, а цяпер яшчэ болыная беднасць і разбітае жыццё. Забралі Панаса, хочуць забраць і старога, і як яно што абернецца, невядома. У хаце, апроч бабкі Насты, нікога не было. Максім і Алена, яго жонка, — яна толькі сёння вярнулася ад бацькоў, — былі на двары, пілавалі дровы. Яны нядаўна пажаніліся, і дзяцей у іх яшчэ не было.
Чаго прыйшла сюды Аўгіня?
Яна прыйшла ў няяснай надзеі прачуць што-небудзь з таго, што займала яе мыслі. Ёй хацелася ведаць, чым жывуць, што думаюць гэтыя людзі, да якіх так варожа становіцца Васіль і людзі яго круга. Не мела пэўнасці Аўгіня ў тым, што выпадкам зложаны стан рэчаў у выніку бурлівага ходу падзей замацуецца. Яна была ў прамежку паміж заможнікамі і беднатою. Матывы асабістага парадку хілілі яе ў процілеглы Васілю бок, асабліва цяпер, калі Васілёва гаспадарка і яго войтаўства, так неасцярожна прынятае, могуць пайсці прахам.
Бабка Наста дужа здзівілася, калі Аўгіня ўвайшла ў хату.
— Дзень добры вам, бабка! — ветла і весела прывіталася Аўгіня. У голасе яе было так многа шчырасці, што бабка Наста крыху заспакоілася.
— Сядай, Аўгінька!
Бабка Наста заварушылася і нават хацела ўступіць Аўгіні сваю калодку.
— Нічога, бабка, я на хвіліну забегла да вас. Прысяду тут.
Аўгіня прысела на палок супроць бабкі Насты.
— Прыйшла я да вас, бабка, — Аўгіня адразу прыступіла да справы, каб паказаць, што яна сапраўды забегла на хвілінку, — ці не ўзялі б вы спрасці мне трохі кудзелі? Самой управіцца трудна.
Кудзеля тут была толькі зачэпкаю.
Бабка Наста ўздыхнула.
— Чаму ж, можна і папрасці. Работы ў хаце няма такой. Ды і Алена вярнулася ад бацькоў, і ёй няма чаго рабіць. Вечары доўгія, і дзень сцягваецца, калі работы няма. Сядзіш вось ды думаеш. Думаеш, думаеш, галава як кацёл зробіцца, і не ведаеш, куды падзецца, за што рукі зацяць. А тут яшчэ і газа выйшла, запаліць няма чаго, і дзе дастаць яе, ліха яе ведае.