Бабка Наста гаварыла доўга і многа. Адно слова чаплялася за другое, адна думка выклікала другую, і хоць моцнай сувязі паміж імі і не было, але гутарка лілася безупынным зацяжным восеньскім дожджыкам. Аўгіня ўважна слухала, ківала галавою ў знак згоды і глядзела на бабку ласкавымі, выразлівымі вачыма. I ёй таксама хацелася гаварыць. А гутарка між жанок — вір слоў, бясконцы паток іх.
— У мяне газы трохі ёсць у запасе. Я вам зашлю праз Алесю. А ўжо аб заплаце мы сойдземся, ці кудзеллю заплаціла б вам, ці скорамам.
— Ды ўжо ж памяркуемся, Аўгінька.
— А што чуваць у вас? — асцярожна, украдліва запытала Аўгіня.
— Ох, любая ты мая! — цяжка ўздыхнула бабка Наста, — такое ж ужо гора! Ды гэтакае ліха навалілася на нас!
Распачала бабка цэлую доўгую тыраду пра бяду наогул, а потым пачала доўгую гісторыю аб ліху, што налучыла іхнюю хату. Расказала і пра стажок, і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колькі страху нацярпеліся! А бедны Панас! Горкі плач перарываў бабчын расказ. Расказала, як арыштавалі Панаса і для чаго арыштавалі яго. Бабка так разгаварылася, што нічога не прапусціла ў гісторыі гэтых ліхіх падзей. Расказала яна і пра тое, што прыходзіў стары Талаш гэтаю ноччу з Мартынам Рылем.
— З Мартынам? — вырвалася ў Аўгіні.
— Ах, міленькія ж мае! — пляснула рукамі бабка Наста, — а нашто ж я расказала пра гэта? Мая ж ты мілая Аўгінька! Не кажы ж ты нікому пра гэта. Не кажы, што яны прыходзілі!
— Не бойцеся, бабка, мяне, дзецьмі прысягну, што нікому не скажу.
— Не кажы, мая любая! Ты ж — войтава жонка. А войт дабра нам не мысліць.
За бабчыну адкрытасць і шчырасць Аўгіня ад радаснай весці не магла стрымацца, каб не адказаць тым жа.
— Ой, бабулька Наста: гэта яго войтаўства мне ўпоперак горла стаіць. Пасварыліся з-за яго. Хто цябе, кажу, за войта ставіць? Нашто табе, кажу, з панамі знацца? Табе з людзьмі, кажу, трэба жыць і ладзіць з імі трэба. Не залюбіў. З якімі, кажа, людзьмі? З Талашом? З Мартынам?.. Вы яго асцерагайцеся, бабка: дурны ён і злы чалавек. Дык вось жа я вас папярэджваю. У Вепрах гавораць, што гэта ён Мартына ўдаў… Але ж і вы, бабка, нікому-нікому не кажыце, што гэта я вам казала.
Аўгіня, як і бабка Наста, спалохалася, што залішне сказала. У выніку, як і ў алгебры, мінус на мінус дае плюс: гэта лішніца, сказаная з аднаго і з другога боку, прымушала іх маўчаць і ў той жа час клала пачатак для ўзаемнага давер'я.
Васіль зайшоў да свайго прыяцеля Кандрата Біркі. Бірка добры гаспадар, хоць скупы і зажымісты. Рыжая, як агонь, барада і такія ж валасы, маленькія хітрыя вочкі сведчылі аб жорсткасці і драпежнасці яго натуры. Сюды падышоў яшчэ і Сымон Бруй, станавіты на выгляд мужык, разважлівы і спакойны. Яны — блізкія прыяцелі між сабою і самыя багатыя людзі на вёсцы. Кандрат і Сымон болей актыўна і жыва адгукнуліся на Васілёва паведамленне аб тым, што ён — войт. Гэта ў значнай ступені падняло Васілёў дух. Яму патрэбна была перш за ўсё нейкая маральная апора і спачуванне, чаго не знайшоў ён у Аўгіні. А калі Кандрат і Сымон азнаёміліся і з войтавымі абавязкамі, то актыўнасць іхняя і здаваленне з поваду прызначэння Васіля ў войты праявілася яшчэ з большаю сілаю.
Станавіты і разважлівы Бруй урачыста заявіў новаспечанаму войту:
— З цябе, брат, належыць фундацыя, — на што Васіль Бусыга выказаў поўную сваю згоду.
Ён нават падміргнуў сваім прыяцелям і таемна прызнаўся, што ў яго ёсць польскі спірытус пад прыгожаю назваю "злоты клос", і запрасіў іх на вечар да сябе.
А пасля ўжо гэтага пачалася гутарка, адпаведная войтавай годнасці.
— Дык значыцца — войт?
У гэтыя простыя словы Кандрат Бірка ўкладаў многа зместу.
— Войт, — важна пацвердзіў Бусыга.
— Раз войт, дык трэба і за парадкам дасачыць, — далучыўся да гутаркі Бруй, — а то ўжо на нашы голавы падымалася даўбежка — свярбелі рукі ў "таварышаў".
Вось тут ралтам усердаваўся Кандрат.
— Як ты дасочыш, калі, паміж намі кажучы, польскія салдаты — бабы: ну як гэта можна дапусціць, каб гэтыя самыя "таварышы" з голымі рукамі абяззброілі канвой? Смех адзін. А вось цяпер ты іх злаві, папрабуй. Пазашываюцца ў лес, і ўдзень ты іх са свечкаю не знойдзеш. А яны табе сядзець там будуць?
— I не сядзяць, ужо не сядзяць і не будуць сядзець. А вось прыйдзе вясна, тады, брат, разгону ім болей будзе. Разлайдачыліся. Давай ім усё: і зямлю, і гаспадарку. А яна табе, гаспадарка, сама прыйшла ў рукі? — Разважлівы Бруй сказаў цэлую ўсім вядомую прамову на тэму, чаму адны жывуць і хлеб маюць, а другія толькі на чужое дабро раты разяўляюць.