Выбрать главу

Выслухаўшы прыяцеляў, слова ўзяў сам войт. Ён заспакоіў іх. Страшнага няма нічога ў тым, што канвой абяззброілі. Такія выпадкі бывалі і бываюць, і свет ад іх не пераварочваўся. Але і нам што-колечы рабіць трэба, а не чакаць, покі цябе дзяліць прыйдуць.

— Што ж, нам ці што ў партызаны ісці? — запытаў Кандрат.

Разважлівы Бруй на ляту падхапіў думку:

— А ты кажаш праўду. Не пашкодзіла б нам сваіх партызанаў мець.

— А ты, Сымоне, праўду кажаш: трэба было б знайсці чалавека ды падаслаць да іх нібы іх хаўрусніка, — ухапіўся войт за гэту думку.

Прыяцелі знайшлі спосаб. Усім спадабалася такая камбінацыя, і яны сталі падшукваць адпаведнага чалавека. Называлі кандыдатаў. А ў кандыдатах ніколі нястачы не бывае на свеце. Знайшоўся падхадзяшчы чалавек і ў нашых прыяцеляў. Разважлівы Бруй назваў такога кандыдата, а прыяцелі дружна падтрымалі яго. Гэтым кандыдатам аказаўся Саўка Мільгун. Хто ж такі Саўка і ў чым яго кандыдацкія вартасці?

Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Гаспадаркаю ён не займаўся, гуляў, выпіваў, трохі краў і прыставаў да розных цёмных людзей. Яго можна было наняць на якую хочаш справу. Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супраць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Прасцей сказаць, прыяцелі прызначалі Саўку ролю правакатара і даносчыка.

Як толькі разышліся, па сяле прайшла чутка аб вепраўскіх падзеях. Гэта чутка дужа моцна ўсхвалявала сяло. Але і гэту весць людзі ўспрынялі па-рознаму. Васіль Бусыга адчуў здаваленне. Тая акалічнасць, што палякі спалілі Мартынаву хату, гаварыла за тое, што яны шукаюць Мартына і ўсю кампанію, што была з ім, і помсцяцца за раззбраенне канвоя. У той жа час на яго павявала непакоем: хто ж такі той невядомы, хто застрэліў польскага салдата і раніў другога? I яго не злавілі. Можа, гэта Талаш? А можа, Мартын?

Калі дачулася аб гэтым Аўгіня, то яна моцна затрывожылася. Нашто спалілі Мартынаву хату? Куды ж падзенецца яго сям'я? За што забілі Кандрата Буса, таго Кандрата, з якім яна калісь дружыла, які любіў яе? Ёй прыпомнілася, як ішла яна з Мартынам з Прыпяці, як сустрэўся ёй Кандрат Бус і яны пайшлі з ім поруч. Мартын угневаўся і не прыйшоў да яе. Цяпер усё гэта ўсплыло ў яе памяці, і яна асудзіла свой легкадумны ўчынак. Весць аб смерці Кандрата і аб падпале яго хаты зрабіла цяжкае ўражанне на Аўгіню. Яе цешыла толькі думка аб тым, што нехта невядомы папомсціўся за Кандрата і яго не злавілі. Хто ён? Можа, Мартын з дзедам Талашом? I гэта падобна было да праўды: яны сёння былі тут.

Першы прыйшоў да войта Кандрат Бірка. У хаце была адна Аўгіня і меншыя дзеці. Аўгіня стаяла каля печы, папраўляла вілкамі дровы. Кандрат паздароўкаўся і запыніўся каля Аўгіні. Ён ніколі не прапускаў здарэння, каб не зачапіць яе.

— Ой, холадна, Аўгінька! Ці няможна пагрэцца каля цябе? — сказаў ён і пасунуў сваю рыжую мардасіну бліжэй да Аўгінінага твару і абняў яе адною рукою.

Аўгіня рэзка павярнулася, хоць і сказала, што любіць рыжых, і вызвалілася ад яго рукі. Яна зараз жа стрымала сваю рэзкасць і лагодна зазірнула яму ў вочы, зазірнула так, як умела зазіраць яна.

— Бач, які ваяка: на бабу напаў. Ты б у лес пайшоў ды паваяваў.

Маленькія Кандратавы вочкі замасліліся.

— I зусім не нападаю: дакрануцца да цябе лічу за шчасце… Эх! — змяніў ён рэзка голас. — Ну, каб ты не была войтава жонка!.. Войта мне шкада. А ваяваць я не пайду: мы за сябе ваяку паставім.

I расказаў Аўгіні пра камбінацыю з Саўкам. Такой прыгожай жанчыне, ну хоць добраю навіною дагадзіць. Расказаўшы, самазадаволена захіхікаў.

XXI

Не толькі ў Віркуцці, але і шмат па якіх маёнтках акупаванага Палесся ладзілі паны пышныя банкеты польскаму афіцэрству. Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей. I тыя паны, што вярнуліся ў свае маёнткі, адчувалі сябе на сёмым небе і лічылі, што цяпер яны сапраўдныя, настаяшчыя, паўнапраўныя іх уладары. Уся палітычная абстаноўка складалася на іх карысць. Полынча мела сваю армію, узброеную на сродкі Антанты, якая адводзіла Полыпчы значную ролю ў вайне з Саветамі. Становішча ж Саветаў было дужа цяжкае.

Ім прыходзілася напружваць сілы супраць насядаўшай з усіх бакоў контррэвалюцыі ва ўмовах эканамічнай разрухі, нястачы, голаду і цяжкай спадчыннасці, пакінутай царызмам. Усё гэта палягчала задачу польскай ваеншчыне і жывіла надзеі польскай буржуазіі на перамогу ў вайне з Саветамі.