Самая прыкрая рэч, калі чалавек знаходзіцца ў стане поўнага няведання. Што ведае Нявідны аб вёсцы Паставы? Нічога. Ведае толькі, што яна знаходзіцца пад палякамі, што ў Паставах, як і ў кожнай занятай палякамі вёсцы, ёсць іх шпіёны і агенты, што час ад часу паяўляюцца там польскія раз'езды і наезды. Вось чаму Нявідны ідзе асцярожна. Ён ведае, як зорка сочаць жандары, паліцыя і польская контрразведка за такімі небяспечнымі людзьмі, як ён. Ведае, што чакае яго, калі ён пападзецца ў іх рукі. Шкада не толькі волі, жыцця, а шкада і правалу той работы, якую даручыла яму партыя.
Перш чым увайсці ў вёску, ён стаіўся ў лазовых кустах каля замёрзлай рэчкі і стаў прыглядацца і слухаць. У вёсцы было ціха і бязлюдна. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Але момант гэты не налучаўся.
I раптам дзесь збоку на рэчцы пачуліся дзяціныя галасы. За кудамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Было іх пяцёра. Яны працерлі нагамі вузенькія доўгія сцежкі на лёдзе і коўзаліся, хто на дзервяных чурбаках, прыладзіўшы іх да лапця, а хто проста з разгону на сваіх нагах, абутых у самыя прымітыўныя лапці. Адзетыя яны былі ў старыя латаныя суконныя халацікі, падпяразаныя даматканымі каляровымі паясамі. На нагах смешна варушыліся радняныя нагавіцы. З-пад расхлістаных халацікаў віднеліся голыя грудзіны. Шапкі на іх былі самыя разнастайныя, непамерна вялікія, зімовыя ці проста летнія. Але хлопцам было весела. Яны громка перакідаліся словамі, часамі лаяліся і звонка рагаталі.
Нявідны адчуў нейкую радасць, калі да яго слыху данёсся гэты шчэбет дзіцячых галасоў, а іх постаці паказаліся перад яго вачыма. Каб не спалохаць іх, ён асцярожна выйшаў з кустоў і памаленьку падаўся ў іх бок, бесклапотна высвістваючы нейкі матыўчык вясёлай песні. Хлапчукі раптам навастрыліся і змоўклі.
— Гуляйце, хлопчыкі, гуляйце! Не бойцеся!
— Мы не баімося! — храбра адказаў адзін з іх.
Нявідны падышоў бліжэй. Хлопцы ўсё ж не зусім верылі яму і пазіралі спасцярожліва, прыпыніўшы свае забаўкі.
— А чаму вы, хлопцы, у школу не ходзіце, а коўзаецеся?
— Настаўніка няма! — дружна адказалі хлопцы.
Нявідны відавочна затрывожыўся.
— А дзе ж ваш настаўнік?
— Палякі забралі.
— Арыштавалі?
— Эге ж! — пачуліся іх галасы.
Нявідны сумеўся. Весць гэта яго моцна ўразіла.
— А калі яго арыштавалі?
— Учора.
Настала кароткае маўчанне. Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага.
— А скажыце, — парушыў ён маўчанне, — Нічыпар Барэйка дома ці не?
Галасы хлопцаў падзяліліся. Адны казалі дома, другія — не. Яны зусім асвойталіся з Нявідным і лічылі яго за чалавека, з якім можна гутарыць смела. Яны адказвалі наўперад разам, але ў болей трудных выпадках, дзе адказ на запытанне павінен быць асцярожным і дыпламатычным, адказваў старшы з іх, Мікіта Гулік. Ён зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар. Каб скончыць спрэчку, умяшаўся і Нявідны.
— Калі ён дома, то скажы, няхай падыдзе сюды: яго, скажы, хоча пабачыць Нявідны.
Ахвотны Міхалка хацеў ужо бегчы, але Нявідны затрымаў яго.
— Пачакай трошкі!.. А палякі ёсць у вёсцы? — запытаў ён хлопцаў.
— Цяпер няма, — адказаў Міхалка, — але яны стаяць тут блізка.
— Дык ты, браток, перадай Нічыпару ціхенька, каб ніхто не чуў.
Міхалка пабег, а Нявідны стаў гутарыць з хлопцамі.
— Ну, як — добра вам жыць пры паляках?
Хлопцы ўтупілі вочы. Відаць, яны ўсё ж не адважваліся казаць тое, што думалі; боязна памыліцца. Нарэшце Мікіта сказаў з адценнем журбы ў голасе:
— Не, нядобра!
— Чаму?
— Ды вось забралі нашага настаўніка. Хлеб, жыўнасць адбіраюць. А калі хто трошкі пачне спірацца, таго б'юць.