Выбрать главу

— Да бацькоў пайшла, панок! — у страху адказала бабка Наста.

— А ты не кламеш? — зноў запытаў жалнер.

Бабка не зразумела і маўчала.

— А ты вадзіў кампанію з бальшавікамі? — раптам запытаў другі жалнер Панаса.

— Не! — адказаў хлопед.

— А бальшавікі стаялі ў вас? — дапытваліся жалнеры.

— Стаялі па хатах. Усюды стаялі.

— А чаму гэта вашу хату абраў бальшавіцкі камісар?

— А ці я ведаю? — паціснуў плячамі Панас.

— О, пся маць ваша! Бальшавікі!.. А дзе бацька?

Нашумеўшы, пагразіўшы, жалнеры выйшлі з хаты.

Яшчэ ў болыпым страху калацілася бабка Наста. Што ж будзе са старым? I дзе ён? Можа, дзе злавілі ўжо яго? Нарэшце надумалася шукаць потайкам дзеда і папярэдзіць яго, каб не ішоў дахаты.

IV

Дзед Талаш не зразу пайшоў на сваю сядзібу. Яго пацягнула на тое месца, дзе стаяў стажок і дзе адбылася яго баталія з жалнерамі. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна ўзіраецца перад сабою. Стажка не было. Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. У гэты момант раптам штось мільгнула непадалёку ад стажарышча. Пазірае дзед Талаш — чалавечая постаць! Хто ж бы гэта быў такі? То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок.

На тым месцы, дзе быў стажок, яна запынілася на моманту пастаяла, паслухала, а потым накіравалася ў хмыз. Яшчэ момант, і пачуўся нясмелы воклік:

— Го-го!

— Го! — адгукнуўся дзед Талаш, пазнаўшы голас свайго Панаса.

Бацька і сын сышліся ў хмызняку.

— А я цябе каравулю, бацька! — ціхім голасам загаманіў Панас.

— Ну? — адазваўся стары Талаш, адчуваючы нешта новае ў голасе сына.

— У вёсцы палякі… Цябе шукаюць.

Бацька і сын прымоўклі на момант.

— Ты сёння дома не начуй, — парушыў маўчанне Панас.

Стары Талаш пачухаў патыліцу.

— А як маці? — запытаў ён.

— Нічога. Напалохалася трохі палякаў. Баіцца, каб не злавілі цябе. Кажа, каб ты не ішоў цяпер дадому… Вось хлеб і сала.

Панас зняў з-за плячэй даволі ёмкую торбу, гэты адвечны пашпарт сялянскай долі. Некалькі часу торба заставалася ў Панасавых руках. Стары маўчаў, як бы ўзважваючы словы свайго сына, а потым моўчкі ўзяў торбу.

— А сена ўсё забралі?

— Усё… Аставаўся возік, дык загадалі Максіму адвезці і той.

— Го, абармоты! Няма на іх упадку! — з горыччу патрос дзед галавою. — I чым жа худобу карміцьмем?.. Максім яшчэ не вярнуўся?

— Не.

Прымоўклі. Густы мрок звісаў пад Палессем. У аголеных кустах пашумліваў вецер, і маркотна шуршэлі белыя струменні снегу ў парыжэлай траве. Сяло прытоена маўчала. Толькі сабакі, патрывожаныя ўварваннем няпрошаных гасцей, запоўніўшых двары, пераклікаліся злосна-варожым брэхам і жудасным падвываннем.

— Вернецца Максім, дык няхай паедзе да Лабузы ў Прыцькі пазычыць сена, — старога дужа заклапочвала пытанне аб корме для жывёлы.

— Ды мы худобу пракормім, — падвясельваў бацьку Панас, — сена дастанем, насячом гучкоў, вецця, галін — не падохне жывёла.

— Эге ж, старайцесягсынку!

— Ты, бацька, ідзі ў Макушыц, да Параскі і жыві там. Калі што, дык я падбягу туды. \

Параска — замужняя дзедава д^чка.

— Э, — махнуў рукою дзед Талаш, — аба мне, сынку, клопат малы… Не ведаеш, як многа тут палякаў?

Відаць, дзеда Талаша займалі нейкія думкі.

— Многа! — панізіў голас Панас, — не меней як дзвесце! Ды кажуць, што і ў Вепрах іх чортава цьма.

На развітанне ўмовіліся, дзе сустрэнуцца заўтра. I наказаў яшчэ дзед Панасу быць асцярожным ды прачуваць сёе-тое аб паляках. Назначылі час сустрэчы і разышліся.

Дні трывог, страху і непакою пачаліся для дзеда Талаша і яго сям'і. Гаравала бабка Наста. Гэткае ж ліха ўварвалася ў іх жыццё! I дзе тая справядлівасць на свеце? За што павінен бадзяцца стары? Каго ён чапаў? Каму замінаў жыць, што ён змушаны цяпер, як бяздомнік, туляцца па лясах, па чужых кутках? I так шкада ёй стала старога, і такі жаль агарнуў яе, што яна заплакала. I Максіма з канём пагналі невядома куды. Сваё ж дабро прымусілі везці нейкаму лысаму чорту, а худоба здыхай з голаду. Ды яшчэ ці пусцяць яго, ці вернецца? Сям'я разбіта, параскідана, і невядома, як яно што будзе.

Сядзіць бабка Наста адна ў хаце. Газовачка цьмяна курыць на пяколку. А ў хаце так ціха! Так маўкліва і няветла пазірае ў вокны з двара ноч, і ціхенька скаголіць у коміне вецер, як бы ўторыць невясёлым бабчыным думкам.

Стук у дзверы распужаў гэтыя думкі.

Бабка наўперад зірнула ў акенца.

— Гэта я! — пачуўся голас з двара каля дзвярэй.