Выбрать главу

Васіль прыпыніўся ў прыхаваным закутку, пазіраў на Талашову хату і разважаў. Тут прыйшла яму ў галаву Думка, — ці не лепей было б проста паставіць патайную варту, нават з польскіх салдат? Хіба пагаварыць аб гэтым з панам Крулеўскім? Не, трэба счакаць яшчэ: ану ж з'явіцца Саўка з добраю навіною. I бачыць Васіль: з двара Талашовай хаты выходзіць жаночая постаць. Жанчына спасцярожліва азірнулася па баках і борздзенька накіравалася ў бок сяла, але не пайшла вуліцаю, а павярнула загуменнем у задворкі. На дварэ ўжо змерклася, і пазнаць жанчыну было трудна. Васіль зацікавіўся і нават злёгку захваляваўся і выйшаў з свае засады, не спускаючы жанчыны з вока. Туляючыся каля будынкаў, ён пайшоў назіркам туды, куды пайшла і жанчына. На сярэДзіне сяла ён згубіў яе. Як ганчак, збіўшыся з зайцавага сдеду, Васіль прашнураваў туды і сюды, а потым выбег на вуліцу: тая ж жаночая постаць мільгнула на вуліцы і шмыгнула ў вароты войтавага двара. I толькі цяпер ён пазнаў, што гэта Аўгіня, яго жонка! Здзіўлены і яшчэ болей усхваляваны войт спыніўся, як аслупянелы: чаго хадзіла яна туды? Які мае там яна інтарэс? Цэлы жмут думак і пачуццяў калыхнуўся ў Васілёвым сэрцы. Страшная думка раптам працяла яму галаву: ці не хадзіла яна на пабачэнне з Мартынам Рылем? Аж горача зрабілася войту. Як жа дазнацца яму праўды? Чаго яна хадзіла туды? Чаго? I да каго хадзіла? Да яго заклятага ворага.

Войт зусім разгубіўся. Шалёная злосць праіііыбла яго ўсяго. Ён парывіста рушыў у свой двор, каб не даць апамятавацца здрадлівай жонцы і захапіць яе знянацку. Злы, раз'юшаны, са сцятымі зубамі і з ссунутымі брывамі, пераступіў ён парог свае хаты. Аўгініны вочы — зоркія вочы: яна заўважыла Васіля, калі ён ішоў за ёй назіркам, і адразу пачула, што папалася і што з-за гэтага будзе вялікая перапалка, а можа, яшчэ і горшае што. Выкручвацца тут не выпадала. Апраўдвацца, — але ў чым? Яна ж проста хадзіла да бабкі Насты. Хіба яна не мае права хадзіць, куды яна хоча? Што ёй да таго, што ён закляты вораг старога Талаша? Але ўеё ж нейкі голас з нутра ёй пярэчыў — раз ён твой муж, *о з мужам ты павінна быць заадно. Ды голас гэты быў дужа слабы, і слухаць яго яна не хацела. I Аўгіня спакойна, як чалавек, упэўнены ў немінучасці ліха, гадала, з якога боку і з якой сілай наваліцца на яе гэта ліха.

— Ты дзе была? — націскаючы на "дзе", запытаў Васіль, а зеленкаватыя, поўныя падазронасці вочы яго пазіралі на Аўгіню. Аўгіня старалася не глядзець на Васіля і, толькі пачуўшы грозны тон у яго голасе, зірнула на яго халоднымі, чужымі і безуважнымі вачыма.

— А што табе да таго, дзе я была? I чаго ты глядзіш такім зверам?.. Не баюся я цябе! — апошнія словы яна сказала ўзняўшы голас.

— Кажы, дзе была, гадзюка ты, шлюха! — загрымеў на ўсю хату Васіль, сашчаміўшы зубы, і ўсутыч падступіўся да Аўгіні.

Голас яго адбіўся ў кожным закутку хаты і вострым болем адгукнуўся ў сэрцы дзяцей. Як асіна, закалацілася Алеся. З немым крыкам, белая як палатно, кінулася яна да маткі, абняла яе моцна рукамі, каб загарадзіць яе сваім кволым дзіцячым целам ад бацькавай ярасці. Пятрок і Грышка знямелі ад страху, стаіліся каля печы і пазіралі на бацькоў перапалоханымі вочкамі. Нават дзед Купрыян прысеў на палатках і падняў на Васіля свае мутныя старэчыя вочы.

— Чаго іх там чэрці дрэнчаць? — ціха сказаў ён хутчэй да самога сябе, чым да Васіля і Аўгіні. Хацеў яшчэ параіць Васілю ўзяць лейцы ды лепей лейцамі сцебануць разы са два, калі яна вінавата, але не сказаў і толькі патрос галавою.

— Горшай гадзюкі, як ты, няма. Чаго ашчэрыўся, як звер? Дзяцей насмерць перапалохаў. Чым яны вінаваты? — спакойна, але цвёрда азвалася Аўгіня. Яна ўся траслася, але раўнавагі не губляла.

— Прызнавайся, чаго ты хадзіла да старога разбойніка?

Замест адказу Аўгіня схапіла клубок нітак, шпурнула ім у чорную Васілёву бараду.

— Вось па што хадзіла. З'еш яго!

Клубок ніцяў, кінуты Аўгіняй у войтаву асобу, адыграў ролю халоднага душа. Збіты з тропу, Васіль недаўменна пераводзіў вочы то на клубок, то на Аўгіню. У гэтай стычцы з Аўгіняй ён чакаў дазнацца чагось большага і страшнейшага за гэты клуб ніцяў. Запал яго асеў, гарачка спала. Цяпер кіраўніцтва далейшаю сваркаю ўзяў у ім войт.

— А чаму гэта ты носіш туды кудзелю?

— А ты што ж — забароніш мне? — дзёрзка запытала Аўгіня.

— I забараню! — тупнуў нагою войт.

— Мамка, маўчы! Не сварыся з татам! — залямантавала Алеся, націскаючы на матку сваім кволым целам, каб адвесці яе далей ад грознага і страшнага войта.

— Я не твая падданая і не нявольніца, каб слухаць твае забароны!

Войт шырока расплюшчыў вочы.

— Дзе ж гэта набралася ты такой вольнасці? — злы смех пачуўся ў войтавым запытанні. — Можа, і ты ў лес збіраешся?