— Ды ўжо лепей у лес ісці, як быць войтам, як ты.
Новая хваля злосці пашыбла войта. Але ён цяпер ужо не схібіць — у яго ёсць цвёрдая лінія, і ён ведае, як павесці справу, і ведае, чым кончыць сваю гэту стычку з Аўгіняю.
— Гэта ты ў Талашоў набралася такога розуму? Ці, можа, навучыў цябе Мартын?
Назваўшы Мартына, Васіль зразу адчуў усю нянавісць да яго і да Аўгіні. Таксама і Аўгіня не магла спакойна пачуць гэта імя.
— Хто б сабе ні вучыў, абы навучыў. А вось цябе дык ніхто не навучыць. I людзі глядзяць на цябе, як на воўка… Ты сам сабе яму капаеш…
— Ты мне капаеш яму! — перапыніў Аўгіню Васіль. — Як ты смееш хадзіць да гэтых Талашоў і кампанаваць з імі? Хіба гэта людзі? Разбойнікі, галадранцы, злачынцы. Ці табе хлеб мой гаспадарскі надакучыў? Ці табе няма ў што адзецца, што водзіш з імі дружбу? Хто ж ты пасля гэтага?
— Што ты папікаеш мяне сваім хлебам? — заваблівыя Аўгініны вочы сталі злымі і халоднымі. — Хіба ж я не працавала? Не зарабіла сабе на хлеб, на адзежу?
Яна заплакала і, змяніўшы голас, сказала:
— Дык няхай жа ён агнём пойдзе твой хлеб і твая адзежа! Лепш бы я батрачкаю засталася!
— А! Абжэрлася! Батрацтва захацела? — Васілёвы губы пачварна скрывіліся, чорная барада заківалася. — Дык забірай свайго байструка і — марш з мае хаты! Вон, каб тут і смуроду твайго не было! Не трэба мне здрадніцы і ворага ў хаце! Вон!
Схапіў за плячук Аўгіню і з сілаю штурхнуў яе ў дзверы. Алеся, прыліпшы да маткі, хіснулася разам з ёю і стукнулася галавою аб касяк. Яна схапілася рукою за галаву, але не плакала і не крычала, а толькі калацілася ўся, як у ліхаманцы. Пятрок і Грышка кінуліся з плачам да маткі і таксама пачапляліся ручкамі за яе адзежу.
Такая горкая крыўда і такая абраза!
Нічога падобнага не зрабіў так з Аўгіняй ніхто на свеце. Яна сама перапалохалася не менш за Алесю. Жахліва зірнула на раз'юшанага войта, потым прытуліла Алесю.
— Дачушка мая! Галоўку табе пабіў гэты звер?
— Мамка! Нашто ты сварылася з татам? — з дакорам запытала матку ціхенька Алеся.
А Васіль у парыве дзікага буйства рынуўся да ашэстка, стаў зрываць Аўгініну і Алесіну адзежу і кідаць яе пад ногі.
— Забірайце свае транты і не мазольце мне вачэй! Годзе!
Потым паваліў на бок куфар, ускочыў на яго з ботамі і пачаў таптаць і біць яго абцасамі.
Аўгіня моўчкі надзела кароткі кажушок, накінула на галаву цёплую хустку, адзела Алесю.
— Пойдзем, дачушка, нам няма тут месца.
Пятрок і Грышка паднялі лямант.
— Не ідзі, маці!
— I мы з табою?
— Марш на печ! — тупнуў на іх бацька.
Хлопчыкі пакорна выпусцілі з рук матчын кажушок і з апушчанымі галовамі пашыбавалі ў падсуседзі да дзеда Купрыяна і там пачалі голасна плакаць.
— Не плачце, дзеткі! — Сказала да іх маці. — Я вярнуся і вас вазьму.
— А скулу табе! — крычаў Васіль. — Хопіць з цябе твайго байструка!
— Ну, гэта мы яшчэ пабачым, — і пагроза чулася ў Аўгініным голасе.
Васіль расчыніў дзверы. Аўгіня, не чакаючы новага штурхеля, узяла за руку Алесю і выступіла за парог у цемру зімняга вечара.
Назаўтра па вёсцы Прымакі — так звалася вёска, дзе жыў дзед Талаш, — толькі і гутаркі было, што пра Аўгіню ды пра яе сварку з войтам Васілём Бусыгам. А пад вечар таго ж дня другая навіна не меней здзівіла Прымакі: Талашова хата і ўсе яго будынкі засталіся пустымі, пакінутымі гаспадарамі.
XXVII
У Саўкі Мільгуна выпрацаваўся свой погляд на рэчы: лепей спазніцца, чым не ў часе схапіцца. Вось чаму, развітаўшыся з Максімам, павольна, не спяшаючыся, пасоўваўся ён у бок Вепраў. Ды і чаго наогул спяшацца? Усё роўна, спяшайся не спяшайся, а свайго не мінеш. У Вепрах Саўка запыніўся на некаторы час: былі ўсе падставы для таго, каб пабыць там даўжэй. Па-першае, там было многа народу, моцна пакрыўджанага палякамі: у Вепрах палякі забілі Кандрата Буса, спалілі Мартынаву хату. Наогул Вепры абадралі яны, як ліпку. Па-другое, у Вепрах былі і Саўкавы прыяцелі, даўнейшыя хаўруснікі па часці канакрадства. Праўда, справы гэта ўжо не такія пачэсныя, каб на іх тут доўга спыняцца і раззвоньваць, але ўспомніць пра іх у добрай кампаніі пры чарцы самагону ўсё ж можна было, асабліва калі прыняць пад увагу, што рабіліся яны яшчэ за царом. А ў Саўкі якраз і аванс быў, выданы яму войтам і яго прыяцелямі. Такім чынам, У Вепрах прабыў Саўка дзён тры ці чатыры. I трэба сказаць, дарма часу ён і тут не зводзіў: і тут ён пашыраў, праўда, пад вялікім сакрэтам, тыя ж погляды, аб якіх расказваў Максіму, гаварыў аб сваім замаху стаць партызанам. У гэтай справе ён ужо набіў, як кажуць, руку. Ён так захапіўся партызанствам, што і сам пачынаў верыць у яго. Але за гэты час адбыліся некаторыя падзеі, у выніку чаго сюды, у Вепры, прыйшла Талашова нявестка і таксама па сакрэту расказала Мартынавай жонцы пра тую ролю, якую адвялі Саўку войт і яго прыяцелі. Вепраўцы, дачуўшыся аб гэтым, былі дужа абураны, і невядома што сталася б тут з Саўкам, калі б не прыйшоў сюды Талашоў Максім і не перадаў загад свайго бацькі накіраваць Саўку ў Карначы да Цімоха Будзіка. Гэтым вырашэннем справы ўсе засталіся здаволены: сам Максім, бо ён выпаўніў бацькаў загад знайсці Саўку, каб накіраваць яго да Будзіка; вепраўцы — ім не трэба было думаць, што зрабіць з Саўкам. Здаволены быў і Саўка: ён знайшоў тое, чаго шукаў.