Выбрать главу

Зашумелі суровыя галасы абурэння. На Саўку Мільгуна пасыпаўся цэлы град крэпкіх слоў і жорсткіх праклёнаў. Нарэшце ўсё гэта вылілася амаль аднагалосна ў суровы прысуд:

— Застрэліць гада!

— Павесіць здрадніка!

— Ды ўжо ж не пашкадуем яго, — сказаў стары Талаш, — але ж за спіною Саўкі стаяць яшчэ болыпыя нашы ворагі: сам войт Бусыга, Бірка і Бруй. Што ж яны за божыя ўнукі? Так ім і падараваць?

— I ім туды дарога! — пачуліся грозныя галасы.

Мартын Рыль стаяў пануры. Думаў аб тым, у якім асяроддзі жыве Аўгіня. Няўжо яна не ведае аб гэтай змове свайго мужа і яго прыяцеляў? Не выказаўся таксама і Марка Балук.

— А ты як мяркуеш, сынку? — запытаў у яго дзед Талаш.

Балук усміхнуўся.

— А я, бацька, вось як мяркую. Калі да нас прыйдзе Саўка і раскапае тое, што яму трэба, дык яго трэба пусціць.

— Як жа пускаць такога гада? — запытаў Цімох Будзік.

— А вот вы слухайце.

I Марку слухалі з напружанай увагай.

— Саўка пойдзе і раскажа таму, хто паслаў яго. А яны пойдуць і заявяць пра гэта ў паліцыю. I Саўка прывядзе сюды паліцыю ці салдат. Вось тут і трэба падкаравуліць і сустрэць іх так, каб ніхто з іх не вярнуўся з лесу.

— А ты праўду кажаш, сынку. Эге ж! Залатая ў цябе галава. Не горшая, як у Букрэя.

Усім спадабалася Балукова выдумка і гуртом прыступілі да распрацоўкі ўсяго плана.

Дзён праз колькі пасля гэтага прывёў Цімох сюды Саўку. Дарогаю расказаў яму, што партызанскі атаман стары Талаш з меншым сынам Панасам і з Мартынам Рылем хаваюцца ў лесе, начуюць у салашы.

А салаш гэты зрабілі спецыяльна для таго, каб ашукаць Саўку, спадзеючыся, што Саўка раскажа аб гэтым войту, а войт ужо зробіць усё, каб прыйшлі сюды палякі, і Саўка напэўна прывядзе іх.

Дзед Талаш сядзеў у салашы на дубовай калодцы, з важнаю і гордаю мінаю партызанскага атамана, пыхкаў люлькаю, выпускаючы струменьчыкі сіняга дыму. Перад ім курыўся невялічкі агеньчык. У салашы ляжала салома і жорсткае сена. Некалькі дзяружак, скамечаных і кінутых як папала, сведчылі аб тым, што тут начуюць людзі.

— Вось, бацька, прывёў я ваяку! Партызанам хоча быць, — адрэкамендаваў Цімох Саўку Мільгуна.

— Добра, сынку, добра!.. Ну, здароў, Саўка!

Дзед Талаш падаў Саўку руку.

— Што ж павяло цябе на гэту справу?

— Не магу змірыцца — такія крыўды чыняцца людзям.

— А якую маеш крыўду?

— Мяне яны, сказаць, не пакрыўдзілі. Але не магу спакойна глядзець, як другіх крыўдзяць. Вы ж ведаеце. А пра вас так многа гавораць, што мне проста захацелася з вамі быць, біцца з панамі насмерць. На ліха яны здаліся?

— Ну, добра. Мы цябе прымаем, але памятай — слухаць павінен. У нас па-ваеннаму, строга! Дамо табе даручэнне, ты мусіш яго выпаўніць.

— Усё буду рабіць, што загадаеце! — горача заявіў Саўка.

Дзед паглядзеў на яго. Саўка і вокам не змаргнуў.

— Дужа добра! Дык вось на першых часах ты павінен Да палякаў прыглядацца, разведваць, дзе іх войска, куды яго гоняць. Ды глядзі, сынку, язык трымай за зубамі. Што ведаеш пра нас, нікому ні гу-гу.

— Вядомая рэч, ці я не ведаю? — падхапіў Саўка.

— Ну вось і ўсё покі што. Старайся, сынку!

Саўка, як злодзей, украдкай агледзеў салаш і лес.

— I вы, бацька, адзін жывяце тут? — пацікавіўся Саўка.

— Усяляк бывае: і адзін і хто-небудзь у падсуседзі прыйдзе. Прыходзь жа сюды не пазней трох дзён, раскажаш нам, што здабудзеш за гэты час. Апознішся, то, можа, мяне не застанеш тут.

На гэтым і скончыў дзед Талаш сваю аўдыенцыю.

У лесе на скрыжаванні дарог развітаўся Саўка з Цімохам. Унурыўшыся, ішоў ён праз лес. Першы раз у жыцці яго заскрэбла штосьці моцна-моцна. Яго пачынаў агортваць страх, і ён часамі жахаўся той ролі, якую навязалі яму войт і яго прыяцелі. У ім пачыналі варушыцца рэшткі сумлення. У яго вачах увесь час стаяў дзед Талаш. Яму чуўся нават яго голас. Куды ж ён, Саўка, ідзе? З чым ідзе? Што скажа? Скажа, дзе знаходзіцца дзед Талаш з сынам і з Мартынам Рылем. Ён проста прадасць іх, як прадаваў калісь крадзеных коней. Але адна справа жывёла, а гэта жывыя людзі, людзі, загнаныя ў трушчобы, як дзікія звяры, людзі, якія хочуць жыць і якія ніколі на бачылі дабра.