Нарэшце войт страціў цярпенне.
— Годзі задавацца, Саўка. Даволі камедыянцтва! Я знайду спосаб прымусіць цябе гаварыць тое, што трэба.
— Ты прымусіш мяне гаварыць пра тое, што вам трэба? Гаварыць пра старога Талаша, пра Мартына Рыля, дзе і як знайсці іх? Дудкі, ідзіце самі ды пашукайце іх. А я вам больш не слуга!
Саўка стаў на ногі і падпёр кулакамі бакі, паваліўшы на стол шклянку і бутэльку з недапітым самагонам. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Войту зусім не спадабалася такая гордая пастава Саўкі Мільгуна. Сярдзіта паглядалі на яго і войтавы прыяцелі.
Войт крута павярнуўся да Саўкі ўсім корпусам.
— Што ты казырышся тут? — крыкнуў на Саўку. — Сядзь!
I ў той жа момант схапіў яго за плечы і з сілаю ціскануў, каб пасадзіць Саўку на лаву. Саўка ўскінуў угору пругкімі локцямі і адным локцем крэпка стукнуў войта па носе.
— Прэч, панскі папіхач!
Войт не знёс гэтай абразы. Размахнуўся і трэснуў Саўку ў зубы. Падняўся шум, крык. Яны счапіліся і з усёй сілы пачалі штурхаць і лупіць адзін аднаго. Бірка і Бруй кінуліся памагаць войту. Саўка схапіў са стала нож з вострым канцом і пырнуў войта пад бок. Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок, а Саўка з усёй сілы штурхануў стол. Стол з громам бразнуўся на падлогу. Саўка, як тыгр, пераскочыў цераз яго, схапіў з крука шапку і кінуўся ў дзверы, а за ім Бірка і Бруй.
— Лаві, лаві яго! Каравул! — крычалі яны і гналіся за Саўкам, і гэты крык, як лямант роспачы, дрыгацеў у зацятай цемрадзі палескай ночы, будзячы і трывожачы заснуўшых сабак.
XXVIII
Саўка напэўна ўцёк бы, калі б за ім не пагналіся разам з гаспадарамі сабакі. Яго нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног, білі і мялі, а потым чуць жывога прывалаклі ў хату, дзе ў гэты час войту прамывалі і завязвалі рану. Рана аказалася неглыбокая і не дужа страшная, хоць нож і задзеў яму край печані, і войт знайшоў у сабе сілы, каб аддаць распараджэнне даставіць Саўку куды трэба і перадаць там, што Саўка меў зносіны з паўстанцамі. Хай учыняць яму належны допыт: Саўка ведае, дзе хаваюцца паўстанцы.
Для польскай контрразведкі Саўка Мільгун прадстаўляў дужа цікавую і дужа патрэбную знаходку. Вось чаму, калі там даведаліся, хто такі Саўка, куды і для чаго ён хадзіў і для якой ролі быў прызначан, кіраўнікі контрразведкі зрабілі экстраную нараду і пастанавілі зараз жа ўчыніць Саўку допыт, ужыўшы ўсе спосабы на тое, каб дабіцца ад яго патрэбнага паказання. Саўку надзелі наручнікі, абкружылі яго моцным канвоем і прывялі ў пакой допытаў.
Калі Саўка акінуў вокам гэты пакой з яго дзіўным абсталяваннем і з яго прыладамі, аб прызначэнні якіх ён з садрыганнем сэрца мог толькі дагадвацца, то дух яго апаў, і яму стала жудасна, хоць Саўка на сваім шляху прайшоў не адну камеру допытаў. Пакой гэты быў досыць прасторны. Пасярэдзіне пакоя стаяў грамозны дзябёлы стол. За сталом сядзелі тры асобы. Адзін з іх, рыжы таўстаморды мужчына, асабліва кідаўся ў вочы сваім жорсткім абліччам і тупою халоднасцю. Другі быў кароценькі і шустры, зкрываватым носам і гладка падбрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок, сам ён увесь варушыўся, ківаўся, гатовы, здаецца, пралезці ў самую маленькую шчылінку. Трэці, доўгі, худы і пануры, з зямлістым колерам твару, сядзеў над нейкаю паперкаю, углыбіўшыся ў чытанне, і рабіў сяды-тады ў ёй паметкі. Збоку ў сцяне віднеліся яшчэ адны дзверы, вузкія і нізкія, наганяўшыя страх і наводзіўшыя на невясёлыя думкі.
Некалькі хвілін на Саўку не зварачалі ўвагі. Трое сядзеўшых за сталом зрэдку перакідаліся паміж сабою глухімі сказамі ды ківалі галовамі ў знак згоды. Уся гэта абстаноўка і патаемнае перагаворванне прыгнятала Саўку і наводзіла на яго жудасць. Ён стаяў нерухліва, пазіраў у адзін пункт, каб паказаць сябе чалавекам лаяльным, ды чакаў са страхам, з якога боку і з якою сілаю паднімуць над ім абух. Яго мыслі, выбітыя з свае каляіны гэтаю неспадзяванаю праяваю, перабягалі з аднаго на другое, каб вырашыць цэлы рад неспакойных запытанняў.
Нарэшце рыжы, відаць, старшы з іх, падняў галаву і ўставіўся ў Саўку пранізлівымі лупатымі вачыма. Пазіраў з хвіліну, як бы зачароўваў яго.
— Ходзь тутэй! — ціха, але голасам уладнага загаду пазваў ён Саўку.
Саўка, змяты і збіты, у сіняках і з наручнікамі, ступіў крокі два да стала і спыніўся.
Шустры паўзіраўся ў Саўку мышынымі вочкамі. Салодзенькі смяшок яшчэ болей скрывіў яму нос.
— Дзе цябе так пабілі? — спагадліва запытаў Саўку.