Выбрать главу

Ад хвалявання і ад усяго перажытага за апошні час у Саўкі перасохла ў роце, і голас яго быў хрыплы.

— Выпівалі і пабіліся, — адрывіста адказаў Саўка і падумаў сам сабе, што не варта гаварыць многа, каб не заблытацца горай, а толькі адказваць на запытанне. Так гаварылі і людзі, прайшоўшыя практыку допытаў.

— Выпівалі і пабіліся! — паўтарыў шустры і вельмі хітра і мнагазначна пасміхнуўся, а гэты смех як бы казаў: "Расказвай, расказвай! А мы ведаем нешта іншае і шмат горшае".

Пасля допыт павёў рыжы. Ставіў адно пытанне за другім.

— Як завуць?

— Колькі гадоў?

— Чым займаўся?

— Ці судзіўся?

— За што судзіўся?

Усе гэтыя, як і іншыя, пытанні такога ж парадку для Саўкі былі ўжо няновыя, і ён адказваў на іх не адзін раз. Але і на гэтыя нескладаныя пытанні ён адказваў сумыслу трохі блытана, каб паказаць сваю дурноту: Саўка ведаў, што болей трудныя пытанні яго чакаюць наперадзе. I такія пытанні яму зараз жа і паставіў рыжы.

— Ты прызнаеш польскі "угконд"?

Саўка падумаў і сказаў:

— Прызнаю.

У такіх умовах Саўку трудна было не прызнаць польскага "ужонду".

— Ты ведаеш, — гаварыў далей рыжы, — што войт ёсць "польска асоба ужондова". Што ж змусіла цябе зрабіць замах на забойства войта?

— Замах на забойства? — здзівіўся Саўка. — Ніякага замаху на забойства я не меў, і ў думках у мяне гэтага не было.

— Але нож у бок ты ўсадзіў яму?

Саўка здзівіўся яшчэ болей. На яго твары адбіўся жах — ці можа гэта быць, каб ён усадзіў нож у бок войту?

— Дык хто ж усадзіў яму нож?

— Я не помню гэтага.

— Але ты помніш, што "выпівалі і пабіліся"? — з салодзенькім смяшком напомніў Саўку яго словы шустры.

— Што выпівалі і пабіліся, я гэта помню, але як пабіліся, ці кідаўся я на войта з нажом, не помню.

— А з-за чаго ў вас выйшла бойка?

Пытанне гэта для Саўкі было небяспечнае. Каб даць на яго адказ, трэба было шмат чаго расказаць. Саўка ж не ведаў, у якой ступені паінфармаваны яго следчыя. Лепш асцярожней, а потым відней будзе.

— У выпіўках заўсёды бываюць і сваркі і бойкі. Я быў п'яны і нічога не помню, — як за якар збавення, ухапіўся Саўка за п'янства.

Шустры не спускаў з Саўкі вачэй, і цяпер, калі Саўка спаслаўся на запамятанне, ён так хітра ўсміхнуўся, і такая выразная была гэта ўсмешка, што Саўку нялоўка стала: ён бачыў, што яму не даюць веры.

— Ну, то я табе прыпомню, — сказаў рыжы. I расказаў аб гутарцы Саўкі з войтам і яго прыяцелямі. Саўка зразумеў, што следчым ужо вядома тая роля, на якую нанялі яго войт і яго прыяцелі. Ён кінуўся на хітрасць: самому расказаць пра ўсё гэта, не гаварыць толькі пра спатканне з Цімохам Будзікам і з дзедам Талашом, каб на ўсякі выпадак застрахавацца і ад іх. Ён так і зрабіў, пачаўшы сваё апавяданне з таго, што ён раскажа праўду і прызнаецца.

Слухалі Саўку ўважна. Калі Саўка скончыў, яго нават пахвалілі, што ён узяўся за добрую справу, за справу выкрыцця злачынцаў і ворагаў польскага "ужопцу". Але яны чакалі ад Саўкі пачуць пра самае важнае для іх, і такім прызнаннем не задаволіліся. Але Саўка скончыў.

З хвіліну памаўчалі. Рыжы, моўчкі пазіраючы на Саўку, пабарабаніў пальцамі па стале. У шустрага быў такі выгляд, як бы ён толькі-толькі навастрыўся слухаць пра самае цікавае, а Саўка так недарэчы спыніў на гэтым месцы сваё апавяданне. Нават доўгі натапырыў вушы. Шустры, не дачакаўшыся ад Саўкі фіналу апавядання, падагуліў тое, што ўстанавіла следства.

— Лічым неабвержна ўстаноўленым, што замах на забойства асобы "ужондовай" з твайго боку быў… Нех пан так і запішэ, — павярнуў ён крывы нос да доўгага і панурага чалавека з зямлістым колерам твару.

— Так, замах на забойства — устаноўлены факт, — зноў паўтарыў шустры, зварочваючыся да Саўкі, — гэтага аднаго даволі, каб па закону ваеннага часу павесіць цябе. Так, павесіць. Далей. З твайго паказання выходзіць ясна і лагічна, што ты меў дачыненне з паўстанцамі супраць польскага "ужонду", і ты гэта ўтаіў. А з гэтага выходзіць, што ты спачуваеш злачынцам і пакрываеш іх, іначай сказаць — ты сам такі ж злачынец і другі раз заслугоўваеш таго, каб цябе падняць на шыбеніцу. Так, так. Але збавенне для цябе яшчэ не страчана, калі ты раскажаш нам, дзе "ест" злачынцы, з якімі ты бачыўся і меў гутарку, і дапаможаш "злапаць" іх.

Саўка папаў у акрутнае становішча. Але ён быў упэўнены, што яго бяруць "на зыхер", як называецца на мове арыштантаў. Ён зацяўся і ўпарта адмаўляў, што бачыўся з паўстанцамі і гаварыў з імі. Доўга біліся з ім у гэтым пункце паны следчыя. Націскалі на яго то ўгаворамі, то абяцаннямі, то пагрозамі, ушчувалі рознымі спосабамі. А Саўка цвярдзіў сваё: