А вораг набліжаецца. Саўкавы вочы трывожна, неспакойна ўглядаюцца ў цемру лесу, у той бок, дзе стаіць салаш. Крадуцца ўжо з гадзіну. Салаш павінен быць блізка. I раптам — блісь у лесе агеньчык. Агеньчык мігае, як воўчае вока, у начной цемры, пад навіссю лесу. Эх, стары, стары! Сам дапамагаеш ворагу, палягчаеш задачу яму. Саўка дрыжыць, як у ліхаманцы, рукі яго трасуцца.
— Тут! — шэпча канвойнікам і паказвае на маленькую баязлівую чырвоную плямку.
Запыняюцца.
Саўка і два яго канвойнікі застаюцца ззаду. Саўкава місія, паганая, здрадніцкая місія, скончана. А дзесяць чалавек пад камандаго рыжага ідуць далей, разыходзяцца кругам, здалёку абхватваюць гэтым кругам салаш і лагодны мірны агеньчык каля яго. Марудна, да болю напружана праходзяць хвіліны, доўгія, тамлівыя. У меру таго як звужваецца каля салаша кола, насоўваюцца канвойнікі, падштурхваюць Саўку — ногі не хочуць служыць яму, дранцвеюць. Салаш ужо блізка, аточан шчыльна, безнадзейна для тых, хто знайшоў сабе ў ім схоў і адпачынак.
Праходзіць момант, адзін і другі, праходзяць хвіліны нясцерпнай цішыні. Бліснуў белы бляск, шпікі ліхтарыкамі асвяцілі салаш. У салашы пуста: засталося толькі жорсткае сена і пара старых дзяружак. Рыжы і яго каманда сходзяцца ў кучу, мітусяцца каля агеньчыка, даносяцца іх галасы. Яны расчараваны, абескуражаны: пракляты паўстанец знік, як злы дух! А ён тут быў, быў нядаўна!
Рыжы мяркуе, абдумвае план бліжэйшага дзеяння. Ён гатоў ужо аддаць новы загад, і раптам, як порах, успыхнуў агонь з боку ад салаша, і полымя зараз жа ўзнялося да палавіны лесу, абвіло яго сукі і галіны. I другі агонь, такі ж раптоўны і імклівы, асвяціў лес з другога боку.
Салаш і лес вакол салаша асвяціўся, як летнім паўднёвым сонцам. Гэта Цімох Будзік, спец па часці падпалаў, устроіў такую ілюмінацыю.
— Складай аружжа! — як гром, пачуўся чыйсьці страшны голас.
— Складай аружжа! — як рэха падхапіў паток людскіх галасоў. З усіх бакоў, з берагоў цемры, адсунутай і згушчанай агнямі, рынулі партызаны, трымаючывінтоўкі, як для штыхавога бою, і абкружылі густою сцяною рыжага і яго каманду. Моўчкі і пакорна пакідалі яны сваю зброю.
— А мы вас даўно тут чакаем! — сказаў стары атаман, і нядобрая ўсмешка рассунула яго губы і асвяціла суровы твар.
З натоўпу партызан праціснуўся Панас. Ён здрыгануўся, зірнуўшы на рыжага.
— А гэта той самы, што мяне заарыштаваў!
Саўка ўпаў у снег. Перапалоханыя канвойнікі таксама пападалі. Ззаду падбеглі партызаны, наставіўшы на іх цэлыя пукі вострых штыкоў, Абяззброілі і ўсіх трох па- вялі да салаша.
Тут жа адбыўся і кароткі суд. Судзілі агулам.
Некалькі залпаў з'явіліся адказам на прыгавор суда.
А Саўку судзілі асобна, судзілі ўважна і доўга. У лесе было вядома, што Саўка ўсадзіў нож у бок войта, што Саўку аддалі ў рукі польскай улады. У Саўкі на руках былі наручнікі, на твары сінякі, а на шыі сляды катавання. Але не было згоды ў поглядах суддзяў. Адны стаялі за тое, каб Саўку дараваць, другія — за Саўкаву смерць. Нарэшце пастанавілі: аддаць на вырашэнне справу дзеду Талашу і Мартыну Рылю, паколькі Саўкава злачынства ў першую чаргу было накіравана супраць іх.
Дзед Талаш паглядзеў на Саўку, паглядзеў доўга, дакорліва, а потым сказаў:
– Ідзі, ідзі прэч, каб цябе не бачылі мае вочы!.. Жыві! — Запытаў Мартына: — Ты згодзен?
Мартын моўчкі кіўнуў галавою.
XXIX
Неспадзяваны мароз, раптоўна наваліўшыся на Палессе пасля некалькіх ціхіх і мяккіх дзён на сходзе зімы, пратрымаўся нядоўга. Надвор'е змянілася адразу. Паветра стала цёплым і лагодным, а над далечамі балот і палёў звісла сінеча-смуга — адзнака цяпла і адлігі. Асеў глыбокі снег па лясах і балотах. Зычліва калыхнуў паўднёвы вецер настыўшыя галіны, атрос засеўшыя на іх белыя снежныя покрывы, з песняю на веснавы лад прайшоўся над акачанелымі хмызнякамі і весцю аб вясне шаргануўся па саламяных стрэхах сялянскіх хат. Весялей зірнулі на свет вызваленыя ад холаду дрэвы, радасна адгукнуліся густым шумам на павевы цёплага ветру. Заплакала зіма пад капяжамі мільёнамі слёз. Размяклы, працяты вадою снег гурбінамі папоўз з саламяных стрэх, трывожным шэптам парушаючы цішыню, а на вуліцах і дарогах пачалі выступаць жаўтавата-мутныя лужыны, і рушылі ў свае дарогі першыя веснавыя ручайкі-перавальчыкі. Гімнамі вясне зазвінелі звонкія песні жаваранкаў… У тысячах з'яў заўважалася набліжэнне вясны, вясны ранняй і дружнай.