Выбрать главу

Вясна — малады, бурлівы вір жыцця, імклівы, неспакойны рух у неакрэсленыя прасторы, шырокія, як сама воля, і няясныя, як засмужаныя іх далечы; рух, якому падпарадкуюцца людзі і жывая прырода. Вясны ж на Палессі чакалі са страхам і трывогаю… "Што прынясе вясна?", "Што будзе вясною?" — у прадчуванні важных падзей пыталіся людзі і ўпотайку рыхтаваліся да іх.

Рухавей павялі сваю работу ваенныя штабы, дзе ўмацоўваючы пазіцыі, дзе перагрупоўваючы жывую сілу, падвозілі гарматы і бронемашыны, намацвалі найболей слабыя і балючыя цэнтры свайго праціўніка, камбінавалі, строілі планы, каб увесці яго ў аблуду і пры першым жа зручным выпадку стукнуць па ім там, дзе ён меней за ўсё спадзяецца. У той час, калі польскія генштабы ўшчыльнялі людзьмі і ваеннаю тэхнікаю свае пазіцыі, штабу Чырвонай Арміі ў сувязі з вайною на паўднёвым фронце, дзе насядаў Врангель, прыходзілася знімаць адгэтуль цэлыя вайсковыя часці і перакідаць іх на поўдзень. Але падрыхтоўка да вайны вялася і па іншых лініях. I на гэтых лініях асаблівую чыннасць праяўляў польскі бок: вялася ідэалагічная падрыхтоўка. У першых радах актыўных работнікаў па часці ідэалагічнай падрыхтоўкі да вайны з Саветамі ішлі ксяндзы.

Гарадышчанскі касцёл носіць імя святога Казімера. Святы Казімер карыстаецца вялікаю пашанаю сярод каталікоў, і святкаванне яго прыпадае напрадвесні. "На Казімера зіма ўмера", — кажа каталіцкая прыказка. З самай раніцы каля касцёла незвычайны рух і ажыўленне. Плошча, бліжэйшыя двары і задворкі застаўлены коньмі і павозкамі. З блізкіх і далёкіх месц, фальваркаў, маёнткаў, хутароў і засценкаў з'ехаліся паны, панкі і простая шляхта. Хіба ж гэта не цуд Маткі Боскай, што "свенты косцел", анямеўшы на доўгі час, загаманіў сёння голасна на ўсю акругу сваімі тужліва-жалобнымі званамі? Сёння ў касцёле першае набажэнства. I правіць яго ксёндз Пацейкоўскі. Прыехаў сюды загадзя, прыехаў з цэлым штатам прыслужнікаў. Ён прыехаў, каб належным чынам падрыхтаваць касцёл да набажэнства. Яму адвялі, адбудавалі і адпаведным парадкам абставілі цэлы дом, прасторны і раскошны. Але ксёндз Пацейкоўскі ёсць манах і служка пана Бога. Ён суровы, просты і строгі ў сваім жыцці. Сурова і проста яго абстаноўка. Ніякага следу раскошы. Адно толькі кіпарысавае распяцце ды некалькі абразоў матак боскіх і святога Казімера аздабляюць сцены яго кабінета. Але ў сталовай туліцца ёмкі і стыльны буфет з цэлаю фалангаю пляшак дарагіх і рэдкіх він і розных трункаў. Ксёндз Пацейкоўскі не толькі служка пана Бога, але і спрытны і таленавіты артыст каталіцкай царквы. Ён вялікі мастак на тое, каб стварыць адпаведны настрой у свае паствы, каб потым выігрываць на яе струнах патрэбныя яму мелодыі. Уся ігра яго зводзіцца на тое, каб калектыўную волю парафіян падпарадкаваць інтарэсам касцёла, гэтага агітпропа старога эксплуататарскага свету. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацейкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. I цяпер сядзіць ён над ім, праглядае тэзісы, тэму і змест казання, робіць папраўкі, дадаткі, шліфуе, адточвае кожны сказ, кожнае слова. I калі ўдаецца яму які-небудзь надзвычай трапны сказ, зварот, ён паўтарае яго ўголас, і тады адступае ад манаскага статута і выпівае шкалік французскага трунка.

Тым часам падышоў і дзень набажэнства. Пануры, апушчаны і заняпалы ў часе свайго знямення, касцёл сурова глядзіць сваімі цяжкімі вежамі і пачарнелымі мурамі. Нават тысячы свечак, запаленых пад абразамі гарлівасцю набожных парафіян, не могуць разагнаць яго панурасці і суровасці.

"Dominus, vobiscum", — разнастайнымі, з адценнем жудасці, трэлямі пераліваецца голас ксяндза Пацейкоўскага. Мяккім музычным громам адклікаюцца арганы. Кленчаць набожныя каталікі, разгортваюць кантычкі. Пачынаюцца агульныя спевы касцёльных модлаў. Няскладныя спачатку галасы выроўніваюцца, выпраўляюцца і, нарэшце, зліваюцца ў жудасным аднастайным шуме далёкай навальніцы, таемнай і страшнай у сваім невыразным многагалосым гомане. На кафедру выходзіць ксёндз Пацейкоўскі. Праграму набажэнства, паложаную статутам касцёльнага рытуалу, ён перасыпае казаннямі. А казанні гаворыць з натхненнем і перакананасцю. Уся ж абстаноўка — гром арганаў, адзенне ксяндза і прыслужнікаў, іх урачыстыя выхады, масіўныя шэрыя сцены мураў, пакутныя і бялесыя твары святых на абразах і ўся палітычная сітуацыя моманту — усё гэта спрыяе стварэнню патрэбнага ксяндзу настрою. Ён падымае рукі, закочвае вочы пад скляпенне касцёльных мураў, дзе павінен сядзець пан Бог, і пачынае гаварыць. Гаворыць аб моцы, гневе, справядлівасці і бясконцай літасці "вшэхмогонцэго" пана Бога. Боскі гнеў і дабрата даводзіцца прыкладам аб тым, што было і што сталася з касцёлам "свентэго Казімера". Як калісь народ ізраільскі быў у Вавілонскім паланенні, дзе змоўклі струны яго арфы, так быў у няволі і палоне "свенты косцел" і польскі народ, прагнявіўшы пана "бога-ойца". Цяпер жа пан Бог змілаваўся над святым сваім домам, бо толькі касцёл ёсць праўдзівы і сапраўдны дом божы, і над народам сваім і вывеў яго з няволі. Дык трэба цвёрда памятаць аб гэтым і ні на адзін момант не адступаць ад святой веры каталіцкай, не паддавацца граху і не загразаць у яго цёмнай спакуслівай багне. Святы касцёл, утрачаны праз грэх, цяпер вернут з ласкі боскай, але касцёл апушчан, і святы Казімер балесна пазірае з свайго раю на занядбаны дом свой. Трэба шчодрыя ахвяры для аднаўлення касцёла.