Выбрать главу

Казанне сваё ксёндз Пацейкоўскі канчае заклікам даваць ахвяры, а разам з гэтым аддаць і "подзеньковане" пану Богу за яго літасць да верных католікаў, да ўсяго польскага народа, якому пан Бог таксама даруе і крулеўства.

Казанне змяняецца зноў набажэнствам, громам арганаў і агульнымі спевамі, а касцёльныя служкі ў спецыяльным адзенні ходзяць па касцёлу з срэбранымі талеркамі, прычым адзін з іх стукае святою булавою, каб напомніць парафіянам аб іх абавязках перад панам Богам і святым Казімерам. Праз некаторы час кафедру зноў займае ксёндз Пацейкоўскі. Цяпер ён гаворыць казанне аб рэлігіі. Другое казанне — працяг першага. Рэлігія, як гаворыць ксёндз Пацейкоўскі, ёсць "святлосць", адсутнасць жа рэлігіі, бязбожніцтва, гэта — "цемносць".

Яго папярэднія казанні толькі ўступ, падрыхтоўка да трэцяга, самага асноўнага і патэтычнага, дзе ён запыняецца і з усёю сілаю свайго красамоўства накідаецца на бальшавікоў, носьбітаў атэізму.

Пасля набажэнства радавітая шляхта, паны-абшарнікі і ваенная арыстакратыя заходзяць да ксяндза Пацейкоўскага на "шклянку гарбаты". Ксяндза-пробашча віншуюць: яго прамова — шэдэўр красамоўства. Яму паціскаюць руку і пан Длугошыц, і палкоўнік пан Дэмбіцкі. Ксёндз Пацейкоўскі ўвесь цвіце і свеціцца здавальненнем. Але ён, як і сотні другіх служак пана Бога, у касцёле вядзе толькі тэарэтычную падгатоўчую работу. Ён паказвае гасцям газеты, часопісы, дзе змешчаны яго артыкулы, накіраваныя за вайну супраць бальшавікоў, паказвае адозвы, дзеліцца праробленай работаю па часці практычных мер, накіраваных супраць Саветаў: наладжванне шпіянажу, арганізацыя банд і свае агентуры на савецкай тэрыторыі. Стала і грунтоўна рыхтуецца панская Польшча да веснавой ваеннай кампаніі супраць Чырвонай Арміі і чакае толькі пагоды, калі прасохнуць дарогі, каб рушыць сваё войска ў паход.

Вясна, пачаўшыся раптоўна, несулынна збірала сілу і ў некалькі дзён змяніла палескі краявід. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе маркотна выступалі адны толькі парыжэлыя купіны з сухою леташняю травою, голыя купы лазовых кустоў, да палавіны залітыя вадою, ды высокія шпяні алешын, ужо выбыўшых з строю жывога жыцця, захаваўшы толькі журботна ўзнятыя ўгару гнілыя цыбуры. Адны толькі цёмныя пушчы захоўвалі сваю звычайную суровасць, нават няветлую панурасць, тоячы ў сваіх нетрах звярыныя логавы, непраходныя дрыгвяністыя балоты, рэчкі, азярцы, пясчаныя груды-астравы, вузкія, не ўсім вядомыя, праходы, дарогі з бясконцымі бродамі і цэлыя шырачэзныя рэчкі снегавой вады, што рухліваю, хоць маруднаю, лавінаю пералівалася з балота ў балота па цёмных нізінах, накіроўваючыся ў Прыпяць. Але як вясёлы і прыветны цяпер ускраіны гэтых пушчаў, дзе кожнаяпядзязямлі, прыгрэтая веснавым сонцам, жыве радасным абуджаным жыццём, выпускаючы першыя парасткі маладога зеляніва. Заварушыліся мурашкі, разнастайныя жучкі, кузуркі, такія малюсенькія, што трэба ўважна прыглядацца, каб заўважыць іх радасны мітуслівы рух на кожным абагрэтым сонцам шматочку зямлі, на сухіх былінках, на кары даўно згніўшага дрэва. А паветра звініць птушыыым гоманам, крыкамі, шлюбнымі злётамі і клопатамі аб сваім доме, аб прыпынішчы, дзе б можна было асталявацца і зажыць сямейным жыццём. Аднаўляецца зямля, ажывае прырода, і радасны шолах жыцця ходзіць па галінах кустоў і старога лесу.

Гуляе паводка, адбіваючы ў сабе чыстае неба і бліскучае сонца. Як астраўкі, сям-там параскіданы людскія паселішчы. I ціха ў іх, не відаць чалавека. Прытаілася палеская вёска. Але гэта толькі адна зманлівая відомасць цішыні і спакою. Носіць вадзяная пустыня на ўлоннях сваіх быстрыя вастраносыя чаўны і лёгкія чайкі-душагубкі. А ў гэтых чаўнах, а ў гэтых чайках шнуруюць ад вёскі да вёскі суровыя, замкнёныя ў сабе сыны Палесся, патрывожаныя, выбітыя з каляін жыцця ўварваннем ненавісных акупантаў. Спасцярожліва ўзіраюцца яны ў далечы залітых вадою балот і шыбуюць між кустоў, туляцца каля высокіх сухіх чаратоў. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў тояцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Патаемная змова туліцца пад стрэхамі заняпалых хат. іутка ловіць гукі спасцярожлівае вуха і зорка ўглядаецца ў далечы вострае вока…