Надыходзіць вясна. Што нясе яна з сабою?
XXX
Трывожна здрыганулася Палессе.
Балота балоту, лес лесу перакідалі грознае водгулле невыразнага гуду. Баязліва калыхнулася ў ціхім паветры маладое, яшчэ зусім кволае лісце на гнуткіх галінках адноўленага дрэва. Ажыўшыя купчастыя бярозкі.ашлякоўваючы высокі бор жывым вянком свежай, пахучай зелені, стаялі ў нейкім разважлівым зняменні і, здаецца, прыслухоўваліся да гэтага нязвычнага далёкага грукату, ад якога калыхалася ціхае, прагрэтае сонцам паветра і ўздрыгвала зямля, перадаючы гэта ўздрыгванне дрэвам і маладому лісцю на іх. Такое ж дапытлівае недаўменне выяўляў усім сваім выглядам і сам стары бор, высока ўзнёсшы свае пышныя верхавіны і грэючы іх на веснавым сонцы ў хвалях чыстага паветра. А калі па лесе праходзілі лагодныя павевы ветру, то галінкі і лісце на іх лёгенька пакалыхваліся і шэптам пыталі ветру: "Што? што? што?" Нават сталыя буслы прыпынялі свой шпацыр па ўскрайках балот і трывожна прыслухоўваліся да дзіўнага гулу. А гэты гул расцякаўся па нетрах балот і лясоў, трывожыў звяроў і птушак. Старыя вепры натапырвалі вушы, слухалі, не разумелі нічога, але, палахліва роўкнуўшы, на ўсякі выпадак падаваліся глыбей у дзікія пушчы і вялі за сабой сваё маладзейшае пакаленне.
Гром і цяжкае бухканне, нібы вохканне зямлі ад нейкага болю, наводзілі страх і трывогу. Людзі, як слухачы і разам з тым удзельнікі і акторы вялікай сацыяльнай драмы, дзе вырашаліся лёсы мільёнаў, выходзілі на двор, станавіліся ў зацішнае месца, лавілі вухам далёкія, глухія пярэклічкі гармат, з боязню ківалі галовамі і гаварылі:
— Пачалося.
А іх растрывожаныя думкі рысавалі ім жудасныя малюнкі вайны.
Сялянская руплівасць і дбанне аб заўтрашнім дні загадзя ставілі на чаргу дня цэлы рад турботных пытанняў. I людзі ў цішы сваіх цёмных і лясных закуткаў думалі, як захаваць мізэрны запас хлеба ад прагавітай пасці вайны, як усцерагчы сваю худобу, каня і іншы набытак ад панскай ненаеднасці, як, нарэшце, злаўчыцца самому, каб не папасці пад крывавае кола вайны.
— Рушылі палякі! — перадавалі з двара ў двор, з вёскі
ў вёску страшныя весткі аб вайне.
Людзі хапаліся за работу, каб выкарыстаць, покі не позна, кожны дзень, кожную часіну, каб аддаць зямлі на захаванне і на прырост хоць малую колькасць збожжа і бульбы, а рэшту схаваць, каб не адабралі няпрошаныя госці. Спяшаліся сеяць, спяшаліся хаваць, спяшаліся прыпыніць худобу па малавядомых выспах, па недаступвых астравах.
Хоць усе ведалі і спадзяваліся, што з вясною вайва пачнецца з новай сілай, але калі прыйшла вясна і прынесла весці аб вайне, то гэтыя весці тым не меней глыбока трывожылі і хвалявалі народ. Што ж будзе? Чым кончыцца гэта вайна?
А вайна толькі пачыналася, толькі разгортвалася.
I першымі пачалі яе белапалякі. А момант для гэтага быў зручны. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з гэтага фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Падцягнулі белапалякі войска, падвезлі гарматы, бронемашыны, зброю. Болей дзесятка дывізій сабралі правей Палесся і рушылі іх на Кіеў, па старой, пратоптанай інтэрвентамі дарозе. Шпарка пасоўвалася наперад белапольскае войска, на шырокім фронце павялі наступ. Зашуршэлі, як лісце ў познюю восень, польскія лістоўкі і газеты. Буйнымі літарамі апавяшчалі яны аб перамогах польскай зброі, аб захопе сёл, гарадоў і цэлых раёнаў. Гарліва маліліся ксяндзы па касцёлах, чыталі паведамленні з фронтаў аб перамогах і заклікалі народ на ахвяры, на геройскія ўчынкі, на вайну за святую веру каталіцкую супраць бязбожнікаў-бальшавікоў.
Граніц не было панскай радасці і панскаму гонару. Высока ўзносіла іх патрыятычная хваля, і шмат хто з іх ужо лічыў, што бальшавікам прыйшоў канец, што польскае крулеўства закрасуе ад мора да мора, і не марудзілі яны варочацца ў свае панскія котлішчы, адкуль павыганяла іх Кастрычніцкая рэвалюцыя.