Выбрать главу

Войт панура маўчыць. Не адважваецца падставіць знойдзеную велічыню ў формулу Бруя і яго прыяцель Бірка.

XXXI

Ранні і раптоўны наступ польскай арміі, наступ на шырокім фронце, захапіў і Палессе. На яго акупаваных землях правялі палякі мабілізацыю. Тысячы маўклівых і суровых сыноў Палесся супраць сваёй волі і жадання мусілі пад аховаю польскай ваеншчыны ісці ў глыбокія тылы для фарміравання новых часцей, на папаўненне войск на фронце. Польскае ваеннае камандаванне, праводзячы мабілізацыю, мела на ўвазе і партызанскі рух, і мабілізацыяй думала яно зменшыць яго памеры. Але мера гэта прыводзіла якраз да адваротных вынікаў. Перш за ўсё, значная частка падлягаўшых мабілізацыі замест таго, каб ісці на мабілізацыйныя пункты, зразу ж падалася ў лясы, а рэшта, забраная гвалтам, тоячы нянавісць да акупантаў, бегла з казармаў, бегла з сваіх часцей, бегла адкуль толькі можна было бегчы пры кожным зручным выпадку. Іх лавілі, жорстка распраўляліся з імі, але і жорсткія кары не спынялі дэзерцірскага патоку сілаю забраных у войска людзей. Вясна, цеплыня і багацце лясоў спрыялі таму, што лясныя нетры сталіся надзейнымі прыпынкамі і сховамі для тых, хто вырваўся з польскай ваеншчыны, не жадаючы ваяваць за варожыя ім інтарэсы панскай Полыпчы. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Гэтыя ж лясы сталіся школаю іх класавай свядомасці. Следам за імі прыходзілі сюды і цэлыя кадры падполыпчыкаў і праводзілі сярод іх шырокую работу, вялі прапаганду за Саветы, тлумачылі праграму бальшавікоў, іх задачы і мэты, давалі ім арганізацыйныя формы, раскрывалі сэнс белапольскай вайны і ўсіх тых, хто стаяў за спіною панскай Польшчы і фактычна кіраваў ёю. Гэтыя лясы жывілі і множылі партызанскія групы і цэлыя згуртаванні іх, густа раскінуўшы іх сетку на далёкіх і блізкіх тылах польскага фронту.

На пясчаным узгорку ўскрай лесу, дзе раскінуліся, як авечкі на пашы, маладыя разложыстыя хвойкі, ціха, утульна і добра. З аднаго боку рассцілаецца даволі шырокае поле, абкружанае лесам і стуленае па краях хвойнікам. Па другі бок узгорка стаіць мешаны лес, густы і пануры. I гэтае поле, і гэты лес у сваю чаргу абкружаны непраходнымі балотамі. З усіх бакоў гэты ўзгорак — дасканалая пазіцыя: ты сам стаіш на ім, і ніхто цябе не бачыць, але сам ты ўбачыш адгэтуль і поле, і дарогу на ім, і ўсе падыходы, і, апроч усяго, ты можаш пагрэцца тут на веснавым сонцы як не трэба лепей. А калі ты любіш паразважаць на розныя высокія тэмы або проста скупануцца ў хвалях прыемных мар, то і гэтаму твайму занятку ніхто не перашкодзіць тут.

Вось чаму дзед Талаш і абраў сабе гэта месца для свайго часовага прытулку. Але цяпер дзед Талаш тут не адзін: з ім неразлучны яго друг і таварыш Мартын Рыль. I не для таго толькі, каб проста правесці час, прыйшоў сюды дзед Талаш з Мартынам Рылем: сюды павінны сысціся і іншыя іх таварышы: Цімох Будзік, Мікіта Самок і Кузьма Ладыга з Вепраў. Можа, нават прыйдзецца правесці тут шырокі сход — ёсць дужа важныя пытанні, аб якіх трэба пагаварыць. Трэба ж, нарэшце, пачаць і болей сур'ёзную работу. Сюды ж, на гэты ўзгорак, прыходзяць свае людзі з рознымі навінамі і весткамі.

Словам, узгорак гэты — часовы штаб дзеда Талаша.

I з надворнага боку дзед Талаш нагадвае цяпер ваеннага чалавека. На галаве ў яго красуецца чырвонаармейская шапка. Замест латанага зашмуленага і выцертага кажушка носіць ён мундзір ваеннага пакрою. Праўда, ад мундзіра застаўся толькі пакрой і матэрыял, усе ж адзнакі яго прыналежнасці да катэгорыі мундзіраў польскіх вайскоўцаў — каўнер, гузікі з белымі арламі — дзед Талаш павыпорваў і замяніў іх сваімі саматужнымі, паляшуцкімі. I на нагах у яго не лапці, а элеганцкія боты і майткі з добрага сукна, ды з лампасамі, як у казака або ў генерала. Хіба не заслужыў дзед Талаш, партызанскі атаман, насіць такую форму? Яна дужа да твару і вельмі выгодна вылучае яго з партызанскай грамады, і самім партызанам яна надзвычай імпануе.

Мартын Рыль, апёршыся на локаць, ляжыць на баку на прагрэтым дзірване. Мыслі яго блукаюць дзесь далёка ад гэтага ўзгорка.