Выбрать главу

Няхай жывуць чырвоныя партызаны!

Няхай жыве Чырвоная Армія і яе арганізатар — Камуністычная партыя!

Мітынг скончыўся клятваю біцца да канца з панамі, біцца за вызваленне працоўных.

XXXII

Самыя цяжкія і самыя страшныя хвіліны, якіх яшчэ ніколі не перажываў Саўка Мільгун, былі для яго тыя хвіліны, калі выносіў яму свой прысуд дзед Талаш. Калі б дзед Талаш сказаў: "Смерць Саўку!" — то гэта не так уразіла б, як уразілі яго простыя, звычайныя словы суровага, але па істоце добрага, бясхітраснага чалавека: "Ідзі! Ідзі прэч, каб цябе не бачылі мае вочы!" і яго апошняе слова: "Жыві!"

Саўка так цяжка змучыўся за час свайго допыту ў засценні польскай контрразведкі і асабліва за той час, калі яго змусілі паказаць дарогу ў лес, каб знайсці страшны салаш, дзе прыпыніўся паўстанцкі атаман са сваім сынам і са сваім таварышам, што ён зусім атупеў і ўжо слаба ўспрымаў усе далейшыя падзеі: неспадзяваны выбух агнёў, страшныя постаці ўзброеных людзей, вынырнуўшых з цемры, і іх мітусенне ў бляску агнёў, суд, залпы расстрэлаў і ўсё іншае. Але гэты момант, калі дзед Талаш зірнуў яму, Саўку, у вочы сваімі цёмнымі вострымі вачыма, і яго словы, даваўшыя Саўку волю і жыццё, — моцна, без краю глыбока патрэслі Саўку. "Ідзі! Ідзі прэч!" I яшчэ, што ўрэзалася ў Саўкаву памяць, — Мартын Рыль, маўклівы і трохі пануры, той самы Мартын, якога важыўся прадаць Саўка войту і яго прыяцелям, падышоў да Саўкі, і сваімі рукамі, як жалезнымі абцугамі, зламаў наручнікі і вызваліў Саўкавы рукі.

Перад Саўкам расчынілася цёмная багна, і абняла яго страшная пустэля. Ён — жывы і вольны, перад ім той самы вялікі і шырокі прастор, якога ён не заўважаў раней, як бы не бачыў яго і толькі цяпер адчуў яго бяскрайнасць, але таксама адчуў ён, што ў гэтай бяскрайнасці яму няма месца… "Ідзі, ідзі прэч!" Пустэля і адзінота агарнулі Саўку сваёй цемраю.

Не падымаючы вачэй, з апушчанай галавой рушыў Саўка з лесу. Суровыя партызаны моўчкі правялі яго вачыма. I толькі ў самога Саўкі вырваліся словы. Вырваліся самі, без усякай надуманасці:

— Даруйце мне, вінаваты перад вамі!

Ён быў дужа стомлены, атупелы, безуважны, прыбіты. У яго не было акрэсленай мэты. Ён проста ішоў куды вочы глядзяць, бо яму не было тут месца.

"Ідзі, ідзі прэч!" — стаялі ў вушах гэтыя словы і гналі яго.

Маўклівая, глухая ноч абнімала стары лес. Змоўклі людскія галасы. Патухлі агні, і Саўка апынуўся ў поўным адзіноцтве. Доўга блукаў ён без дарогі па лесе. Сухія галіны чапляліся за вопратку, білі па твары. Ногі западалі і вязлі ў снезе, ён натыкаўся на пні, правальваўся ў яміны. Нарэшце выбіўся на дарогу. Ішоў, покі не пачуў, што далей ісці не можа. Спыніўся, азірнуўся па баках. Ноч, глухмень, цёмнае неба над галавою, лес і балоты навокал.