"Ідзі, ідзі прэч!"
I ён пасунуўся далей, ледзь перастаўляючы ногі і разглядаючыся па баках. Непадалёку ад дарогі на балоце між хмызу цьмяна вырысоўваецца з мроку цёмны сілуэт стога. Саўка звярнуў з дарогі, пайшоў пад стог і спыніўся. Тут можна і адпачыць. Выскуб у стозе нару і зашыўся ўнастыўшае на холадзе сена. Саўка адчуў усім сваім стомленым целам і ныўшымі ад болю касцьмі ўсю слодыч адпачынку. Яму цяпер болей нічога не трэба, толькі б ляжаць, ляжаць бясконца і не варушыцца. I Саўка заснуў крэпкім і цяжкім сном без меры стомленага і змучанага чалавека.
Спаў ён доўга, спаў моцна, як забіты, і калі прачнуўся і глянуў на свет, то было зусім светла, і дзень, відаць, пачаўся даўно. На адзін момант Саўка дужа здзівіўся, што ён ляжыць у сене, але гэты часовы прарыў і пустата ў яго памяці борзда і востра запоўніліся ўспамінамі, і ўсе нядаўнія падзеі ўсталі перад ім у сваёй страшнай сапраўднасці. Колькі хвілін паляжаў Саўка ў сваёй нары, каб трохі ачухацца і прыйсці да поўнай прытомнасці. Сон падмацаваў яго, жахі перажытай ночы і ўсяго таго, што здарылася з ім нядаўна, у святле дня адсунуліся трохі далей, страцілі сваю вастрыню і ўжо не налягалі на яго такім балючым цяжарам, як учора.
Саўка ляжаў і думаў. У такім цяжкім беспрасветным стане ён не быў ніколі. Куды ж яму падацца і што рабіць? Дзе ён цяпер прыткнецца?.. Успомнілася камера допыту, следчыя і страшны Адольф. Шустры, і доўгі, і гэты самы кат Адольф у лес не паехалі. Яны засталіся, і гора будзе Саўку, калі пападзецца ён ім у рукі. Яго запытаюць, чаму расстралялі польскіх агентаў, а яго пакінулі?
Ад гэтых думак Саўку прабіраў холад.
I чаму не вярнуўся ён тады, як ішоў з лесу, пабачыўшыся з дзедам Талашом, і не расказаў Цімоху Будзіку ўсё, не прызнаўся яму, што ён за партызан? Гэтага Саўка не можа цяпер дараваць сабе. Цімох Будзік, стары знаёмы яго, запыніў на сабе Саўкавы думкі. За Цімоха Будзіка ўхапіўся ён цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт, каб зачапіцца за яе рукамі і не апусціцца з галавою ў цёмнае прадонне багны. Саўка, лежачы ў сваёй нары, угледзеў цяпер маленькую прагалінку, і яна пацягаула яго да сябе, як нейкая яшчэ не зусім ясна акрэсленая надзея.
Некалькі дзён туляўся Саўка ў Карначах і яго ваколіцах, каб сустрэць Цімоха Будзіка. Цярпліва каравуліў ён тую дарогу, якою не так даўно вёў яго Цімох да дзеда Талаша. Пры зручным здарэнні распытваў сяго-таго з карначоўцаў пра Цімоха, але Цімох не паказваўся. Саўка ўсё ж не траціў надзеі знайсці Цімоха. Нарэшце ранічкаю, калі не зусім яшчэ развіднелася, Саўка асмеліўся зайсці ў Цімохаў двор.
Сустрэў ён Цімоха на двары каля клуні.
За гэтыя дні згрызот Саўка пахудзеў і асунуўся.
Хударлявы без таго, цяпер ён меў выгляд чалавека, знятага з крыжа.
— Здароў, Цімох! — з вінаватаю ўсмешкаю, саромеючыся глядзець Цімоху ў вочы, прывітаў яго Саўка.
Цімох зірнуў на Саўку і здрыгануўся, як бы перад ім стаяў не Саўка, а яго цень з таго свету. Момант стаяў ён моўчкі і нерухліва, потым падазрона азірнуўся па баках.
"Скуль ты ўзяўся і якая халера прынесла цябе сюды і чаго?" — у думках запытаў Цімох Саўку, а ўголас: — Чаго табе трэба? — суровасць чулася ў Цімохавым голасе.
— Не злуйся, Цімох, я зараз пайду. Хачу толькі пагаварыць з табою. Я шукаю цябе ўсе гэтыя дні.
Цімох зірнуў на Саўку спасцярожліва, адчуўшы няясны непакой.
— А што табе трэба ад мяне? — усё тым жа халодным тонам запытаў Цімох.
— Я не такі вінаваты, як вы думаеце.
— Ну дык што ж з гэтага? Цябе ж пусцілі.
— Я хачу, каб вы ведалі праўду.
Цімоху не ўсё было ясна ў гэтай справе, і таму ён запытаў болей лагодна:
— Якую праўду?
— Я, Цімох, не буду апраўдвадца: я ўзяўся за гадкую, паскудную справу. Мяне нанялі войт і яго сябры, каб я стаў фалынывым партызанам і даносіў ім на вас. Талашоў Максім накіраваў мяне к табе: я распытваў Максіма, як вас знайсці. Наўперад ён не гаварыў мне пра вас нічога. А потым…
— А потым сам стары Талаш сказаў Максіму, каб ён паказаў табе дарогу да мяне, — перабіў Саўку Цімох.
— Сам Талаш? — здзівіўся Саўка.
— I я табе скажу праўду: перш чым ты прыйшоў да нас у лес на разведку, мы ведалі ўсе твае сакрэты і тваю змову з войтам.
Саўка здзівіўся яшчэ болей, а Цімох яшчэ і туману пусціў у вочы.
— Дзівак ты, — сказаў ён, — ды мы ж ведаем, як чые думкі шаволяцца ў галовах, асабліва здрадніцкія думкі. I мы ведалі, што ты прывядзеш сваіх паноў да нас.