Цімох засмяяўся д'ябальскім смехам.
Саўка зусім растраціўся і ў здзіўленні глядзеў на Цімоха. Цяпер сцяміў Саўка, чаму так дружна і гладка сустрэлі там у лесе "паноў", як называе іх Цімох.
— Калі вы ўсё ведаеце, — пачаў збіты з тропу Саўка, — то вы павінны ведаць і пра тое, што я адступіўся ад войта і ад свае службы ім.
— Аднак з панамі ты прыйшоў, — заўважыў бязлітасны Цімох.
Саўка апусціў галаву: што скажаш супраць праўды?
— Але ты, Цімох, не ведаеш, чаго каштавала гэта мне. Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў. Ні войту, ні там на допыце. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Мне расцягвалі жылы і косці. I пасля гэтага я не прызнаваўся. Але калі ізноў паставілі мяне на кабылку, я не вытрываў, змогі не было вытрываць.
Але і гэтыя словы не кранулі суровага Цімоха.
— Значыцца, ты няцвёрды чалавек, — сказаў ён.
I супраць гэтага доваду нічога не мог запярэчыць Саўка.
— Тады, калі я варочаўся з лесу, як вадзіў ты мяне ў салаш, я хацеў вярнуцца да цябе і прызнацца, што мяне падаслаў войт і яго сябры.
— Але ж ты не вярнуўся.
— У мяне не хапіла смеласці прызнацца: самому мне агідна стала мая справа, мой учынак. I я не думаў, што ўсё гэта павернецца ў такі бок. Біўся з імі. Войту бок нажом прапароў. Уцёк быў ад іх, вырваўся. Каб мяне тады не злавілі і не аддалі ў рукі катаў, я прыйшоў бы да вас. Напэўна прыйшоў бы.
— Тады б іншая была справа, — суха азваўся Цімох.
Саўка спадзяваўся, што яго прызнанне і каянне хоць злёгку кране Цімоха, што Цімох паспагадае яму, зразумее яго і падтрымае яго ў цяжкую часіну. Але Цімох паставіўся суха і нават варожа ў дачыненні да Саўкі і не азваўся ні словам спагады. Тая бяздонніца, што пралягла між Саўкам і імі, заставалася такою ж цёмнаю і непарушнаю.
Гутарка змоўкла.
Аб чым жа яшчэ гаварыць?
Саўка пастаяў трохі, а потым сказаў:
— Ну, я пайду.
— Ну што ж… — азваўся Цімох, абы толькі азвацца.
Саўка замяўся.
— Можа б, ты даў мне хоць кавалачак хлеба ў дарогу? — нясмела папрасіў ён Цімоха.
— Што ж, можна… Пойдзем!
Падышлі да Цімохавай хаты. Саўка прыпыніўся на двары каля хаты. Цімох вынес ёмкі кавалак хлеба. Саўка ўзяў хлеб, падзякаваў.
— Ну, бывай жа здаровы.
— Бывай.
Саўка ступіў крок, спыніўся.
— Болей ад мяне ніякага ліха вам не будзе, не будзе, Цімох. Мне сорамна цяпер пазіраць вам у вочы, але я выкуплю сваю віну перад вамі, выкуплю чым толькі змагу. Скажы гэта старому Талашу і Мартыну Рылю.
Саўка расчуліўся. Вочы яго набеглі слязьмі.
Яшчэ хацеў штось сказаць, але голас яго абарваўся. Ён цяжка ўздыхнуў.
— Чалавекам стаць хачу, — сказаў ён.
— Ну-ну, — мягчэй азваўся Цімох.
У гэтым "ну-ну" Саўка пачуў нотку спогадзі, і яму стала лягчэй. Хударлявая і высокая постаць яго заківалася і знікла ў глыбі двара за будынкамі і дрэвамі. Цімох пастаяў трохі і правёў яго вачыма.
"Можа, і сапраўды чалавекам стане", — падумаў ён.
Даволі доўгі час пра Саўку не чуваць было нічога. Ні ў Вепрах, ні ў Прымаках яго не бачылі. Аб ім хадзілі супярэчлівыя чуткі. Адны гаварылі, што Саўкі няма жывога, што яго забілі партызаны. Другія даводзілі, што Саўку забралі палякі і задушылі ў астрозе. Трэція трымаліся таго погляду, што Саўку і сам чорт не возьме, што такія людзі, як Саўка, не прападаюць. Іх погляды грунтаваліся на тым, што Саўка не першы раз прападае цэлымі месяцамі. I яны не памыліліся.
Як толькі растаў снег і сышла паводка, а зямля трохі прасохла, Саўка вярнуўся потайкам у сваю хату і нават прынёс сякія-такія гасцінцы жонцы і дзецям. Ён строга-настрога даў наказ дзецям і жонцы нічога не гаварыць аб ім, як бы яго і на свеце няма. Дома сабраў ён весці пра войта і пра яго прыяцеляў. Цэлымі днямі Саўка дзесь прападаў і нікому не паказваўся на вочы. У Саўкі была важная камбінацыя, над якой ён і ламаў цяпер сваю галаву. Саўка не забываў сказаных на развітанні Цімоху слоў, што ён хоча стаць чалавекам.
Наўперад Саўка высачыў месца, дзе пераважна збіраліся партызаны. Гэта складала частку яго задуманага плана. Калі ён дайшоў гэтага, то зараз жа прыступіў да ажыццяўлення ўсёй камбінацыі ў цэлым. Для гэтага яму прыйшлося папрацаваць болыпую палавіну ночы.
Без шуму, як цень, увайшоў Саўка ў двор Кандрата Біркі. Наставіў адно вуха, потым другое, паслухаў — ціха, вёска спіць глыбокім сном. Біркаў сабака, загадзя ўлагоджаны Саўкам, прыязна памахваў яму хвастом, а з хлява
даносілася пырханне заводскага жарабца, красы, гордасці і гаспадарскай уцехі. Але вароты ў хляве былі дзябёлыя і крэпкія, замкнёныя моцным унутраным замком. Саўка зайшоў з другога боку хлява. У яго ўжо быў на прымеце камень пад падрубаю. Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлі і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы, а дзірку пракапаў, расшырыў і нырнуў у яе. Праз хвіліну ён быў у хляве і гладзіў жарабца. А потым падышоў да варот і ціхенька адсунуў засоў. Без шуму і скрыпу расчыніў вароты і вывеў жарабца на двор, дваром — у загуменне, адтуль — у лес. Але Саўкава работа была яшчэ не ўся. У войта і Бруя было па пары ладных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. I трудна сказаць, чые валы лепшыя, войтавы ці Бруевы, тым болей трудна, што і самі іхнія гаспадары не сходзіліся поглядам у іхняй ацэнцы.