Выбрать главу

Вось якія думкі хадзілі ў войтавай галаве.

Чырвоны кружок сонца ўрэзаўся ўжо ў верхавіны лесу і смутнаю ўсмешкаю развітання рассыпаў агністыя косы ў глыбіні веба, пакідаючы там ружовыя дарожкі, па паверхні зямлі, дзе яшчэ не злёг і не насунуўся цень ад лесу, па стрэхах будынкаў, па верхавінах кучаравых дрэваў і па знямелых у вячэрняй цішыні вепраўскіх ветраках.

Ад балота патыхала прохаладдзю і сырасцю, і дзесь далёка-далёка вохкала зямля, і боязна ўздрыгвалі балоты ад глухіх гарматных выстралаў. Гэта бухканне гармат напамінала Аўгіні аб вайне, і яна адчувала няясны смутак і страх перад невядомаю будучыняю. Адступленне Чырвонай Арміі адбівалася на ёй якводгаласнейкіх утрачаных надзей, як напамінак аб тым, што і яе асабістае становішча ў сувязі з гэтым пагаршаецца. Але звароту назад ёй не было і адкрытымі вачыма ёй трэба глядзець у твар гэтай будучыні.

Аўгіня прыпынілася. Скрозь галіны дрэў ужо прасвечвалася вепраўскае поле, і самі Вепры выступалі даволі ясна з лёгкага вячэрняга суцення. Яна ўжо хацела рушыць далей, але асцярожнае, глухое шорханне галін і лёгкі хруст гнілога ламачча пад чыімісь нагамі ў гушчары хмызу змусілі яе азірнуцца ў той бок. Яна павярнула туды галаву і задрыжала: з ляснога змроку выступіў цёмны высокі сілуэт чалавечай постаці. Постаць гэта таксама запынілася. Аўгіня хацела ўжо кінуцца ўцякаць, каб выскачыць на поле, яно тут зусім блізка, і там, здавалася ёй, не так страшна, бо бліжэй да вёскі.

— Аўгіня! — пазваў яе прыязны, нізкі, ціхі голас, і штось блізкае, даўно знаёмае пачулася ёй у гэтым голасе. Яна апусціла на зямлю мяшок і дапытлівымі, яшчэ ўсё ж захаваўшымі сваю прывабнасць вачыма зірнула на высокага чалавека і пазнала яго.

— Мартын! — вырвалася ў яе.

— Я, я! — ціха азваўся ён і падышоў усутыч. Аўгіня боязна азірнулася навокал. Каго баялася яна ў гэты момант, яна не ведала і сама. Можа, гэта была несвядомая боязнь, навеяная Васілём, а можа, гэта проста была звычайная засцярожлівасць маладой жанчыны. Мартын таксама азірнуўся, але страх яго быў іншага парадку. Ён доўга трымаў Аўгініну жорсткую і цвёрдую ад работы руку і пазіраў ёй у вочы.

— Здарова, Аўгінька! Як жа даўно не бачыў я цябе, а думаў аб табе шмат усе гэтыя дні.

— Не варта я таго, каб думаць аба мне, — адказала Аўгіня. Яна проста хацела выпрабаваць і праверыць перад самой сабою, ці варта яна таго, каб аб ёй думаў Мартын…

— А я от думаў і… буду думаць.

Аўгіня ўтуліла вочы. Ёй прыемна, што Мартын думае пра яе і будзе думаць.

— А што думаў ты пра мяне, добрае ці благое?

— Ды гэта і расказаць трудна. ПІмат чаго думаў. Думаў, як бы пабачыцца з табою, пагутарыць… паглядзець на цябе… і даўнейшае так от на думкі ўсплыве.

Гэта "даўнейшае" Мартын гаворыць з асаблівым націскам і яшчэ бліжэй горнецца да Аўгіні. Ёй трохі няёмка і сорамна, і яна чутачку падаецца ад яго. А Мартын гаворыць далей, як бы нічога не зважаючы.

— Не-не ды і ўспомніцца, як мы з табою на чаўнах гналіся. Даўно ўжо гэта было, а вось не забываецца. I ведаеш — ты і тая качка, што схаліў сом, злучаюцца неяк у маёй галаве, робяцца адною толькі Аўгіняю, а сом абарочваецца ў Васіля.

— I гэты сом, — горка пасміхнулася Аўгіня, — узяў цяпер і выкінуў з свайго прожара гэту качку.

— Лепей было б, каб ён падавіўся ёю адразу. Але тут, калі гаварыць праўду, не так быў вінаваты сом, як сама качка.

Аўгіня апусціла галаву. Гутарка іх абарвалася.

— А стралец, што падбіў качку, не быў вінаваты? — ціха пытае Аўгіня і кажа: — Але гаварыць аб гэтым цяпер па часе. Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Радасць не ў дастатку, і шчасце не ў багацці. Я была чужая для яго, а ён быў чужы для мяне. Аб адным я шкадую, мне трэба было самой кінуць яго, а не чакаць, пакуль ён мянс выжане

— А чаму ж ты не зрабіла гэта?

— З-за дзяцей, Мартын. Чым жа дзеці вінаваты?

— Значыць, калі б ён не выгнаў цябе, дык ты дагэтуль жыла б там?

— Не ведаю… напэўна б кінула, бо я думала аб гэтым і толькі чакала зручнай часіны: жыццё для мяне было там не такое салодкае, як ты думаеш. I ты ведаеш чаму… павінен ведаць.

— Не, я гэтага не ведаю, — суха адказаў Мартын.

Аўгіня маўчала. На яе твары адбівалася крыўда і засмучэнне. Мартыну стала шкада яе.

— А чаму табе нясоладка жылося? Ты ж знайшла тое, што шукала. I што я павінен ведаць?