Выбрать главу

— Пойдзем! — адзываецца другі.

– Ідзіце, хлопцы, не чакайце мяне, — гаворыць першы, — а я пастаю тут трохі, пацешуся.

Шэсць чалавек ныраюць у лес і зараз жа знікаюць з вачэй, а ён, спец па часці падпалаў, Цімох Будзік, астаецца адзін, туліцца на ўскрайку лесу і глядзіць, як бушуе агонь. Але гэта пазіцыя яго не задавольвае. Ён аглядаецца, выбірае лепшы пункт для назірання пажару. Яго вочы запыняюцца на пышнай фігуры магутнага дуба. Ідзе к дубу, закідае ямчэй за плечы стрэльбу і лезе на дуб. Залез да палавіны волата дуба. Становіцца на тоўсты развілісты сук, спіною ўпіраецца ў шурпаты ствол дуба. Вось гэта пазіцыя!

Як высокае залатое жыта пад ветрам, хістаецца полымя, то сцелючыся над долам агнявымі пасмамі, то яркімі стужкамі ўзвіваючыся ўгору, выкідаючы агромністыя слупы бліскучага знізу і цёмнага ўверсе дыму. Цімох не зводзіць вачэй з гэтага дзікага шалу агню, пажыраўшага будынкі і знішчаўшага здабыткі людской працы. Буйства пажару знаходзіла жывое водгулле ў Цімохавай душы, пазнаваўшай цяпер вышэйшы экстаз радасці з поваду разбурэння гэтага змяінага гнязда яго адвечных класавых ворагаў. У меру таго як шугала полымя, абвіваючы і ліжучы сваімі пякучымі языкамі суседнія дрэвы і будынкі, вырываючы са стрэх і выкідваючы высока ў неба агромныя жмуты струхлелай саломы і мільёнаў іскраў, расло і Цімохава захапленне. З яго твару, афарбаванага баграю агнёў, не сходзіць усмешка, зларадная, помслівая ўсмешка чалавека, стаўшага вышэй гэтых людскіх законаў. Але па яго твары прабягае часамі і заклапочанасць і зніжае паўнату яго трыумфу. Цімох трывожна пераводзіць вочы на панскі горды палац. Заліты бляскам пажару, ён робіць уражанне, нібы ён у агні, але вецер адхіляе полымя ў другі бок, і палац застаецца някранутым агнём, стаіць, высока ўзнёсшы сваю вежу, і пазірае грозна і зняважліва на гэты шалёны вір агню. Няўжо Цімох схібіў, даў маху ў падпале гэтага ненавіснага панскага ідала? Цімох углядаецца, пазірае пільней, на момант як бы замірае. З яго твару сходзіць турботная заклапочанасць, проблескі дзікай радасці праменяцца ў яго цёмных бліскучых вачах: з высокай вежы палаца, як з гіганцкага коміна, паплыў борзда ўгору белаваты дым, штораз гусцейшы і болей цёмны. Успыхнулі агеньчыкі ў вокнах палаца. Агні залатымі расцёкамі пабеглі, паплылі, як жвавыя бліскучыя струменьчыкі, угору. Бухнула ў вокны густое і напорыстае полымя. Не, Цімох не схібіў! Цімох зрабіў сваю справу, аб якой так многа думаў у розныя моманты свайго бядацкага жыцця. Цімох гатоў быў танцаваць, крычаць ад радасці, каб цалкам аддацца ахваціўшаму яго вар'яцкаму экстазу. Сярод шуму і гуду пажару, трэску і грукату падаўшых перагарэлых бэлек і сцен чуліся распачлівыя, надрыўныя крыкі людзей. Усё гэта злівалася ў грозную і жудасную сімфонію разбурэння. Цімох, як нейкі чарадзей, стаяў на дубе і поўным кубкам чэрпаў асалоду свайго трыумфу.

I раптам яго чуткае вуха ўлавіла тупат конскіх капытоў. Зірнуў Цімох у той бок — дарогаю і полем ад палаўшага ў агні маёнтка пана Длугошыца імчаліся на конях польскія уланы. Даскакаўшы да лесу, яны веерам рассыпаліся па яго ўскрайку па адзін і па другі бок дарогі. Група коннікаў, чалавек дванаццаць, ехала асобна, шчыльна збітаю кучкаю. Гэта былі пераважна афіцэры. Група накіравалася ў той бок, дзе сядзеў на дубе Цімох Будзік.

"Напэўна будуць ачэпліваць лес, каб злавіць падпальшчыкаў, — сам сабе падумаў Цімох: — А што, калі б паслаць ім з дуба гасцінца?" — Не разважаючы многа, дастаў Цімох з-за пояса гранату, заняў зручную позу, каб кінуць яе, улучыўшы адпаведную хвіліну. Трымаючыся адною рукою за сук, размахнуўся Цімох, высока ўскінуў гранату насустрач пад'язджаўшым коннікам і ў заміранні сэрца чакае, схаваўшыся за шырокія плечы волата дуба. "Раз… два… тры" — лічыць Цімох і раптам здрыгаецца: грымнуў выбух. Здрыгануў волат дуб. Са звонам і спевам паляцелі асколкі гранаты. Рвануліся спуджаныя коні, наскочылі адны на другіх. Адзін пахіснуўся і недалужна грымнуўся на зямлю разам з коннікам. Як ашалелыя, памчаліся коні, адны без коннікаў, другія валочачы іх па полі галовамі ўніз. Цяпер толькі апамятаўся Цімох і адчуў усю безразважнасць свайго ўчынку. А можа, гэта яму дапамагло. У часе сумятні і перапалоху ён шугнуў наніз, кінуўся ў лес і пабег у гушчар, чапляючыся стрэльбаю за сукі і галіны.

Васіль Бусыга і яго прыяцелі, не паспеўшы належным чынам нагаравацца з прычыны налучыўшай іх бяды, а налучыла яна іх толькі мінулаю ноччу, і прыняць адпаведныя захады, каб знайсці невядома кім выведзеную з хлявоў скаціну, таксама пазіралі на бляскі пажараў і панура хілілі галовы. У гэтых блясках чыталі яны засцярогу сабе і свой уласны прысуд. Гэта была грозная і страшная ноч, навёўшая паніку на паноў і ўстрывожыўшая польскія ваенныя штабы. Яна паказала, што партызанскі рух пусціў глыбокія карэнні ў народзе акупаваных зямель, што ён вядзецца ўпарта, шырока, арганізавана і жорстка. ПІмат якія вайсковыя часці польскага войска, прызначаныя на падмацаванне фронту, былі затрыманы. З партызанствам прыходзілася лічыцца, і лічыцца сур'ёзна.