Выбрать главу

Потым мы доўга яшчэ размаўлялі з панам Рыльцам пра Ўкраіну, пра Гайнара і ягоны сад і пра мае вандроўкі па Падоллі. Ён прыгадваў даўнія знаёмствы ў тых краях, апавядаў пра розныя здарэнні ў сваім жыцці, якім чынам трапіў у Адэсу і якая выпала яму тут доля; так размаўлялі мы да позняга вечара.

На другі дзень у прызначаны час я прыйшоў да пана Рыльца; ён працаваў з каляровым пяском і рознымі акамянеласцямі, якія тоўк, перабіраў, аддзяляў ад іх нейкія часткі ды раскладаў на стале. Ён папрасіў мяне дапамагчы. Я прасяваў пясок, прамываў дробныя часткі вапны ды перасыпаў іх у шкляныя слоікі; так доўжылася наша праца аж да самага захаду сонца. Калі ўжо звечарэла, мы селі каля вакна, нібы адпачыць; асенні вецер шумеў у густой акацыі, хвалявалася мора, а пан Рылец, пазіраючы на чорныя валы, што разбіваліся аб бераг, так пачаў гаварыць:

— Гэтыя салёныя хвалі, разбушаваўшыся колісь, выйшлі з высокіх берагоў, залілі ўсю прастору зямнога шара і пакінулі вадзяных істотаў на вечны ўспамін у тоўшчы зямлі, у вапнавых скалах і на высокіх гарах. Даследчыкі, сустракаючы гэтыя дзівы, бачаць сляды мінулага жыцця і паглыбляюцца ў таямнічую мінуўшчыну; і кожны з іх паводле свайго разумення стараецца прачытаць ды вытлумачыць гэтыя іерогліфы; час мераюць яны тысячагоддзямі; сягаюць у самую сівую даўніну, каб розумам ахапіць усе варункі існавання гэтага свету. Але дарэмныя іхнія намаганні: глыбіні зямлі, горы ды скалы — гэта трупы мінулых стагоддзяў, халодныя і нямыя, яны не раскажуць ім ні пра пачатак, ні пра поступ стагоддзяў, ні пра перамены ў жыцці, ні пра канец свой; каб убачыць даўно мінулы свет, трэба ўваскрэсіць, ажывіць даследаваць яго таямніцы, знайсці пачатак і канец усяго. У кожную эпоху прырода — непрачытаная кніга; шчаслівы, хто добра разгледзеў свет, у якім жыве, і ўваскрэсіў частку мінуўшчыны; каб расказаць пра ўсе цуды — мала слоў у чалавечай мове.

З паўгадзіны размаўлялі мы пра розных істотаў, што жывуць на сушы, у моры і ў паветры, пра тое, як змянялася іхняя форма, чаму зніклі асобныя віды, рэшткі якіх можна знайсці толькі ў тоўшчы зямлі, у бурштыне і ў вапнавых скалах. Пасля пан Рылец падняўся з крэсла, запаліў дзве свечкі, выняў з шафы шкляныя слоікі рознае формы і памераў, парашкі паклаў на стол (адны з іх былі з нейкім металічным бляскам, іншыя — з крышталёвым, яшчэ былі шэрыя, чорныя, чырвоныя) і сказаў мне:

— Цяпер будзем даследаваць таямніцу ды моц каляровых вадкасцяў, што ты прывёз мне ад пана Гайнара: убачыш іх моц, убачыш цуд ўваскрашэння істотаў, якія тысячы гадоў ляжалі некранутыя ў сваіх скалістых магілах; убачыш і такіх, што чалавечае вока не заўважае, а мікраскопы ледзь толькі прыкмячаюць іхні рух ды форму.

Сказаўшы гэта, ён выйшаў за дзверы і хутка вярнуўся з хлопцам, якому было, можа, крышку болей за пятнаццаць гадоў: бледнатвары, нос сплюснуты, тоўстыя губы, густыя, як шчацінне, натапыраныя валасы.

— Гэта мой лёкай, глухі і нямы, — сказаў гаспадар. — Увогуле, мне такі і патрэбны: не чуе маіх размоваў і не раскажа тым, каму гэта не трэба ведаць; я рады, што знайшоў сабе такога памочніка.

Ён загадаў хлопцу напоўніць вадою падрыхтаваны посуд, а пасля пачаў даследаванні. Спачатку паставіў на стол міску, у якой была салёная марская вада і дзве запаленыя свечкі; я падступіўся бліжэй, каб лепей бачыць, што будзе тут рабіцца. Вучоны сыпнуў у міску жменю патоўчанае вапнавае скалы, якая складалася з акамянелых ракавінаў ды іншых марскіх істотаў; нейкі час ён моўчкі ўзіраўся ў ваду, змешаную з вапнаю, потым уліў туды некалькі кропляў сапфіравае вадкасці — і, ў місцы нечакана заварушылася, забурліла; праз колькі хвілінаў ён дадаў туды кроплю чырвонае вадкасці і сказаў:

— Глядзі цяпер.

Я ўбачыў жывых вустрыцаў і ўсялякіх слімакоў: яны раскрывалі і закрывалі свае шкарлупкі; нейкія вадзяныя павукі, рыбкі, маленькія ракі і жукі розных колераў снавалі сюды-туды.

— І ў моры цяпер шмат што змянілася, — патлумачыў ён, — рыба, вустрыцы, слімакі ды іншыя стварэнні сталі ўжо не такія, як раней.

Пасля даў знак хлопцу, каб замест міскі паставіў медніцу, у якой было крыху вады, і ўліў туды нейкія шэрыя ды зялёныя вадкасці, дадаў нейкага тлушчу ды нейкага густога, накшталт смалы, алею, усыпаў дзве жмені зямлі і дзве жмені тоўчанае вапнавае скалы, перамяшаў усё і ў гэтую мікстуру капнуў некалькі кропляў сапфіравае вады. Бурліла ў медным посудзе, уздымаліся ды лопаліся ў паветры пухіры; газ, прыкры, аж не стрываць, напоўніў паветра; ён дадаў туды яшчэ некалькі кропляў чырвонае вады — выбухнуў агонь, пачуўся шум і сыканне. А калі затухла полымя, я ўбачыў поўную медніцу жахлівых гадаў; іхнія вочы свяціліся крывавым бляскам. Гледзячы на гэтых жудасных пачвараў, пан Рылец сказаў: