Выбрать главу
1989
ЗАКАНАМЕРНАСЦЬ
Сэрца звычайнай канфігурацыі. З медзаключэння
То ці варта ўжо так непакоіцца, доктар, Што яно, гэта сэрца маё Са звычайным абрысам лісточка бярозавага, Часам гэтак балюча трапеча, Што сарвацца гатова Мяне ўразіла б іншае: Каб у ім без пакуты варочаўся Свет гэты белы...
А СТАЎ НАПАМІНАМ
Аклікаць юнацтва недарэчна, Не было яго ў маіх гадах.
...Ты напраўду першы-лепшы стрэчны, З кім і размінуцца не шкада.
Раскладала ў цвёрдыя дзве столкі Гарката, што можна мне, што — не.
...Ты напраўду субяседнік толькі, З кім прыемна пабалакаць мне.
Прыпадае да грудзей з павіннай Сталасць марнакрылая мая.
...I нашто ж ты стаў мне напамінам, Што мінаю, што мінаю я?..
1980
НА БЫСТРЫНІ
Няможна патураць тузе, Каб яву засланіла зданню, Каб зрабавала пакрысе, Што скарбавалася гадамі.
Каб незаслужаны папрок Не вырваўся нікчэмна з вуснаў. Калі крыштальны быў выток — Незамутнёным будзь і вусце!
Не змізарнець бы на вяку, Не зблоцілася б глеба тая, Дзе і крынічка б'е, пакуль Рака плыве і не сплывае!..
* * *
Цуд не бывае нечаканы, Не спраўдзіцца яму раптоўна: Жаданы пасля ночы ранак, З карэньчыка ідуць бутоны.
Зялёнай клеткай хларафілу Завяжацца першапрычына, — Хай выстарчыць бунтоўнай сілы Зрабіць рэальнасцю магчымасць!..
А хто не меў тут дачынення, Слязы ні ўсмешкі не патраціў, Той цудам назаве здзяйсненне... Была ж, як выклік, праца. Праца!
1977
ЦІ СКАЖУ
Ці скажу, што жыццё — не ўдалося, Што была неспагаднаю доля, Бо ўплятала куколь у калоссе, Град і засуху слала на поле? Як бы склаўся мой лёс, каб не знала То празрыстай, то душнай маркоты Па ўсяму, што мяне абмінала, Што не прыйдзе ні заўтра, ні потым?
Нагабаная ў жыце падкова Вінавата паблісквае ў хаце: Ля чужога агню выпадковай Грэцца ласкай чужога дзіцяці...
Быць залежнай ад поўні й завеі, Ад чужога маршруту і руху Быць залежнай, і помніць, і верыць, Што я — голас іх радасці й скрухі.
Голас тых, што здалеюць знямогу (Мне ўдавалася ў болю не ўпасці). Голас тых, чыя ў сонцы дарога (Выпадала мне зведаць і шчасце).
Узыходзіць, як каліва, слова. Не згубіцца яму ў шматгалоссі.
Ці скажу, што жыццё — не ўдалося?
ДАДЗЕНА
Здаецца, заўсёды разлічвала я На сілы свае, Сёння ж бачу, Што ўсё-такі не да канца ўсведамляла: Толькі гэтак і дадзена Пераніцоўваць уласную недасканаласць. Хоць бы зноў не зацемніць свядомасць Сумненнем! Хоць бы зноў не сарвацца У прорву зняверы! Промнік Ісціны, Нагабаны навослеп у нетрах душы, Быць відушчай, Быць памкнёнай толькі да вечнага — Памажы!
1990
* * *
Лёс мой, лёс мой — цяжкі колас, часам — цяжкі камень... Мне люляць цябе да скону кволымі рукамі. Мне з табою быць сам-насам і несці у людзі то ў кароне промняў ясных ды ў пчаліным гудзе, то шукаць табе ратунку ад навалы чорнай. Час падлічвае рахункі, мелюць часу жорны. Думкі, крокі, гнеў і радасць, — будзе хлеб ці ўдалы? Не скрывіць душой ні разу — гэта шмат ці мала? І любіць ажно да болю, як матулін голас, Беларусь — і сонца, й долю... Лёс мой, цяжкі колас!