Выбрать главу

Мы ехалі берагам ракі Канджут, па глыбокай урадлівай лагчыне, зялёнай прасекай адыходзіўшай у гарачыя скалы. На мулах, прыбраных фэстонамі і шнуркамі, брынкалі клункі. Салдат, які ехаў уперадзі мяне, уздыхнуў і зацягнуў крыклівую незразумелую песьню на нейкі сумны мотыў.

— Гэту песьню сьпяваюць грузчыкі ў калькуцкім порце,— сказаў мне субалтэрн,— нешта нібы сьпяваньне быка на бойні. Гэта гымн богу Індрэ. Ашуканцы яго ўяўляюць сабе падобным на бэнгальскага «бабу». Разьбіраеце?

Я прыслухаўся да слоў. Яны былі на знаёмай мне мове. Салдат сьпяваў:

У бога Індры чатыры рукі, чатыры рукі. Ён носіць храмовыя башмакі. Ён носіць белую. камізэльку, ён носіць гадзіньнік... О Індра, праліваючы цёплы дождж! О Індра, які праходзіць па вечарох! Які выпівае піва больш, чым стада сланёў вады! Для цябе — усё золата, каторае скопіць                         таджыр-лог — народ купцоў Для цябе расьце ух-х — цукровы чарот, Точыць яд вялікі зьмей — Мах-наг, Уначы душыць людзей Сванг — злы дух.

Рух каравану падобен быў-бы, бадай, на прагулку, калі-б няраўнасьць яго ўдзельнікаў, з якіх адзін быў нявольнікам, а другія — яго вартаўнікі. Дзьмуў лёгкі вецер, дапамагаўшы пераносіць дзённую гарачыню. Коні і мулы ішлі прыемнай рысьсю. Іншы раз я даваў шэнкелі каню, і мы гналіся навыперадкі з адным з канвойных па спадзістай кручы.

Увечары з гор папаўзьлі туманы і мокрыя цені. Стала халаднавата. Зьнікла сонца, сьвет стаў шчыльным і цёмным; засьвяціліся зоркі; жабы-сьвістуны ў чаротах завялі свае мэлёдыі; паказаўся месяц. Месяц зацягнула хмарамі; стала цёмна, як у студні. Мы ехалі, згрудзіўшыся і ня бачачы адзін аднаго. Недзе на ўзгорках забрахаў шакал, усхліпваючы і насьміхаючыся над намі. Дарога кудысьці зьвярнула, і з усіх бакоў надыйшлі дзіўныя, нязграбныя велічы. Мы прыехалі ў цясьніну.

— Тхель, Тхель! — крычаў у цемнаце Бірк, стараючыся захаваць парадак каравану.— Дзе дарога ў рабат (ваенны пост на горнай дарозе)? Я пасаджу пад арышт правадніка. Дзе мы?

— Саіб, — адказваў нехта,— ганіце караван. Вашу сварку пачуюць дрэнныя людзі, чужыя людзі, якія жывуць тут... Тхель, тхель!

Гэты голас пасьля аднекуль са змроку і абарваўся таксама раптоўна, як пачаўся. Можна было падумаць, што гаварыўшы захлябнуўся ці праваліўся ў ноч. Коні навастрыліся і захраплі, брыкаючыся і штурхаючы адзін аднаго клубамі. Андекуль уперадзе, з усіх бакоў раздаўся цяжкі воўчы вый. Я пачуў бязладную страляніну. Салдаты стралялі ў паветра, не разьбіраючы кірунку.

— Парадак! Парадак! — надрываўся субалтэрн-афіцэр.

Яго ніхто ня слухаў. Коні з пужлівым іржаньнем забіліся і сталі рвацца, стрымліваемыя натужнымі крыкамі салдат, цягнуўшых павады.

Я адпусьціў повад, і конь паляцеў кудысьці ўверх, па нябачанай воку сьцежцы, ламаючы сухія кусты і скідваючы каменьні па дарозе. Воўчы вый раздаўся амаль над самай маёй галавой.

— Дзе конь рускага? — у апошні раз пачуў я голас Бірка, ішоўшы здалёку і зьнізу.

Раздаўся залп, і па-новаму, злосна завылі ваўкі. Мой конь, цяжка і няроўна дыхаючы, кінуўся ўверх па адкосу, зрываючыся, коўзаючыся капытамі. Увесь адкос быў завален каменьнямі, якія хутка засланілі мяне ад атраду.

Крыкі і стрэлы сталі чуваць глушэй. Зажурчэла вада нейкай крыніцы, якая выбівалася з-пад каменьняў, захлюпала вада, заструілася пад нагамі каня, і ён, храпучы, спыніўся. Далей, як відаць, дарогі ня было. Я асьцярожна зьлез, пашчупаў рукамі вузкі, як шчыліна праход, дзе з шумам працякаў ручай. Тут, бадай, я мог-бы прайсьці пехатой. Я адвязаў падпінак сядла і скінуў яе ў ваду. Тое самае я зрабіў з халатам, для таго, каб прысьледвальнікі маглі дапусьціць, што я скінуўся ў гэтай начной скачцы ў бяздоньне. Затым я зьняў мяшок з харчамі, схаваны ў пераметнай сумцы кожнага каня каравана, і, прыкруціўшы яго да сьпіны, пачаў узьбірацца ў гару па руслу халоднага ручаю.