Выбрать главу

Былі ў нас сустрэчы i іншыя, i нямала, то ў Саюзе пісьменнікаў, то ў якой-небудзь з рэдакцый, то ў сумеснай паездцы на выступленне ці на які юбілей, то ў актавай зале філалогіі БДУ, дзе Сцяпан працаваў, куды i я даволі часта запрашаўся.

Былі шчырыя гутаркі сам-насам i паміж найбліжэйшымі сябрамі, калі гаварылася i пра трагічны лёс «нашых святых пакутнікаў» (гэта Сцяпанавы словы), яшчэ задоўга да рэабілітацыі вельмі нямногіх жывых i жудаснага мноства закатаваных. Гаварылася пра наша надзённае i нашу надзею на прасвятленне, што дапамагала верыць i працаваць. Былі радасці адліжных гадоў пасля XX з'езда партыі, а потым зноў прыйшлі трывогі, калі новым наваратам пайшлося пад адхон, у панура-мляўкія гады застою з планамерным нахабствам русіфікацыі. Помніцца радасць, з якою Сцяпан, вярнуўшыся ў красавіку 1968-га з Чэхаславакіі, дзяліўся весткамі з «пражскай вясны». Потым была польская «Салідарнасць». Прыйшла наша «перабудова», павеяла адраджэннем. Помняцца іншыя смуткі i радасці...

Я ўжо думаў пра гэта раней i неаднойчы, крыху пісаў пра такое, але дазволю сабе паўтарыцца. Як гэта добра, як хораша ўжыліся ў нашу беларускую літаратуру i яўрэй Рыгор Бярозкін, i рускі Генадзь Кісялёў, i татарын Сцяпан-Мустафа Александровіч.

Першага з названых мы часта згадваем i ў гутарках, i ў друку я к добрага сябра i выдатнага крытыка, пераважна паэзіі.

Другі — сярод нас i сёння, гш-ранейшаму творча актыўны, гатовы належна выступіць тут, на нашым свяце.

A трэці — наш юбіляр, жывая памяць пра якога сабрала нас тут, светлы вобраз якога прыгожа i сімвалічна гаворыць пра беларускую дружбу яшчэ i з татарамі шчырую, традыцыйную дружбу, з якою радней, утульней на нашай агульнай, такой шматпакутнай, такой цудоўнай зямлі.

1996