Выбрать главу

Швагра яго, Сярожу, я ведаў вельмі мала. От, акуляры, студэнцкая шапка. А жонка ягоная, Аня, у сямігодцы вучылася на клас раней за мяне i сябравала з маім братам Мішам. У ix нават больш было трохі, чым сябраванне. Смуглявая, высокая, вясёлая красуня.

Над пісулькай успомніўся чэрвеньскі дзень ажно трыццатага года. Аня чамусьці не з'явілася ў школу ў гэты дзень, калі сямікласнікі ладзілі развітальны вечар. I вось мяне — так, іменна мяне! — з адным сямікласнікам, на чатыры гады старэйшым, паслалі з Турца цераз наша Загора, а потым голаю пашай, няскошаным лугам, па сезонным гарбатым мосце цераз Бушу, зноў лугам i ажно ў леснічоўку — за добрых сем кіламетраў ад школы. Што такое казённы ляснік для вясковага хлапчука, што такое казённы лес у тыя гады? Грозная таямніца. За якою i стрэльба, i сабака, i крык, i штраф бацькам, калі вясковы пастушок паткнецца за нябачныя межы той таямніцы. Аднак мы, пасланцы, не засталі ў тым бярэзніку, што клінам уразаўся ў высокатравяністы луг над звілістай Міранкай, ні самога лесніка са стрэльбай, ні яго дарослага сына, ні ix сабакі, a толькі прыемна смяшлівую Аніну маму, якая частавала нас малаком, пакуль яе красунечка прыбіралася на выхад. А потым мы ішлі ўтраіх, пра штосьці, вядома, гаварылі, з чагосьці смяяліся, ды я не буду цяпер нічога прыдумваць. Годзе таго, што гэта мне светла помніцца.

Мне было трынаццаць, Аня старэйшая на два гады, аднак i я, услед за братам, якому было шаснаццаць, адчуваў сябе закаханым у нашу Аню па-свойму. А значыцца, i шчаслівым у той, такі сонечны дзень. Хоць i без рэўнасці, нават, можа, шчаслівы за брата.

На развітальны вечар сямікласнікаў, у хату аднаго з вучняў, запрошаны былі некалькі дзяўчынак i хлапчукоў з шостага, у тым ліку i я, заслужаны пасланец. У абодвух класах была бадай палавіна пераросткаў, што з-за бясконцых войнаў (царскай, грамадзянскай, бальшавіцкапольскай) вучыцца пачалі хто ў сем, хто ў восем, а хто i ў дзесяць або дванаццаць гадоў. Я быў даволі бойкім смехуном, a ўсё ж ушчэнт збянтэжыўся, калі старэйшая сястра майго аднакласніка i сябра Абрашы (потым Зяма ў «Золаку, убачаным здалёк»), прыгожая Шэйна, пакуль мы штосьці елі-пілі (не гарэлку i нават не піва), устала над сталом, перахілілася і, смеючыся, сказала: «Ану, Ясь, калі ўжо ты такі храбры, пацалуй мяне! Збаішся?..» I я збаяўся, пад дружны рогат, а потым вусны тыя, раскрытый ў смеху i ўсмешцы, i вялікія карыя вочы, i грудзі не давалі спакою маёй адзіноце.

А каб жа Аня так сказала, так засмяялася!..

Над чамаданам, з пісулькай у руцэ, як i цяпер, запісваючы, я яе, мілую Шэйну (і сапраўды, на ідыш імя Шэйна — красуня) — не магу не бачыць інакш, як праз тое, што адбылося на адзінаццаць гадоў пазней за той дзіцяча-юнацкі вечар. Увосень сорак першага i яна, ужо маладая маці, была па-зверску забіта ў нашым мястэчку. Як i іншыя з тых, каго я ведаў, з кім сябраваў, каго сёння — праз цэлую вечнасць — бачу на выцвіла-старой фатаграфіі пятага i чацвёртага класаў, на фоне густое лістоты, што акружала высозную, прыгожую царкву, за якою ціха стаяла наша старая драўляная школа.

Ані на тым здымку няма, яна прыйшла ў нашу школу на адзін толькі год, у сёмы клас, калі бацьку яе перавялі аднекуль у казённы лес за нашаю Вушай. Можа, таму i ўспамін такі востры, што толькі адзін год, што толькі адна сустрэча была пасля, калі яна, студэнтка Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, светла-зялёнай павай праплыла па летняй, нядзельнай вуліцы нашага Загора, ідучы ў Турэц, i мы сустрэліся, пагаварылі. Брату было дзевятнаццаць, ёй на год менш, а мне яшчэ на два. Яшчэ не надта, чым перад Шэйнай, смялейшы. Яна была ў самым дзявочым росквіце, яе чароўная смуглявасць, мілы, іскрысты смех яе мне помняцца...

Пасля бацькі пасаду лесніка, на сваю галаву, заняў Анін брат. У саракавым, калі яна была ўжо замужам, жыла ў мястэчку, брата з сям'ёю вывезлі. Цераз армію Андэрса ён трапіў пасля ў Англію, куды пазней, з Польшчы, аўдавеўшы, пераехала i Аня з дзецьмі. A ўжо адтуль, за сынам, рушыла ў Аўстралію. Пісала адтуль залоўцы i швагру, майму Алесю.

Ды вось i тых пісьмаў няма...

А зрэшты — ці сказалі б яны мне больш за гэтую пісульку?..

З людзьмі і сам-насам