Выбрать главу

ДЗЕВЯНОСТА ТРЭЦІ

Калі мы з ім, госцем-унукам, засталіся ўранні адны, я даў яму спаць колькі захоча. Бо i самому тым часам вальней, спакайней за пісьмовым сталом. Устаўшы ў адзінаццаць з мінутамі, румяны дзесяцігадовы філосаф на маё вясёлае здзіўленне адказаў:

— I нармальна!

Падумалася, што дзеці законна лічаць: сплючы, яны жывуць. А мы, старыя,— што трацім столькі часу.

* * *

Перачытваючы запісы восемдзесят пятага года, як прыемнае адкрыццё — Бог мой, толькі праз сем з палавінай гадоў! — убачыў тое, дзе i як мы пазнаёміліся з Міхасём Ткачовым. Каля магілы нашай агульнай любові — Валодзі Караткевіча.

I гэта бачыцца цяпер, ужо i цераз Міхасёў заўчасны адыход, не так сабе...

* * *

Над старонкамі Віктара Астаф'ева не адзін раз паглыблена ўзнікала думка, піто іменна так павінен паводзіць сябе пісьменнік — пісаць, i добра пісаць, а не лезці ў палітыку. «Прокляты и забыты» напісаны добра. A ў раздзеле, дзе расстрэл братоўблізнюкоў, ажно жудасна стала ад агульналюдскай сілы напісанага.

Прачытаўшы ўсё, думалася, па нашай даўняй прывычцы, i пра пэўныя недахопы, аднак тут — не да ix.

* * *

Танк, наш трэці народны Максім, у адказ на мае тэлефоннае прывітанне ды віншаванне з сонечным днём, сказаў, што ён якраз бінтуе сваёй Любе нагу. I возіць яе ў калясцы па вялікай, пустой кватэры...

Пахваліў Калеснікаў уступ да дзённіка Мядзёлкі, дарэчы, як i Вялюгін днямі. Я не стаў адкладаць да вечара, пазваніў Валодзю з гэтай весткай ад двух сур'ёзных чытачоў.

Максім расказваў таксама, што Любоў Андрэеўна памятае, як яна, вучаніца першага класа віленскай беларускай гімназіі, бачыла развітанне Гарэцкага з выкладчыкамі перад яго ад'ездам у Мінск,— як яны цалаваліся i які ён быў прыгожы. Можа, Максім запіша пра гэта, а то i не, хоць ён, думаецца, піша дзённік, не абмежаваўшыся «Лісткамі календара».

* * *

Зранку пайшоў у архіў, занёс кнігі сяброў з аўтографамі i пацікавіўся сваімі пісьмамі ў фондах Забэйды, Гарбука i Васілька. Не толькі прыемна было такім чынам вярнуцца ў мінулае, ажно да саракавых гадоў, але ж i думалася, што гэта — пісьмы — таксама ж літаратурная праца, якой нельга так сабе прападаць.

Смяюся ўвечары, успамінаючы, як я ў саракавых пісаў Васільку: «Если ты не хочешь, чтобы козлиное горло твое было залеплено горячей кутьей...» Так пачынаецца пісьмо, у якім я прасіў штосьці абавязкова i неадкладна прыслаць, у яго ж інтарэсах. Гэта — гогалеўскае, з «Вечера накануне Ивана Купалы» (толькi што зверыў), а то ў нас з Міхасём i царкоўнай мовы было для гумару шмат, што пачалося з палону i працягвалася пры сустрэчах. Рыхтуючы свой першы савецкі зборнік, ён даўгавата жыў у мяне, мы нямала смяяліся. Было крыху такога i ў пісьмах.

Сур'ёзныя пісьмы Вісарыёну Гарбуку, i нямала ix, i неяк прыемна, што з Мінска яны пабывалі ў яго Пяцігорску i вярнуліся адтуль, каб застацца памяццю пра нашу завочную дружбу.

* * *

Званіла дачка Колі Бразоўскага, хоць праз пару месяцаў пасля яго смерці, i гаварыла, між іншым, што ён прасіўся ў бальніцу, а яму нельга было сказаць, што браць яго туды лічаць ужо дарэмным, i крыўдзіўся на родных, гаварыў: «Пазваніце Івану, ён мяне паложыць!..»

У нейкай сувязі з гэтым адчуваннем чалавечай ды партызанскай блізкасці згадаю, як на з'ездзе ТБМ сімпатычная маладзічка, зусім незнаемая, расказала, што, калі яна была малая, я начаваў у іхняй хаце, спаў на іхняй канапе. Аказалася, яна з тых Казлоў на Нясвіжчыне, дзе мы — Лойка, Аўрамчык, Барадулін i я — выступалі ў школе. А было гэта, боская моц, у маі 1966 года. Бацька тае дзяўчынкі, свядомы педагог, яшчэ жывы-здаровы, i я папрасіў перадаць яму прывітанне, забыўшыся спытаць, хто яна цяпер, дзе, кім працуе,— тая ціхая дзяўчынка.

* * *

Калі мы, трупа пісьменнікаў, што прыехалі ў Горкі на юбілей Максіма Гарэцкага, стаялі ў холе гасцініцы, чакаючы, пакуль нас паселяць, i ажыўлена гаманілі на роднай мове, нейкі «муж средних лет» паруску нягучна спытаўся ў мяне, найбліжэйшага, адкуль мы. A пачуўшы, сказаў:

— И у нас, в Бобруйске, такие есть.

Не літаратары, як мы, пра што я не сказаў, a іменна такие. Нібы дзівакі.

* * *

У выступленні на саракагоддзі «Маладосці» Алесь Асіпенка нечакана расказаў, як у лютым 1953-га Машэраў хацеў паставіць мяне рэдактарам гэтага часопіса. Гаварылася тады: ён не ведаў, што я беспартыйны. Алесь, рэдактар «Чырвонай змены», член бюро ЦК камсамола, «ведаў нямала закуліснага» (словы ягоныя) i сказаў, што гэта Патолічаў выказаў недаўменне: камсамольскі часопіс i беспартыйны галоўны рэдактар?..