* * *
Мы з ім ішлі, i мне захацелася сказаць яму добрае. Сказаў пра тое, што было нядаўна перад гэтым,— як Сяргей Залыгін, седзячы ў парку на лавачды, чытаў у газеце штосьці ягонае, Мележава, а я спытаўся, як яно, на што Сяргей Паўлавіч адказаў: «Хорошо. И вообще он мужик хороший». Іван :шда колена ўсміхнуўся.
I тут мы з ім падышлі да ракі, прадвяснянай. Ён увайшоў у ваду, але пачаў адступацца ад настырлівых хваляў, каб не замачыць ногі... ужо стоячы ў вадзе. Зусім нармальна. Потым з шарошу на рацэ начало збівацца, як галка масла з крупінак, штосьці падобнае ці то на невялікую тоўстую крыгу, ці то на іншы лодкападобны «наплаўны сродак» (здаецца, так па-сапёрску), які мой Иван асядлаў, з нагамі ў вадзе, i, нібы вяслуючы нейкім кійком, падаўся на другі бераг. Ён яшчэ не даплыў туды, набліжаючыся да рэдзенькага гурту іншых такіх плыўцоў, а я заклапочана замітусіўся, шукаючы, на чым жа пераправіцца мне. Дарма!..
Ды з гэтым i прачнуўся... адразу перайшоўшы ў пераможны любоўны ўспамін, які захацелася з лаянкай адагнаць.
Гэтым пачаўся сонечна-церпкі жнівеньскі дзень.
A ўчора, зусім пад вечар, кінуў у блакнот такое, малавыразнае:
Наперадзе ў мяне штосьці, чаго не растлумачыш нават сам сабе, што толькі адчуваецца. Нейкае радасна светлае воблака на бязмежным блакіце — шчасце, якое чакае мяне. Яно нікому іншаму не зашкодзіць, а мне яно неабходнае, у ім сэнс, надзея, жыццё...
Каб жа я мог гэта належна выказаць!..
* * *
Перачытваючы Караленкава «Лес шуміць», успомніў Васілька — яго чатырохрадкоўе з модным заключным радком:
Гэтую мініяцюру Міхасю вырэдагаваў з даўжэйшага верша Таўлай. Пры маёй дапамозе. Пры аўтару. Захапляліся ўдачай разам, утрох.
* * *
З Ясеніным мяне даверліва пазнаёміў мастак Дзіма Красільнікаў, з якім мы разам працавалі ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». А з Грынам, таксама «тайно образующе», Саша Міронаў, крыху пазней, пераехаўшы з Гродна ў Мінск.
Потым я выпісаў Грынаў шасцітомнік. Сказаць зусім шчыра — гэта для мяне не Чэхаў, аднак светлае адчуванне ад ягонага слова жыве. Успомнілася вось, як прыемна было ў яго мазанцы ў Старым Крыме, з мальвамі i сланечнікамі за нізка пасаджанымі малымі вокнамі, дзе ён, як піша ў часопісе «Наука и жизнь» даследчыца Пярвова, жыў i памёр «ад цяжкай хваробы, у галечы i забыцці, але свабодны, застаўшыся сам сабою, сагрэты клопатам i любасцю роднага чалавека — жонкі».
Тую весела-дабрадушную, мажную, у простай белай сукні Ніну Мікалаеўну мы з прыемнасцю слухалі, зняліся з ёю каля той хаціны, i я быў рады, што разам з іншай малечай, якая акружыла мілую бабулю, быў i мой дзевяцігадовы сын.
А як вярталіся ў Кактэбель, шафёр аўтобуса нагаварыў нам столькі змрочнага, бруднага пра гэтую жанчыну («Працавала бухгалтарам у фашыстаў!..»), што толькі ўкраінскія сябры, якія не былі з намі ў Грынавай хаце, асабліва Антон Хіжняк, дапамаглі мне ўраўнаважыцца.
А цяпер — новае ў біяграфіі Грына: як ён не змог быць тэрарыстам, пакінуў кампартыю, пакутліва парваўшы з-за гэтага са сваім першым каханнем, «чудной» (па Караленку) Кацяй Бібергаль. У кожнага з ix аказалася сваё, што было найвышэй. «Души надо перевоспитывать,— гаварыў гэты «полуполяк»,— а не развращать их страхом». Для «чудной» ён аказаўся баязліўцам («Ты трус!» — уджаліла яна па-жаночы найсуровей), а свет надоўга ды ўдзячна набыў высакародна яркага пісьменніка.
* * *
Недачытаны томік Купалы «Жыве Беларусь», вершы i артыкулы першых паслярэвалюцыйных гадоў. Не мог я не думаць, чытаючы далей, што ўсё гэта ў яго, у адрозненне ад пазнейшага (успомнім дзённік Чорнага), напісана самім. Ды такое — між іншым. А большае, глыбейшае ў сваёй трагічнай сутнасці — тое, што яму, Купалу, ох як цяжка было пасля, як нямала падстаў для жудаснага, беспрасветнага страху. Адно самагубства не ўдалося, прыйшло другое — зацяжное самагубства таленту.
Дачытаў, i стала вельмі няўтульна, сумна...
* * *
Успомнілася днямі, як мы з Калеснікам у красавіку пяцьдзесят другога наведалі ў Вільні Пятра Сяргіевіча. Адзін момант успомніўся — адна дзявочая нага, у калене прыўзнята-сагнутая ў недарэчным жаданні кінуцна ў скокі. Ад радасці, што вось яны, маладыя, саджаюць у парку дрэўцы. Такі сабе сацрэалізм. Што нам з відавочнай натугай ды няёмкасцю сяк-так, па-свойму дробненька секучы, намагаўся растлумачыць сімпатычны ды паважаны маэстра.