Выбрать главу

Натугу тую мы памятаем з таго часу, ведаем i па сабе...

* * *

Жаночая песня па радыё, бойка жулікаватая. Улавіў толькі рэфрэн пасля кожнага куплета:

...И Алла Пугачева, и Рая Горбачева зовут меня на яблочный пирог!..

Не простае тут зубаскальства, a пэўны народны, гістарычны падтэкст. Наконт Раі, вядома, так нядаўна ўсесаюзна-глабальнай. Як яна гаварыла — з паўзамі для пажаданага запісвання, як дэманстравала ўсюды, i ў свеце, i ў айчынным убостве, свае «августейшие» ўборы, як векапомна расказвала пра фароскую «трагедыю», як... яшчэ i іншае. Такі тып жанчын — i смешных, калі не пры ўладзе, i страшных, калі ўсё сама.

Успомнілася недзе чытанае ў Талстога: «Все эти глупые бабы и девки, восседавшие на русском троне...» Гісторыя!

* * *

Каля сельмага, пакуль што зачыненага на абед, з бабамі i дзецьмі стаіць нямогла худы, зусім бяззубы дзядок. Калі ён датэпаў сюды, якраз ішла гаворка пра чарговае падаражанне. Пытаннямі падключылі да дыскусіі i старога. Ды ён сказаў толькі, неяк вымалаў у пустым роце:

— Во да-вя-лі!..

Потым язык яго зусім заблытаўся ў маце.

I нічым дзядзьку не разважыш: ён ужо чуў усё.

...Калі ж мы пачнем смяяцца з таго, што робіцца?

Праз слёзы, вядома ж.

* * *

Гісторыю будзем таўчы ды перамешваць кожны на свой лад заўсёды. З патрыятычным замоўчваннем сяго-таго ды выторкваннем «патрэбнага».

* * *

Неяк дачка з пахвалой успомніла, як я тут, на дачы, адрамантаваў свае тапкі. А я сказаў, што гэта — ад колішняй вясковай практыкі падшывання лапцей. «Во время оно» яно ў мяне атрымлівалася нядрэнна. Нават яшчэ i ў гады акупацыі, калі ў мяне адны боты забралі партызаны, a пашыўшы другія, ix трэба было хаваць, зручна ды весела карыстаючыся лапцямі.

* * *

Апавяданнем «Мой зямляк» я пачаў вяртаць свой пісьменніцкі голас у новых для мяне, у савецкіх умовах.

Таму i люблю яго неяк па-асабліваму.

* * *

Цяжкае ўражанне ад пачутага па радыё,— на мінскі «кангрэс народаў» завіталі з Масквы бабурыны, стэрлінгавы, алкснісы. Ажно згадалася само сабою: «Не стая воронов слеталась на груды тлеющих костей...» Зноў гаворыцца, што нам, беларусам, «будет принадлежать честь»... у гэтым выпадку — адступіцца ад сваёй незалежнасці. Галёканне брэсцкіх i барысаўскіх ветэранаў — аблога i такога выгляду. Выступаючы па «Свабодзе», Быкаў разумна паўтарыў Адамовіча з 1991 года: наша дэмакратычная самастойнасць залежыць i ад таго, якія сілы будуць кіраваць Расіяй. Цяжкія прадчуванні...

* * *

A ўчора, правёўшы госцю-дачку на стаўбцоўскі аўтобус, у полі за апошнімі беражэнскімі хатаMi спыніўся — паглядзець на сонца.

Яно, як гаворыцца, узышло i пастаяла. Такое добрае, не вінаватае за ўсе зацяжныя дажджы i гвалтоўныя навальніцы, нават у палавіне верасня. I захацелася сказаць яму:

— Добры дзень! Даўно ж не бачыліся!..

* * *

Даты жыцця вядомых мне i менш вядомых пісьменнікаў выклікаюць часамі ды міжволі думку: як мала пражыў, a колькі зрабіў! I пераходзіш да самога сябе: больш ужо не зробіш, можна толькі даточваць да ранейшага.

* * *

Ледзь не суткі з транзістарам. «Ледзь» таму, што толькі позна ўвечары З кастрычніка от так сабе ўключыў радыё i дачуўся. А тады ўжо было не адарвацца. У асабістай, айчыннай, усясветнай трывозе...

Калі закончылася перамогай — адчуванне тое ж, што i ў жніўні дзевяноста першага, толькі, здаецца, шырэй i глыбей i трывожней.

I нічога больш не магу напісаць, наваг пра кроў i пакуты...

...Учора i сёння (пішу ўранку 7-га) у гэтай перамозе змрочна, пакутліва выплывае братазабойства — на пярэдні план...

* * *

Часта бывае такое: толькі прачнешся — адразу ж успамінаецца нешта ўчарашняе, што ці зрабіў, ці сказаў не так. Дакор самому сабе.

Сёння ж, калі прачнуўся перад чацвёртай гадзінай (цяпер без дваццаці шэсць), адразу згадалася пачутае днямі па радыё:

Як салдацікі ўнутраных войскаў, «некаторыя», паразбягаліся былі ад Белага дома, ад мэрыі або Астанкіна, а цяпер бацькі — ужо сапраўды некаторыя — не адпускаюць ix, сваіх васемнаццаці-дваццацігадовых хлопчыкаў, зноў у пекла братазабойства.

Не цяжка мне ўявіць такое — ужо не з сынам, а з унукам, які не на вельмі далёкім падыходзе да салдатчыны.

А суд над такімі бацькамі — якая сучасная тэма!..