Выбрать главу

* * *

Неяк Міхась Калачынскі пры мне расказваў Якубу Міско, як ён на сваім дачным участку «ўдала вырашыў справу з угнаеннем». Выступіў з вершамі перад работнікамі мясцовага саўгаса, а дырэктар прыслаў яму машыну доб-ра-га гною.

— Дар за дар! — не стрымаў Якуб. I молада, весела зарагатаў.

Тут я не столысі пра Міхася, у яго ёсць i добрыя вершы, тут — пра Якуба, яго таварыскую весялосць. З ім нельга было не смяяцца. Бо i Міхась жа тады засмяяўся. Амаль зусім бяскрыўдна.

* * *

Вялюгін расказваў, як ён прысеў на скверы, насупраць гмаху былога ЦК партыі. Прыбіральшчыца спынілася каля яго, паспачувала:

— Скучаете? Видимо, работали здесь?..

Сціплы, амаль заўсёды апальны Толя.

* * *

Саракагадовая рагатуха з вышэйшай эканамічнай асветай гаворыць пра жыццё-быццё i дае такі вось фальклор:

— Як убачыў чорную латку, дык забыўся пра родную матку!..

Пра дзевятнаццацігадовага сынка, якому прыспічыла жаніцца.

* * *

Былы палкоўнік, ваенны журналіст, якому добра за восемдзесят, яшчэ нястомна рухавы. Дачка смяецца, што колькі б разоў ні прыйшоў за дзень з магазіна — кожны раз пераапранаецца i на балконе вытрасае порткі.

* * *

Прыпознены жаніх, трохі пісьменнік, больш журналіст, шукаў сабе пары сярод маладзенькіх. Пажылая мяшчанка, у якой была на кватэры дзяўчына, што ў Мінск прыехала з Расіі, расказвала пасля, што вось ён першы раз зайшоў, а яе, дзяўчыны, няма дома.

— Ветлівы, нічога не скажаш, але як зняў капялюш, дык на лысіне толькі адна пружынка падскочыла!..

* * *

Крыкліва модная маскоўская спявачка «растелешилась» так, што больш ужо i выстаўляць няма чаго.

* * *

Во нявестачка!.. Просты, цялюкаваты дзядзька расказвае мне:

— Снедаем усе, а яна счапілася з нашым сынам: «Што мне за табою за жызнь? У цябе ж такі во, як мой мізінец, я нават нічога не чувствую!» А сама ўсё-такі бібліятэкарка...

* * *

Успомніўся касцёл ва Уселюбе. Засыпаны ільняным семем. У сонечным i цяністым парку. I не падумалася тады, у пяцьдзесят першым годзе, што яны, касцёлы, будуць так масава аднаўляцца. Нават ушчэнт разбураныя ды запушчаныя. А той успомніўся чырвона-элегантным, чыста засыпаным процьмай насення з любчанскіх раскошных ільноў.

* * *

Уваходжу ў вёску, ідучы да аўтобуса, сустрэць жонку з Мінска. На адным з двароў, каля хаты сядзіць з жанчынамі мая вясёлая равесніца з хутара, каля якога часта праходжу.

— Антонавіч, добры дзень! — вітаецца яна, першая заўважыўшы мяне.— А куды вы?

— У прымы!

— А чаму ж не да мяне?

— А я й заходзіў, але ж вас дома няма. Во, нават новы капялюш надзеў!

Бо ўпершыню выйшаў у людзі пад сваім бліскучым жытнім брылём, нядаўна купленым у Каневе, на шаўчэнкаўскай ярмарцы.

Добра гэта, калі весела!

* * *

Пра таго, хто любіць вынюхваць, у вёсцы нашай казалі:

«Эх, тыц у хату, нюх у с....!»

* * *

Маладзенькая мама, прыгожая жоначка прымака, сарамліва-важна ідзе па сваім двары. А мне здаецца, што гэта ж так нядаўна яшчэ яе нябожчык бацька, калі сам быў дома за гаспадара i за гаспадыню, зварыўшы абед, клікаў малую: — Есці ідзі, гадаўка! Хоць яна i тады была мілая.

* * *

Набокава за яго «Лаліту» трэба судзіць па адным артыкуле з гвалтаўнікамі нялетніх.

* * *

Яўрэйскае: віншуючы з наваселлем, першы раз у новую кватэру трэба прыходзіць з нечьш салодкім або мяккім. Тая, ад каго я гэта пачуў, принесла нам падушачку на канапу, чырвоны «ясік», як гаварылася пры Польшчы.

* * *

Лягчэй было i ад таго, што з панства пакпіш, кал i гэта нават закранала i чужую рэлігію. Галоўным было высмеяць тое адмоўнае, што ўваходзіць у гэтае паняцце — панства: пустая фанабэрыя пры невуцтве, пагарда да бяднейшых. Помніцца з маміных расказаў:

Шляхцюк вярнуўся з кірмашу. Дзеці, сустрэўшы яго на дварэ, пакуль ён распрагаў, убеглі ў хату з радасцю:

— Татусь купіл гонскэ бялон! Гонскэ бялон!..

A пані матка, недачуўшы, што яны пра белую гусь, начную кашулю з сябе ды ў агонь у грубцы, таксама ўсцешана:

— Хоць вонзка, але бяла!

Бо свая даўно нямытая.

Другая пані ў касцёле моліцца, спявае з кантычкі, аднак трымае яе «дагары нагамі». Калі ёй хтосьці звярнуў на гэта ўвагу, яна з важнасцю адказала:

— То дзеці ўдому пшэўруцілы.

I яшчэ адна, таксама з кантычкай, з якое цягне рэчытатывам: