Выбрать главу

— Яко было... яко было...

А пан, што побач сядзеў, нарэшце падцягнуў:

— А я жрэ-э-бец!..

* * *

Бабуля расказвае:

— Цётка твая, Зося, нарадзіла Анечку ноччу, у тры гадзіны.

Бабін унучак, цётчын любімы пляменнік, якому шосты год, иытаецца:

— А цёцю Зосю тады разбудзілі?

* * *

Сядзі ў сваёй дачнай самоце, пішы ці чытай штосьці значнае, ды вось, як гром з яснага неба, у хату сваячка, дачка якое закончыла педагагічны тэхнікум i яе паслалі на два гады ў вёску. Там яна папрацавала год i вельмі ж хоча ў горад. I вось табе, старому, дваюраднаму дзядзьку мамы тое пакутніцы, кроў з носа, а конча трэба ехаць у горад, ісці хоць да самога міністра, хоць да прэм'ера, але ж каб Маруську ў Mi иск перавялі!.. І як ні тлумач, не павераць, што ты не можаш памагчы. Славутае жаночае: «Каб захацеў, дык памог бы!..» Ну, а маральныя меркаванні — зусім не ўлічваюцца.

* * *

Пасля загаданага зверху «абмеркавання» на прэзідыуме Саюза пісьменнікаў маёй скандальнай публікацыі ў «Немане» (№ 2 за 1973 год), дырэктар выдавецтва, хлопец добры, але ж i вельмі дысцыплінаваны партыйна, усю ноч чытаў падпісную карэктуру кнігі, у якую тая публікацыя ўключана, шчодра выкідаючы ўсё «крамольнае».

На сустрэчу з ім, абараняць мяне i шнар рэдакцыі крытыкі, па якой тая кніга ішла, з аўтарам мужна пайшла загадчыца — Верачка Палтаран. Божа мой! — i рукі ўжо дрыжаць, i ўся такая благенькая, у прытоенай немачы, a ўсё роўна — у бой!..

Нядаўна, у гутарцы з сябрам, закранулі выступленне N. супраць «чорнае сотні»,— добра, што добра ў яго, таленавітага, аднак жа i гон у публіцыста такі, быццам ён заўсёды стаяў толькі на прагрэсіўных пазіцыях, а не быў, скажам, вельмі старанным сакратаром партыйнай арганізацыі Саюза пісьменнікаў. Або i такая пацешная сітуацыя,— сваё першае выступленне перад калектывам выдавецтва, калі яго «за примерное поведение» ЦК паслаў туды галоўным рэдактарам, пачаў ён, колішні, даўнейшы вальнадумец, з таго, што адпаведна сітуацыі надзьмуўся:

— Я прыйшоў сюды праводзіць лінію партыі...

I Верачка не стрывала, адразу:

— Яська, а мы чаго сюды прыйшлі?..

Абодвух мужчын не называю, нават імя другому змяніў, бо справа тут не ў ix, a ў той, у каго талковая смеласць ды шчырасць у роднай справе хораша спалучаліся з абаяльнай жаноцкасцю ды адчуваннем смешнага.

* * *

Збіраючы свой песенны фальклор, Зіна Мажэйка паездзіла па Беларусі миога. Успамінае мне весела, па тэлефоне:

— Пра вяселле пры гарбачоўскай цвярозасці дзядзька гаварыў мне так: «Без гарэлкі вяселле — гэта як з дзеўкай толькі пасядзець, не больш!..» A ў бабулі адной я спыталася, колькі ёй гадоў. I кажа яна: «Ды ўжо ж, мусіць, мая дарагая, з семдзесят будзе. Тут вось у мяне запісана». Пашпарт паказвае. Ну, кажу, бабка, вам ужо цэлых восемдзесят тры. А бабуля: «А Божачка! А на храна ж мне столькі!..» Тут я вам не зусім дакладна — яна сказала мацней.

* * *

Аднавяскоўцы, мастак i філосаф-палітык, пасварыліся так заядла, што мастак пазваніў мне, папрасіў праверыць па слоўніку Даля, што такое «мерзавец». Пачуў ён гэта, трэба думаць, ад філосафа.

* * *

Яшчэ i да майго маленства дайшло здзеклівае пра паўстанне 1863-1864 гадоў:

«Ушысцы панове да лясу i за грубой соснэн!..» «Пан за пана ховай сен!..»

Зрэшты, тое было тады толькі ж праз паўстагоддзя. Як цяпер ад вайны.

* * *

За санаторным сталом са мною — пажылая калгасная заатэхнічка, жанчына i прасцецкая, i пасвойму ганарлівая.

Заказваем меню на наступны дзень, i яна да мяне:

— Ой, Антонавіч, гарохавы суп не трэба, а то будзем буксаваць!

Вяртаецца з пляжа, зімовага, дзе толькі праходжваюцца, а я іду туды.

— Ля возера была,— кажа яна.

— А вы ўсё возера. Гэта ж не возера, а мора.

— Ну, няхай будзе мора.

Як з ласкі якое.

* * *

Пляткарку, зводніцу ў астравецкай вёсцы называюць «Калхозная Праўда». I газета такая, i наогул уся праўда.

* * *

Дзяўчына ці маладзічка пабегла да аўтобуса, раскідаючы ножкамі, не раўнуючы, як карова заднімі раскідае. Толькі што дзяўчына ці маладзіца — як быццам знарок, з какецтва.

* * *

У верасні шэсцьдзесят дзевятага, на Туманянавым юбілеі, іранічна дасціпны Геворг Эмін паднімаў на ўрачыстым урадавым прыёме тост за двух шаноўных землякоў — Мікаяна i Баграмяна:

— Товарищи, выпьем за этих сидящих символов!.. У шчырым патрыятычньш запале гаварылася таленавітым паэтам.

* * *

У прозе Івана Шамякіна — фігурнае катанне па гладкім лёдзе злабадзённых незадзірыстых тэмаў.