* * *
У «Белым голубе» я разлічыўся з успамінамі пра «Кацюшу», упершыню пачутую пасля вяртання з палону. А яна мне нагадвае яшчэ i вясну сорак другога года, танец пад гэтую мелодыю на хутарскім падворку, з хлопцамі i дзяўчатамі з маёй даваеннай кампаніі i з маладзейшымі, што пасталелі за час маёй адсутнасці.
Калі супастаўляць гэтыя, на нейкі час бесклапотныя, нехта скажа — бяздумныя танцы ў той страшны час, з тым, што адбывалася на ўсходзе, дык ёсць тут i апраўданне, вечнае i агульналюдскае — маладосць, што патрабуе свайго i ў нікога не паўтараецца. Я быў пасля перажытага за тры гады, мне ішоў дваццаць пяты, з адчуваннем не ўзятага ў свой час, а да таго яшчэ тое было, што толькі мае, патаемнае — я, цяпер можна сказаць, актыўна пісаў, быў закаханы ў тое, што рабіў, не толькі, як усе іншыя, закаханы — проста ў жыццё, у кагосьці з дзяўчат, у радасць пачатку жыцця...
Недзе чытаў ці чуў, што Блантар унёс у гэтую, такую слаўную, мелодыю нешта яўрэйскае, як Любан у нашу «Бывайце здаровы». Адам Русак падмацаваў яе беларускім словам, a Міхаіл Ісакоўскі «Кацюшу» тым больш арганічней, таленавіцей — словам рускім, i яна хвалюе многіх.
Можа, i таму яшчэ, што песня гэтая, як сонца, пранізвала жах вайны чысцінёю надзеі на лепшае, што мы, вясковая моладзь, адчувалі ў ёй, разам з ужо нешматлікімі «байцамі»-акружэнцамі, якія выкруціліся ад вывазу ў Нямеччыну i яшчэ не пайшлі ў партызаны, вядома, разам з нашымі.
* * *
Іван Франко, кніга апавяданняў «До світла!». Пачынаючы з «Вівчара», «Малого Мирона», «Мавки» ў прозу яго ўступіла паэзія. Бо перад гэтым, у цэлым раздзеле апавяданняў, падабраных у 1976 годзе, выразна па «сацыяльнай значнасці»,— веска пасля скасавання прыгону, шахцёры, муляры, лесарубы,— больш розуму, развагі i, ад гэтага, строгай сухаватасці.
А потым я пачаў учытвацца ў раскошу прозы аўтабіяграфічнай, «успамінальнай», як сёння ў нас часта i з кпінкай гаворыцца, апавяданні «Оловець», «Мій злочин», «У кузні», «У столярні»...
Веданне польскай i трохі нямецкай моў добра дапамагае мне знаходзіцца ў асяроддзі яго герояў, у стыхіі яго «галіцыйскай» украінскай мовы.
Такая дробязь: «Обійдеться циганське весілля без марцепанів» весела нагадала польскае, вастрэйшае: «Obejdzie się psie wesele i bez marcepanów».
...«Ha дні» i «Панталаха», два вялікія турэмныя апавяданні, гэта ўжо суровая, па-філасофску важкал проза, літаратура.
...Дачытаў тры апошнія ў томе — «До світла!», якое спачатку, непрачытанае, вынесенае ў загаловак кнігі, дарма здалося нібы плакатным, «В туремнім шпиталі» i «Будяки»,— i нават уголас падзякаваў аўтару, балазе быў адзін у пакоі.
А яшчэ ж у яго сорак дзевяць тамоў, на трох мовах — роднай, нямецкай i польскай,— з чаго я чытаў калісьці, у вясковым юнацтве, аповесць «Борислав сміеться», у Мінску бачыў на гастрольнай сцэне «Украдене щастя» са славутым Амвросіем Бучмай, з якім меў тады прыемнасць пазнаёміцца, пагутарыць з яшчэ двума сябрамі ў рэстаране, чытаў, вядома, вершы магутнага Каменяра, стаяў перад яго магілай, хадзіў па залах музея... Мала!.. I ўсё тое зроблена ім, у літаратуры i ў навуцы, толькі (думаецца сёння) за шэсцьдзесят гадоў жыцця, што i нягодамі было багата, i закончылася трагічна.
Чытаў недзе, што ён перапісваўся з Арэшчыхай. Таксама ж гэга не так сабе, не абы-што, як i дружба пані Элізы з нашым Францішкам Багушэвічам.
...Чытаю ў Івана Франка: «На споховастім бляшанім дасі». Праверыў у Грынчанкі: спохово, спухово, спуховато — з нахілам. Зноў нашы слоўнікт не памаглі, нават i тыя, дзе мясцовыя гаворкі. A ў роднай вёсцы i ў наваколлі слова гэтае жыве. Ці адкос дарожны папраўляючы, ці кроквы ладзячы, гаворыцца: «Бяры, браце, больш спахова». Хоць мы i не блізка ад Украіны.
* * *
Усе варыянты сааўтарстваў у нашых маладых, пра якія часта чытаецца i чуецца, гэта ўжо не літарагура, а гандаль ёю, пад нявінненькім покрывам неабходнасці выжыць.
* * *
У першым нумары абноўленай «Крыніцы» — многа i цікава пра Кірылу Тураўскага, ад якога i адхіляюся да запісу.
Рэлігійная дысцыпліна, «послушание» знізу даверху, падобная да дысцыпліны партыйнай: адмаўленне ад свабоды думак, уласнай волі, свайго сумлення.
Можна дадаць i пра жахлівую жорсткасць. Федарца, якога «выкрыў i пракляў» наш святы паэт, перад сцяццем галавы асляпілі, у яго вырвалі язык i адсеклі «правіцу»...