Выбрать главу

Зуёнак i Гілевіч удзячна гаварылі ў выступленнях пра. Вялюгіна — рэдактара паэзіі — іхняй i Іншых сяброў. Я гаварыў пра гэта таксама, дадаўшы, як некаторыя з калісьці маладых, увабраўшыся ў сілу, заплацілі настаўніку-сябру чорнай няўдзячнасцю, пра што ім сёння варта падумаць... Намёк мой, як мне пасля сказал i сёй-той, быў зразу меты.

...Забыўся пра яшчэ адно. Гаворачы мне пра тое, што рэдактарам яго першага зборніка быў Вялюгін, Гілевіч сказаў, што такая ўдзячнасць — назаўсёды.

А я расказаў яму, як у восемдзесят восьмым годзе ляжаў у адной бальнічнай палаце з Крапівой i быў амаль санітарам старому, нямогламу, сляпому i глухому, памятаючы, як ён выратаваў мяне прадмовай да першай кнігі. Танк i Лужанін параілі Крапіве падтрымаць мяне закрытай рэцэнзіяй, а пазней, яшчэ раз параілі даць рэцэнзію прадмовай. Ніл здзівіўся, што прадмова — з закрытай рэцэнзіі, а мне як быццам дзіўна стала i гэта, i тое, што я дагэтуль не напісаў пра такі двайны ўдар аўтарытэтам старэйшага таварыша па тым гордзіевым, забаронна-цэнзурным вузле, як! быў аблытаў, заціснуў мяне немагчымасцю друкавацца. Лынькоў пагаварыў у ЦК, a Крапіва секануў I дасек у выдавецтве. I сапраўды — такая ўдзячнасць назаўсёды.

...Увечары, не адкладаючы «на свежую галаву»: Ужо ж відаць, з кожным днём выразней, што хутка, хутка, a ўсё роўна ашукваеш сам сябе, нейкая сіла ў табе гаворыць: «Не я... Не я...» Ну, а што было б, калі б інакш — «хоць жывы ў зямлю лезь»?..

* * *

Нечакана, як гэта i бывае заўсёды, засмяяўся ў вячэрняй самоце, успомніўшы: «Барбарами добре отшмаровав, в Сибирь на поселение сослать...» Так памятаю, a ў Мікалая Васільевіча (праверыў) трошкі інакш: «...добре барбарами шмаровать и в Сибирь на каторгу заточить». Добра яно — пасля нялёгкага, што назбіралася ў душы, асвяжыць яе смехам. Толькі ж я i ў адзіноце сваёй смяяўся не адзін, а з братам Мішам, жыва ўспамінаючы наша юначае захапленне Гогалем.

Што да поўнай дакладнасці ў цытаванні з памяці калісьці i неаднойчы прачытанага. Неяк міжвольна i часта бывае ў мяне такое: інтэрпрэтуеш любімае на свой лад. Але ж — i гэта галоўнае — застаецца, жыве ў табе адчуванне радасці ад па-сапраўднаму смешнага, што i ўпершыню ўразіла цябе i потым неаднойчы паўтаралася,— такое глыбінна-натуральнае i незнішчальна свежае сваёю аздараўляючай сілай.

* * *

Вучоны друг, якога шчыра паважаю, на памінках па ягонай маме гаварыў, як яна, усё жыццё цярплівая,.маўкліва гераічная жонка «ворага народа», усё жыццё любіла людзей. Перад самым сваім, вельмі нялёгкім канцом казала сыну i нявестцы: «Я вас люблю». Тут штосьці ўзварушліва, светла дзіцячае — са старэча развітальным. «Я люблю цябе» — найбольшае, што можна даць, i «я не люблю цябе» — найбольшае пакаранне. Так у малых. Падобна i ў старых, нямогла-бездапаможных на адыходзе,— такое збліжэнне самага істотнага.

* * *

У мастацкім музеі ройна ды шумна ад малодшых школьнікаў. Пазнавальная экскурсія. Розных памераў карціны на ўсіх сценах, a пасярэдзіне залаў скульптуры, паасобныя i групамі, бюсты, бюсцікі. Усяго выразна густа i не разлічана на малечу.

Некалькі дзяўчынак, не вельмі стрымана шчабечучы, праходзілі каля апошняй перад выхадам з залы скульптурнай групы, i адна з ix не вытрымала — ткнула пальчыкам у мармуровабелую, акуратна стуленую «попу» нейкай старадаўняй, вечна маладой грацыі — на развітанне i з падзякай.

* * *

Кандыдат медыцынскіх навук выступае па радыё, ушчэнт запалохваючы слухачоў чарнобыльскай павальнай згубай для ўсіх i раячы, як ад гэтага ратавацца.

Да навуковага па модзе прымешваецца i рэлігійнае — карысць ад пастоў, са спажываннем «жывога соку» з яблыкаў-паданак, «цем боляя што цяпер, як у народзя гаварыцца, спасаўка». Можна i ў царкву схадзіць, кажа ён,— «эта тожа няшюха».

* * *

Адзін з шумнейшых актывістаў адраджэння, перад гэтым член кампартыі з самых ранніх па ўзросце, пасля заядлы праваслаўны, кажуць, ужо збіраецца пераходзіць ва уніяты.

I хочацца спытаць у яго: — A білеты ў вас таксама ж будуць? Бо ўсё роўна ж палітыка тут, разнавіднасць яе, не надта замаскаваная.

* * *

Валодзя Ахлап, сірата, вельмі рана пачаў гаспадарыць. Арэ падлетак, злуецца, лаецца на каняжыну, а пасля i на песню яго павяло:

Ой, палын, палын, зелле горкае, а мая доля яшчэ горшая...